Тадж-Маха́л[1] (хіндзі: ताज महल) — маўзалей-мячэць, змешчаны ў Агры, Індыя, на беразе рацэ Ямуна (архітэктары, верагодна, Устад-Іса і інш.). Пабудаваны па загадзе імператара Вялікіх Маголаў Шах-Джахана ў памяць аб жонцы Мумтаз-Махал, памерлай пры родах (пазней тут быў пахаваны і сам Шах-Джахан).
Усярэдзіне маўзалея размешчаныя дзве магільні — шаха і яго жонкі. На самай справе, месца іх пахавання знаходзіцца там жа, дзе і магільні, але пад зямлёй. Час будаўніцтва адносяць прыкладна да 1630—1652. Тадж-Махал уяўляе сабой пяцікупальны будынак вышынёй 74 м на платформе, з 4 мінарэтамі па кутах (яны злёгку нахіленыя ў бок ад магільнага склепа для таго, каб у выпадку разбурэння не пашкодзіць яго), да якога прымыкае сад з фантанамі і басейнам.
Сцены выкладзеныя з паліраванага паўпразрыстага мармуру з інкрустацыяй з самацветаў. Былі выкарыстаныя біруза, агат, малахіт, сердалік і інш. Мармур мае такую асаблівасць, што пры яркім дзённым святле ён выглядае белым, на світанку ён выглядае ружовым, а ў месяцавую ноч серабрыстым.
На будаўніцтва комплексу было запрошана больш за 20 000 майстроў са ўсіх канцоў імперыі, а таксама майстры Сярэдняй Азіі, Персіі і Блізкага Усходу. На другім беразе ракі павінен быў размяшчацца будынак-блізнюк з чорнага мармуру, але ён не быў пабудаваны. Злучаць гэтыя два будынкі павінен быў мост з шэрага мармуру.
Маўзалей мае шматлікія сімвалы, схаваныя ў яго архітэктуры і планіроўцы. Так, напрыклад, на варотах, праз якія заходзяць наведвальнікі Тадж-Махала ў паркавы комплекс, навакольны маўзалей, высечана вытрымка з Карана, звернутая да праведнікаў і завершаная словамі «увайдзі ў мой рай». Улічваючы, што на мове маголаў таго часу слова «рай» і «сад» пішуцца аднолькава, можна зразумець задуму Шаха-Джахана — пабудова рая і змяшчэнне ў яго межы сваёй любімай.
З левага боку ад магільнага склепа знаходзіцца мячэць з чырвонага пясчаніку. Справа — дакладная копія мячэці. Увесь комплекс мае восевую сіметрыю. Магільны склеп мае цэнтральную сіметрыю адносна магільні Мумтаз-Махал. Адзіным парушэннем гэтай сіметрыі з’яўляецца магільня Шах-Джахана, якую збудавалі там пасля яго смерці.
Зноскі
Літаратура
- Шунейка Я. Ф. Тадж-Маха́л // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 15: Следавікі — Трыо / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2002. — Т. 15. — С. 375. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0251-2 (т. 15).
- Тадж-Маха́л // Т. 25. Струнино — Тихорецк. — М. : Советская энциклопедия, 1976. — С. 198. — (Большая советская энциклопедия : [в 30 т.] / гл. ред. А. М. Прохоров; 1969—1978). (руск.)
Спасылкі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА, аб’ект № 252 рус. • англ. • фр. |
- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Тадж-Махал
- Дасье // Культура / Помнікі / Тадж-Махал
- Фатаграфіі Тадж-Махала