Таццяна Мушынская | |
---|---|
Асабістыя звесткі | |
Дата нараджэння | 26 чэрвеня 1958 (65 гадоў) |
Месца нараджэння | |
Грамадзянства | Беларусь |
Бацька | Міхась Мушынскі |
Маці | Тамара Мушынская |
Дзеці | Ягор Аляксандравіч Марціновіч |
Альма-матар | |
Месца працы | |
Прафесійная дзейнасць | |
Род дзейнасці | |
Мова твораў | беларуская |
Грамадская дзейнасць | |
Член у |
Тацця́на Міха́йлаўна Мушы́нская (нар. 26 чэрвеня 1958, Мінск, Беларусь) — беларуская паэтэса, празаік, тэатральны крытык, журналістка, лібрэтыст. Піша на беларускай і рускай мовах. Найбольшую вядомасць[удакладніць] атрымала як лірычная паэтэса, а таксама як музычны крытык.
Біяграфія
Нарадзілася ў сям’і беларускага літаратуразнаўцы і крытыка Міхася Мушынскага і педагога Тамары Мушынскай. Скончыла з залатым медалем сярэднюю школу № 93. Адначасова вучылася ў музычнай школе, займалася ў народнай студыі класічнага танца мінскага Палаца прафсаюзаў у балерыны, народнай артысткі Беларусі Аляксандры Нікалаевай. Скончыла школу юных філосафаў пры Інстытуце філасофіі АН Беларусі. У сваёй аўтабіяграфіі прызнавалася, што школьныя гады прайшлі пад знакам чытання, засваення літаратуры — і беларускай, і рускай, і замежнай, сталі часам адкрыцця свету музыкі, тэатра, кіно[1].
У 1975 паступіла на факультэт журналістыкі БДУ. Пасля яго заканчэння працавала ў штотыднёвіку «Літаратура і мастацтва». Спачатку з’яўлялася супрацоўнікам аддзела выяўленчага мастацтва, потым узначальвала аддзел культуры. З 1991 года рэдактар аддзела музыкі часопіса «Мастацтва»[2]. У 2002—2003 адначасова з’яўлялася намеснікам галоўнага рэдактара — адказным сакратаром гэтага выдання. Прыняла актыўны ўдзел у аднаўленні выхаду часопіса «Мастацтва» пасля паўгадавога перапынку. У часопісе «Мастацтва» Таццяна Мушынская адпрацавала больш за 30 гадоў, звольнена ў траўні 2022 года.
Тэатральная крытыка
Дэбютавала ў перыядычным друку ў 1975. У 1976 у штотыднёвіку «Літаратура і мастацтва» з’явілася яе першая рэцэнзія, прысвечаная балерыне Людміле Бржазоўскай[3]. У далейшым менавіта балет стаў асноўнай сферай інтарэсаў Т. Мушынскай, якая надрукавала больш 500 артыкулаў па харэаграфіі, музыцы, тэатры.
Выдала пяць кніг крытыкі, прысвечаных беларускаму балету. У «Гармонии дуэта» (1987) аналізуюцца вядучыя партыі народных артыстаў Беларусі Людмілы Бржазоўскай і Юрыя Траяна. «Гаркавы смак ісціны» (1993) ўяўляе творчыя партрэты вядучых беларускіх танцоўшчыкаў 1980-х — пачатку 1990-х. У буклеце «Жарсці» («Рагнеда», 1997) даецца аналіз аднайменнага балета Валянціна Елізар’ева, спектакля, адзначанага міжнароднай прэміяй «Бенуа дэ ля данс» (1996). Альбом «Валянцін Елізар’еў» (1997), тэксты якога прадстаўлены паралельна на беларускай, рускай і англійскай мовах, прысвечаны асобе буйнейшага беларускага харэографа; другое, дапоўненае выданне таго ж альбома (2003) фактычна стала новай кнігай.
Па стыпендыі Інстытута польскай культуры ў Парыжы стажыравалася ў Польшчы (Варшава, Кракаў[4]) як балетны крытык і лібрэтыст. Артыкулы Т. Мушынскай друкаваліся ў рускіх[5][6][7][8], украінскіх[9] і польскіх[10][11] выданнях.
У літаратурным запісе Т. Мушынскай выйшла кніга ўспамінаў народнай артысткі Беларусі, вядучай актрысы Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Максіма Горкага Ганны Абуховіч «Полвека на сцене» (1987).
Проза і вершы для дзяцей
Як прызнавалася Таццяна Мушынская, першыя казкі яна пачала сачыняць для ўласных дзяцей, прычым яны з’яўляліся іх галоўнымі героямі. «Сачыняла я тыя гісторыі з практычнай мэтай, часам для ўласнага, часам для іх задавальнення. Але мае маленькія наіўныя слухачы ўспрымалі прыдуманыя гісторыі з такой цікавасцю і так горача патрабавалі працягу, што ў пэўны момант прыйшла думка: а чаму б не прапанаваць гэтыя невялікія аповяды і казкі выданням для дзяцей?»[12].
Таццянай Мушынскай выдадзены зборнікі апавяданняў і казак «Віця Неслух у краіне мурашоў» (1995), «Свята печанай бульбы» (2003), «Вожыкі ў футбол гуляюць» (2008), зборнікі вершаў «Хто ў лесе самы смелы» (2015) і «Калі тата — Дзед Мароз» (2000). На апошні зборнік станоўча адгукнуўся пісьменнік Андрэй Федарэнка, які адзначыў, што сваёй творчасцю аўтар перанесла мяне ў дзяцінства. Так можа пісаць толькі чалавек, які ведае і, галоўнае, вельмі любіць і дзяцей, і дарослых, і навакольную прыроду, і само Жыццё з вялікай літары"[13].
Шматлікія апавяданні і казкі друкаваліся ў многіх газетах і часопісах для дзяцей, зборніках, прагучалі на Беларускім радыё ў інтэрпрэтацыі артыстаў Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы народнага артыста СССР Віктара Тарасава, народных артыстак Беларусі Ліліі Давідовіч і Марыі Захарэвіч і інш.
Проза для дарослых
У сярэдзіне 1990-х Таццяна Мушынская звярнулася да прозы, адрасаванай дарослай аўдыторыі. У гэты час ствараецца яе своеасаблівая трылогія пра жыццё беларускай творчай інтэлігенцыі: аповесці «Доўгае развітанне», «Апошняе каханне Дон Жуана» і «Джульета і экстрасэнс». Напісанне празаічных тэкстаў пісьменніца тлумачыла імкненнем засвоіць больш буйныя жанры, чым раней, і звярнуцца да іншай, больш дарослай аўдыторыі.[14].
У 1997 годзе выйшла кніга прозы «Доўгае развітанне», у 2013-м — «Джульета і экстрасэнс». Пазней зборнікі прозы «Сад маіх успамінаў» (2016) і «Дыханне ранняй восені» (2018). У прадмове да першай кнігі пісьменнік Генрых Далідовіч адзначаў, што ў прозе Таццяны Мушынскай «няма ніякіх стэрэатыпаў ці празмернай навукі, гэта — натуральная сучасная, гарадская проза». А яе аўтар «сказала тое пра жанчыну (дачку, жонку, маці, спявачку, якая зведала, што такое хадзіць па зямлі і лётаць у мастацкай прасторы, што такое каханне і чалавечы эгаізм, а то і здрада), што нам, мужчынам, шмат сказаць проста не па сілах…»[15]. Апавяданні і мініяцюры Таццяны Мушынскай друкаваліся ў беларускай перыёдыцы.
Паэзія
Мабыць, найбольшага прызнання Т. Мушынская дасягнула як яркая лірычная паэтэса. Як яна прызнавалася ў сваёй аўтабіяграфіі, пісала вершы «і ў школе, і ў студэнцкія гады». Але да публікацыі яе падштурхнуў нечаканы грамадскі рэзананс, які мела проза[16]. Паэтэса апублікавала чатыры зборнікі вершаў: «Я вандрую ў стагоддзях» (1998), «Рабро Адама» (1999), «Сны кахання» (2006), «Души ожидание. Стихи о любви» (2006). Вершы паэтэсы перакладзеныя на рускую, украінскую і англійскую мовы.
Супрацоўніцтва з кампазітарамі
Значная колькасць вершаў Т. Мушынскай пакладзена на музыку прафесійнымі беларускімі кампазітарамі (Алена Атрашкевіч, Аліна Безенсон[4], Марына Марозава[4] і інш.). Сярод 100[4] музычных твораў — рамансы і вакальныя цыклы, песні для дзяцей і дарослых, хары і харавыя цыклы, музычны перформанс «Мора», вакальна-сімфанічная паэма «Кахаю…», камічная кантата «Рэпетыцыя хору»[17][18].
Творчыя вечары
Пачынаючы з 2003, у Мінску штогод ладзяцца творчыя паэтычна-музычныя вечары паэтэсы, на якіх гучаць папулярныя рамансы, песні, дуэты, напісаныя беларускімі кампазітарамі на тэксты Таццяны Мушынскай, а таксама яе ўласныя вершы. Дзве першыя вечарыны адбыліся ў Мінску ў камернай зале Беларускай дзяржаўнай філармоніі: «Твой самы кароткі шлях — да мяне…» (2003, кастрычнік), «Кахаю…» (2004, кастрычнік). Вечарына «Свет несказанный» (2005, кастрычнік) была прэзентаваная ў малой зале філармоніі. Праграма «Сны кахання» (2006) прайшла ў вялікай зале Беларускай дзяржаўнай філармоніі з удзелам салістаў і хору Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Рэспублікі Беларусь. Наступныя дзве вечарыны прэзентаваліся ў афішы опернага тэатра ў межах цыклу «Беларуская опера прадстаўляе…»: «Калі пачуцці — як полымя…» (2007, лістапад) і «Споведзь жанчыны» (2008, лістапад). Праект, «Я вандрую ў стагоддзях…» (2009, люты) быў паказаны ў вялікай зале Беларускай дзяржаўнай філармоніі.
Апошнія па часе вечары прайшлі ў 2010 годзе: «Кахаю» (у Магілёве) і «Я тебе подарю весь Париж!» (у Мінску на сцэне тэатра оперы і балета Рэспублікі Беларусь).
Драматургія, лібрэта, сцэнарыі
Апроч паэзіі, прозы, музычнай крытыкі Таццяна Мушынская актыўна спрабуе сябе як драматург, лібрэтыст і сцэнарыст.
Для драматычнага тэатра ёю напісаны п’есы «Паўліна Мядзёлка», прысвечаная асобы першай выканаўцы ролі Паўлінкі, каханай класіка беларускай літаратуры Янкі Купалы, «Мая дарагая Джульета», «Чалавек, які купляе час», «Чайковский. Версия», якая ўзнаўляе ўзаемаадносіны кампазітара Пятра Чайкоўскага і Надзеі фон Мек.
Для дзіцячага тэатра створаны п’есы «Прыгоды парсючка Лычыка», «Калі прыляцелі іншапланецяне», «Падарожжа ў краіне мурашоў», «Прыгоды аднаго фантазёра». П’еса «Калі прыляцелі іншапланецяне» атрымала ў 2009 годзе заахвочвальную прэмію на Рэспубліканскім конкурсе п’ес для дзяцей і юнацтва «Планета дзяцей».
Таццянай Мушынскай таксама напісаны лібрэта гістарычных балетаў «Барбара Радзівіл», якая распавядае пра ўзнёслае і трагічнае каханне вялікага князя літоўскага Жыгімонта Аўгуста і арыстакраткі Барбары Радзівіл; «Апошні кароль», прысвечаная асобе апошняга караля Рэчы Паспалітай Станіслава Аўгуста Панятоўскага; «Саламея», у цэнтры якога лёс жанчыны-лекаркі, вандроўніцы і авантурысткі 18 ст. Саламеі Пільштыновай.
На аснове лібрэта Т. Мушынскай кампазітарам Валерыем Карэтнікавым напісаны балет «Дзюймовачка»[19], кампазітар Андрэй Мдзівані стварыў аднаактовую оперу «Дырэктар тэатра»[20]. На аснове лібрэта Т. Мушынскай кампазітар Марына Марозава напісала оперу «Доктар Айбаліт», прэм’ера якой адбылася 4 кастрычніка 2015 года ў Нацыянальным тэатры оперы і балета[21].
Таццяна Мушынская з’яўляецца аўтарам сцэнарыя фільма «А калі я не вырасту?», створанага сумесна з кампазітарам Валерыем Карэтнікавым і навучэнцамі Рэспубліканскай гімназіі-каледжа пры Беларускай акадэміі музыкі. Фільм быў зняты ў межах міжнароднага праекта «Раскажы мне, воблака…», арганізаванага французскай асацыяцыяй «Спадчына без межаў» і аддзелам культуры Брагінскага райвыканкама Гомельскай вобласці. Дзецям розных краін і гарадоў свету было прапанавана скласці і праілюстраваць казку, галоўным героем якой з’яўляецца чарнобыльская хмара. Дзеці складалі казку, а потым станавіліся героямі фільма, які яе зафіксаваў. У Беларусі было створана 24 фільма-казкі, а ў свеце — 52.
На міжнародным кінафестывалі казак «Раскажы мне, воблака…», які адбыўся 5-10 чэрвеня 2007 года ў Мінску і Брагіне міжнароднае журы на чале з вядомым французскім кінарэжысёрам Аленам Флешэрам назвала фільм «А калі я не вырасту?» ў ліку аднаго з пяці пераможцаў[22].
Ацэнка і значэнне творчасці
Кандыдат філалагічных навук, крытык Любоў Гарэлік пісала ў энцыклапедычным даведніку «Сучасная Беларусь»:
«Зважаючы на спецыфічную блізкасць лірычнай паэзіі да музыкі, нямецкі філосаф Ф. В. Шэлінг тым самым падкрэсліваў суб’ектыўнасць лірычнага перажывання як выяўленне разняволенасці духу асобы. Што да сучаснай беларускай паэзіі, то яе непасрэдная сувязь з музыкай асабліва адчувальная ў вытанчанасці і рамантычнай узвышанасці, камернасці і рамансавай агучанасці лірычных перажыванняў (у кнігах Л. Дранько-Майсюка „Стомленасць Парыжам“, Т. Мушынскай „Я вандрую ў стагоддзях“ і „Рабро Адама“ і інш.) Красамоўным сведчаннем пошукаў мастацкага самавыяўлення на памежжа слова і музыкі з’яўляецца найперш непаўторнасць паэтыкі, стылю, выкарыстанне адпаведнай тэрміналогіі, нават назвы такіх вершаваных цыклаў Т.Мушынскай, як „Ветру сімфонія“, „Скрыпка і смык“, „Водар акацыі белай“. Адзін з вершаў, прысвечанае кампазітару Галіне Гарэлавай, мае назву „Канцэрт для фартэпіяна і дажджу“.»[23]
Доктар філалагічных навук, крытык Алесь Бельскі ў акадэмічнай «Гісторыі беларускай літаратуры ХХ стагоддзя» адзначае, што «апошнія 15 гадоў былі спрыяльнымі, як ніколі раней, для творчай самарэалізацыі асобы», і разглядае асобу Таццяны Мушынскай у кантэксце развіцця паэтаў, якія прыйшлі «ў літаратуру некалькі запознена». Бельскі сцвярджае, што гэтыя аўтары адчувалі «ўнутранае … пакліканне», а іх творчасць «прыкметна ўлілася ў рэчышча сучаснай паэзіі. Станаўленне гэтых паэтаў адбывалася інтэнсіўна, (…) вельмі своеасабліва».[24].
Музыказнаўца Вольга Брылон, адзначала ў адной са сваіх рэцэнзій:
«Паэзія Таццяны Мушынскай далікатная і тонкая, адухоўленая ўнутраным святлом. Багатая вобразнымі метафарамі, яна ўтрымлівае ў сабе і своеасаблівы музычны код. І справа тут, напэўна, не толькі ў тым, што Таццяна выдатна разбіраецца ў музыцы і шмат гадоў працуе ў жанры музычнай і балетнай крытыкі. Проста яе вершы надзвычай спрыяльныя для музычнага ўвасаблення і вельмі сугучныя вызначаным музычным выявам»[25].
Кандыдат філалагічных навук, крытык Зміцер Санюк так ацэньваў зборнік «Сны кахання»:
«Зборнік паэзіі „Сны кахання“ (2006) Таццяны Мушынскай вылучаецца сярод іншых свежасцю і арыгінальнасцю пачуцця. Нездарма аўтар выбірае эпіграфам да сваёй новай кнігі радкі з шэкспіраўскай „Буры“ (…). Паэтэса звяртае свой погляд на вечную загадкавасць кахання, яго (…) летуценнасць і адначасова ўвасабленне яе як жаданай рэальнасці. (…). Каханне становіцца вабнай мрояй, якая мае глыбокую ўнутраную сілу для быцця чалавека. У ідэальным вымярэнні каханне валодае каласальнай энергетыкай; часам яно кардынальна змяняе чалавека ў той ці іншы бок. І гэта самае вялікае пачуццё на зямлі, калі яно адухоўлена (не толькі існуе ў пачуццёва-цялесных формах) і з’яўляецца сапраўднай, чароўна ўраўнаважанай сутнасцю. Гэта ўжо новая генерацыя „Чалавека, які Кахае, які думае Каханнем“.»[26].
Прызнанне
- Член Саюза журналістаў Беларусі (з 1984)[27],
- Член Саюза пісьменнікаў Беларусі (з 2000)[27],
- Лаўрэат прэмій рэспубліканскіх часопісаў «Беларусь», «Маладосць», «Беларуская думка»[27].
- Дыпламант Камісіі Рэспублікі Беларусь па справах ЮНЕСКА «За пашырэнне ведаў пра тэатр Беларусі» (2008)[27].
- Пераможца трэцяй Нацыянальнай музычнай прэміі ў намінацыі «Лепшы журналіст (музычны крытык)» (2013)[28]
Бібліяграфія
- Обухович А. «Полвека на сцене» (1987) — літаратурны запіс на рускай мове
- «Гармония дуэта» (1987) — на рускай мове
- «Гаркавы смак ісціны» (1993)
- «Віця Неслух у краіне мурашоў» (1995)
- «Доўгае развітанне» (1997)
- «Жарсці» («Рагнеда», 1997) — паралельна на беларускай, рускай і англійскай мовах
- Валентин Елизарьев = Valentin Yelizariev = Валянцін Елізар’еў. — Мінск: Беларусь, 1997. — ISBN 985-01-0222-5. — паралельна на беларускай, рускай і англійскай мовах
- «Я вандрую ў стагоддзях» (1998)
- «Рабро Адама» (1999)
- «Калі тата — Дзед Мароз» (2000)
- «Свята печанай бульбы» (2003)
- Валентин Елизарьев = Valentin Yelizariev = Валянцін Елізар’еў. — Мінск: Беларусь, 2003. — 191,[1] с. — ISBN 985-01-0238-1. — паралельна на беларускай, рускай і англійскай мовах
- «Сны кахання» (2006)
- «Души ожидание. Стихи о любви» (2006) — на рускай мове
- Вожыкі ў футбол гуляюць : Вершы, апавяданні, казкі / мастак Галіна Хінка-Янушкевіч. — Мінск: Літаратура і Мастацтва, 2008. — 136 с.: іл. — ISBN 978-985-6720-43-0.
- Джульета і экстрасэнс : аповесці, апавяданні, абразкі, мініяцюры. — Мінск: Мастацкая літаратура,— 2013. — 367 с. — ISBN 978-985-02-1497-3.
- Хто ў лесе самы смелы : Вершы / мастак Галіна Хінка-Янушкевіч. — Мінск: Звязда, 2015. — 96 с.: іл. — ISBN 978-985-575-050-6.
- Сад маіх успамінаў : проза, паэзія, падарожныя нататкі. — Мінск: Чатыры чвэрці, 2016. — 268 с.: іл. — (Бібліятэка Саюза пісьменнікаў Беларусі). — ISBN 978-985-7103-51-5.
- Мак таўклі камары: Вершы / мастак Крысціна Баранава. — Мінск: Мастацкая літаратура,— 2017. — 24 с. — ISBN 978-985-02-1807-0.
- Дыханне ранняй восені : аповесць, апавяданні, абразкі, мініяцюры, эсе, падарожныя нататкі. — Мінск: Беларусь, 2018. — 255 с. — ISBN 978-985-01-1249-1.
Дыскаграфія
- «Исповедь женщины. Романсы Марины Морозовой исполняет Наталья Руднева». — Мінск: Каўчэг, 2001 (на дыску. у тым ліку, прадстаўлены шэсць рамансаў на словы Таццяны Мушынскай).
- «Тихо музыка в дом мой вошла». Рамансы Марыны Марозавай на вершы Таццяны Мушынскай выконвае Наталля Руднева. — Мінск: Каўчэг, 2003.
- «Глазастая бессонница. Романсы Марины Морозовой исполняет Марина Филиппова». — Мінск: Каўчэг, 2004 (на дыску, у тым ліку, прадстаўлены восем рамансаў на словы Таццяны Мушынскай).
- «Дарагая мая мама… Песні на вершы Таццяны Мушынскай». — Мінск: Каўчэг, 2006.
Зноскі
- ↑ Мушынская Т. У самых розных жанрах // З росных сцяжын: зборнік аўтабіяграфій пісьменнікаў Беларусі. — Мінск, 2009. С. 270.
- ↑ Исполнителей «Маладзічка» будут «судить» Олег Елисеенков и Петр Елфимов (руск.)
- ↑ Мушынская Т. Гэтая трапяткая Жызэль // Літаратура і мастацтва. 1976. 16 красавіка
- 1 2 3 4 25 ЛЕТ В БЕЛОРУССКОМ ИСКУССТВЕ Архівавана 27 студзеня 2012.
- ↑ Александре Николаевой — 75 // Советский балет. 1982. № 2.
- ↑ Империя балета. Валентину Елизарьеву — 50 // Культура. 1997. 13 ноября.
- ↑ «Во сне или наяву увижу будущий танец…» // Культура. 1998. № 12. 12 ноября.
- ↑ Как Атлантида — из глубины моря… // «Балет». 2008. № 4.
- ↑ Молодь у білоруському балеті. З білорускоі переклав Олександр Палійчук. Гроно. Літературно-мистецький збірнік. Випуск 3. 1989. — Київ. Молодь. С. 160—168.
- ↑ Teatr tanca Walenciny Hayawoj. Kultura. 1997. 19 — 21.05.
- ↑ Balet bialoruski: na przekor tendencjom destrukcynym. Borussia. 1997. Olsztyn. № 15. С. 26 — 29.
- ↑ Мушынская Т. У самых розных жанрах // З росных сцяжын: зборнік аўтабіяграфій пісьменнікаў Беларусі. — Мінск, 2009. С. 274
- ↑ Федарэнка А. Рэцэнзія // Кніжны свет. 2001. Снежань. № 12
- ↑ Мушынская Т. У самых розных жанрах // З росных сцяжын: зборнік аўтабіяграфій пісьменнікаў Беларусі. — Мінск, 2009. С. 275
- ↑ Далідовіч Г. Прадмова // Мушынская Т. Доўгае развітанне. Мінск, 1997.
- ↑ Мушынская Т. У самых розных жанрах // З росных сцяжын: зборнік аўтабіяграфій пісьменнікаў Беларусі. Мінск, 2009. С. 277.
- ↑ Юбилейный вечер Архівавана 16 сакавіка 2012. (руск.)
- ↑ Музыкальный проект поэтессы Татьяны Мушинской станет вечером премьер(недаступная спасылка) (руск.)
- ↑ http://www.tam.boot.by/index.html
- ↑ Мушынская Т. У самых розных жанрах // З росных сцяжын: зборнік аўтабіяграфій пісьменнікаў Беларусі. — Мінск, 2009. С. 281.
- ↑ Дзіцячая опера: што «Доктар…» прапісаў?
- ↑ http://www.tam.boot.by/news2007.html Архівавана 27 студзеня 2012.
- ↑ Сучасная Беларусь: Энцыклапедычны даведнік у 3 т. Т. 3. Культура і мастацтва. — Мінск, 2007. С.111.
- ↑ Гісторыя беларускай літаратуры ХХ стагоддзя ў 4 т. Т. 4. Кн. 2. 1986—2000. — Мінск, 2003. С. 46.
- ↑ Брылон В. Вечар прэм’ер // Мастацтва. 2003. № 12.
- ↑ Санюк Д. Чалавек, які кахае // Літаратура і мастацтва. 2007. 21 верасня.
- 1 2 3 4 25 ЛЕТ В БЕЛОРУССКОМ ИСКУССТВЕ
- ↑ http://www.ctv.by/novosti-minska-i-minskoy-oblasti/nazvany-pobediteli-nacionalnoy-muzykalnoy-premii-2013-goda Архівавана 2 мая 2014.