ТВТ | |
---|---|
ТВТ | |
| |
Жанр | аповесць |
Аўтар | Янка Маўр |
Мова арыгінала | беларуская |
Дата напісання | 1934 |
Электронная версія |
ТВТ (поўная назва Таварыства Ваяўнічых Тэхнікаў) — аповесць Янкі Маўра пра тое, як савецкія школьнікі ўзбунтаваліся супраць уціску рэчаў і стварылі арганізацыю, што аб’яднала іх памкненні адолець бытавыя турботы сваімі рукамі.
Сюжэт
У вучняў пятага класа школы № 11 адбываецца шэраг бытавых непрыемнасцяў: у Ніны з падэшвы чаравіка вытыркнуўся цвік, яе брат Толя зламаў крэсла, Андрэйка згубіў ключ ад замка і быў вымушаны цэлую ноч вартаваць парсючка, адключэнне электрычнасці ў доме Паўліка пацягнула за сабой навалу трагічных бытавых падзей, Клава ж даламала расхістаную патэльню. Мала таго, што нягоды абрынуліся на піянераў адначасова, дык яшчэ і аказалася, што вырашыць кожную з іх можна было хутка, проста і, галоўнае, уласнымі рукамі. «Ды гэта ж я і сам мог бы зрабіць!» — памармытаў Андрэйка, прыблізна гэтак жа адрэагавалі ўсе астатнія. Дарэчы, Клава-такі адрамантавала патэльню сама, дакладней, пры дапамозе студэнта рамеснага вучылішча Лёні, такім чынам першай здзівіўшы свет.
Праз некаторы час Паўлік распавёў аб сваіх нягодах на нарадзе піянерскага звяна, сдэтанаваўшы цэлую лавіну такіх жа горкіх расповедаў. Тады пяцікласнікі ўцямілі, што «мы жывём у палоне рэчаў», і вырашылі стварыць Таварыства Ваяўнічых Тэхнікаў — гурток, у якім кожны будзе змагаром з бытавымі хібамі, памылкамі, паломкамі. Тады ж быў напісаны статут ТВТ. За кожную добрую справу ўдзельнік таварыства атрымліваў ачко, што нагадвала сацыялістычнае спаборніцтва. Разгарнуліся дэбаты: ці ўсялякая добрая справа павінна ўзнагароджвацца ачком — напрыклад, паднятая крэйда? Было вырашана, што амаль усялякая. З усіх ТВТ-этаўцаў найбольшую колькасць ачкоў набраў Бора Цыбук.
На першым этапе існавання арганізацыі піянеры рабілі добрыя справы дома і здзіўлялі сваіх бацькоў і суседзяў. Неўзабаве іх дзейнасць перакінулася на вуліцы горада і на школу, і пра існаванне ТВТ дазналіся важаты, географ і дырэктар школы. Яны ўхвалілі справу дзяцей, прапанавалі зрабіць рух больш шырокім і ўнеслі папраўкі ў статут. Выйшаўшая з ценю арганізацыя набыла папулярнасць ў школе, а далей падобныя таварыствы пачалі стварацца ў іншых школах горада ды ў многіх гарадах рэспублікі. Масавасць прынесла айцам-заснавальнікам і некаторае засмучэнне: выходзіла так, што многія дзеці, нагуляўшыся ў «ачкі», закідвалі арганізацыю і знаходзілі сабе новыя гульні. Гэта было так, але праўдай было і тое, што членства ў ТВТ вучыла дзяцей глядзець на свет новымі вачыма, а гэтыя навыкі ўжо нікуды не знікалі. Тое, што былых ТВТ-этаўцаў не бывае, даказаў вопыт з пакладзеным пасярод дарогі камянём, праведзены пад кіраўніцтвам важатага: ўсе былыя ТВТ-этаўцы, уключаючы гарэз і прайдзісветаў, адносілі камень на ўзбочыну.
Апошняя (дадатковая) глава была напісана праз 15 гадоў. Аўтар прыехаў карэспандэнтам на нейкую будоўлю, дзе сустрэўся з Цыбуком — самым прагным да ачкоў герояў сваёй аповесці. Барыс прайшоў вайну і стаў выдатным інжынерам, захаваў ТВТ-этаўскія ідэалы і кніжку пра сябе — «ТВТ».
Крытыка
Аповесць была вельмі цёпла прынята чытачамі і горача ўхвалена пісьменніцкім асяроддзем СССР. Перакласці яе як мага хутчэй на рускую мову прасіў сам Максім Горкі. У многіх школах Савецкага Саюза сталі стварацца свае ТВТ, аднак органы прыціснулі гэтую ініцыятыву, маўляў, такой пазапланавай арганізацыі нам не трэба.[1]
Зноскі
Спасылкі
- ТВТ на «Беларускай Палічцы» (бел.)