Горад
| ||||||||||||||
Тартус (араб.: طرطوس) — другі па велічыні партовы горад у Сірыі пасля Латакіі, адміністрацыйны цэнтр мухафазы Тартус.
На латыні горад зваўся Антарадус (Antaradus), крыжакі яго звалі Антартус (Antartus) або Тартоса (Tortosa).
Геаграфія
Тартус размешчаны за 220 км на паўночны захад ад Дамаска і менш чым у гадзіне язды на поўдзень ад Латакіі. Адлегласць да мяжы з Ліванам — 25 км. У порце Тартуса размяшчалася савецкая, а ў наш час знаходзіцца расійская ваенна-марская база ў Сірыі.
Клімат
Клімат у Тартусе — субтрапічны, міжземнаморскі. Тэмпература паветра ўлетку 30-35 °C, узімку тэмпература можа апускацца да 5-10 °C, а часам — да нуля. Сярэднегадавая колькасць ападкаў — 1000 мм.
Гісторыя
З часоў фінікійцаў у Тартусе захавалася зусім мала развалін — у тыя часы нашмат буйнейшым і важнейшым было суседняе паселішча на Арвадзе — адзіным востраве на Міжземным моры, якія належыць Сірыі.
Горад быў упадабаны імператарам Канстанцінам з-за таго, што насельніцтва Тартуса ўшаноўвала Дзеву Марыю. Лічыцца, што першая капліца ў яе гонар была пабудавана ў Тартусе ў III стагоддзі. Праз два стагоддзі землетрасенне разбурыла капліцу, але цудам ацалеў алтар. Царква Маці Божай Тартускай была пабудавана ў гонар гэтай падзеі крыжакамі ў 1123. У гэтай царкве і захоўваецца старажытны алтар, паглядзець на які прыходзяць паломнікі з усяго свету. Пасля адваявання мусульманамі горада, царква выкарыстоўвалася як мячэць, а ў асманскі перыяд — як казармы. Пры французскім кіраванні будынак быў адрэстаўраваны і цяпер у ім размешчаны музей.
Адзін час Тартус знаходзіўся пад кантролем тампліераў, якія ўдасканалілі абарончыя збудаванні ў горадзе і на востраве Арвад. Саладзін адваяваў наваколлі горада ў тампліераў у 1188, а самі тампліеры наглуха закрыліся ў горадзе. Тым не менш, Тартус заставаўся пад кантролем тампліераў да 1291, калі яны беглі на Арвад, дзе яшчэ засталіся на 10 гадоў.
Гістарычны цэнтр Тартуса складаецца з больш сучасных будынкаў, пабудаваных на сценах і ўнутры сцен крэпасці часоў крыжакоў, роў ад якой дагэтуль падзяляе стары і новы горад. Унутры крэпасці захавалася некалькі гістарычных помнікаў.
Расійская ваенная база
У Тартусе размяшчаецца адзіны за межамі былога СССР расійскі пункт матэрыяльна-тэхнічнага забеспячэння ВМФ РФ[1], у якім могуць абслугоўвацца расійскія баявыя караблі ў Міжземным моры. Ваенная база існуе з 1971 года. База ў Тартусе стваралася для забеспячэння дзеянняў флоту ў Міжземным моры — рамонту караблёў, забеспячэння іх палівам і расходнымі матэрыяламі. Пункт матэрыяльна-тэхнічнага забеспячэння ў Тартусе складаецца з плывучых прычалаў ПМ-61М, плыўмайстэрні (змяняецца кожныя шэсць месяцаў), сховішчаў, казармамў і розных гаспадарчых аб'ектаў. Аб'ект абслугоўваюць 50 расійскіх ваенных маракоў[2].
Зноскі
Літаратура
- Густерин П. В. Города Арабского Востока. — М.: Восток—Запад, 2007. — 352 с. — (Энциклопедический справочник). — 2000 экз. — ISBN 978-5-478-00729-4