Такфарынат (лац.: Tacfarinas; памёр у 24 годзе) — правадыр паўстання супраць рымлян у правінцыі Афрыка.

Паводле паходжання нумідыец, быў салдатам рымскай арміі, служыў у дапаможных войсках, дэзертыраваў. Быў правадыром племя мусуламіяў. У 17 годзе падняў паўстанне супраць Рыма. Да яго далучыліся правадыры некаторых іншых плямёнаў, а таксама мясцовыя беднякі. Такфарынат імкнуўся арганізаваць сваю армію на рымскі манер, пры гэтым выкарыстоўваючы тактыку партызанскай вайны, нападаючы на невялікія ўмацаванні рымлян і асобныя атрады.

Рымскія палкаводцы тройчы атрымлівалі перамогі над Такфарынатам (у 18 годзе — Фурый Каміл, у 20 — Луцый Апроній, у 22 — Квінт Юній Блез), але ён адступаў у пустыню, дзе зноў збіраў прыхільнікаў і аднаўляў вайну. У 24 годзе Публій Карнелій Далабела акружыў войскі Такфарыната каля Аўзеі. Калі бітва была прайграна, Такфарынат кінуўся на свой меч.

Зноскі

    Спасылкі

    This article is issued from Wikipedia. The text is licensed under Creative Commons - Attribution - Sharealike. Additional terms may apply for the media files.