Сяргей Шупа | |
---|---|
Род дзейнасці | перакладчык, журналіст, грамадскі дзеяч, філолаг |
Дата нараджэння | 2 кастрычніка 1961 (62 гады) |
Месца нараджэння | |
Грамадзянства | |
Месца працы | |
Альма-матар | |
Член у | |
Узнагароды і прэміі |
Сяргей Шупа (нар. 2 кастрычніка 1961[1], Мінск[1][2]) — беларускі перакладчык, журналіст і грамадскі дзеяч.
Біяграфія
Скончыў перакладчыцкі факультэт Мінскага дзяржаўнага педагагічнага інстытуту замежных моў (1983, перакладчык французскай мовы)[1][2]. Пасля службы ва Узброеных Сілах СССР (1983—1985) 2 гады вучыўся ў аспірантуры Інстытута мовазнаўства імя Я. Коласа АН БССР (1985—1987)[1]. Працаваў рэдактарам выдавецтва «Мастацкая літаратура» (1987—1991)[1][2], быў навуковым супрацоўнікам Нацыянальнага навукова-асветніцкага цэнтра імя Ф. Скарыны (1991)[1][2].
З 1991 года ўдзельнічаў у выданні газеты «Наша ніва» ў Вільнюсе[1][2]. Працаваў перакладчыкам, рэдактарам[2]. З 1995 года вучыўся 1 год у дактарантуры (адпавядае аспірантуры ў Беларусі) Вільнюскага ўніверсітэта, тэма дысертацыі — «Тэксталогія біблейскіх перакладаў Францішка Скарыны»[1]. З 1996 года супрацоўнік «Радыё Свабода» (Прага)[1][2]. У 1999—2001 гадах быў рэдактарам радыё «Балтыйскія хвалі» (Вільнюс)[1].
Жанаты, мае дваіх дзяцей[1]. Грамадзянін Літвы[3], жыве ў Празе. У 2012 годзе Сяргею Шупу адмовілі ў візе на ўезд у Беларусь[4].
Дзейнасць
Актыўны ўдзельнік беларускага нацыянальна-дэмакратычнага руху 1980-х гадоў[1][5]. Удзельнічаў у маладзёжным грамадскім аб’яднанні «Беларуская майстроўня» (1979—1984)[1][5]. У 1986 годзе разам з Лявонам Баршчэўскім заснаваў нефармальнае аб’яднанне перакладчыкаў «Бабілён»[2] і быў яго прэзідэнтам у 1986—1991 гадах[1][5][6]. Актыўны удзельнік літаратурнага таварыства «Тутэйшыя»[7]. Член Біблійнай камісіі пры Беларускім экзархаце (1989—1991), член рабочай групы праекту «Новая беларуская Біблія» (з 2012).
Паводле самога Сяргей Шупы, свабодна ведае англійскую, літоўскую, партугальскую, польскую, французскую, харвацкую і чэшскую мовы, добра разумее нямецкую, эстонскую і сучасны іўрыт (іспыт у дактаранцкім мінімуме), у пэўнай ступені старажытнаяўрэйскую, старажытнагрэчаскую і лацінскую мовы. Пачынаў вучыць верхнелужыцкую, дары, ірландскую, кітайскую, навагрэчаскую, шведскую, японскую і некаторыя іншыя мовы, але, паводле ўласнай ацэнкі, ведае іх на недастатковым узроўні. Думае пра вывучэнне арабскай. Таксама разумее шэраг славянскіх і раманскіх моў, але не лічыць гэты ўзровень іх веданнем.[8]
Пераклаў асобныя творы Э. Базэна, Х. Л. Борхеса[2], Б. Віяна[2], А. Ж. Грэймаса[2], Л. Дарэла[2], Дж. Джойса[2], М. Ергавіча[2], Э. Керэта[2], М. Кульбака, Л. Маер-Скуманц, Г. дэ Мапасана[2], Г. Маркеса, П. Мерымэ[2], О. Мілаша[2], М. Мута[2], Дж. Оруэла[1], М. Павіча[2], Э. По[2], Ф. Тугласа[2], Ё. Тэрборна, Ц. Уевіча, М. Уньта[2], Б. Шульца[2], А. Юпруса. Пераклады выходзілі асобнымі выданнямі, а таксама ў альманахах «Далягляды» і «Братэрства», часопісах «Крыніца», «Фрагмэнты», «Arche», газетах «ЛіМ», «Наша ніва»[2].
Займаецца пытаннямі і метадалогіяй перакладу біблейскіх тэкстаў на беларускую мову, сярод іншага пераклаў Кнігу прарока Ёны[9].
Укладальнік і публікатар «Архіваў БНР» (1998)[1][2][10]. Аўтар кнігі «Падарожжа ў БНР» (2018), дзе ў гістарычным кантэксце ўпарадкавана паказаны арыгінальныя дакументы і матэрыялы, захаваныя ў фондах БНР у архівах Мінска і Вільні, жанр кнігі вызначаны як «архіўны раман»[11][12].
Рэдактар «Ангельска-беларускага слоўніка» В. Пашкевіч[2].
Прызнанне
- Літаратурная прэмія імя А. Адамовіча Беларускага ПЭН-цэнтра (2000)[1] за публікацыю двух кніг «Архіва Беларускай Народнай Рэспублікі»[13].
- Медаль «100 гадоў БНР» Рады Беларускай Народнай Рэспублікі[14].
- Прэмія імя Карласа Шэрмана Беларускага ПЭН-цэнтра (2019) за пераклад з ідыш рамана Мойшэ Кульбака «Панядзелак»[15].
Зноскі
- 1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 Кто есть кто 2003.
- 1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21 22 23 24 25 26 27 Перакладчыкі: ПрайдзіСвет 2009.
- ↑ Шупа, Сяргей. Наткнуўся . Радыё Свабода (15 студзеня 2015). Праверана 26 кастрычніка 2023.
- ↑ Сяргею Шупу адмоўлена ў беларускай візе // Наша ніва. 2012. 13 сакавіка.
- 1 2 3 Дубавец 2012.
- ↑ Бабілён // Дэмакратычная апазыцыя…
- ↑ Тутэйшыя // Дэмакратычная апазыцыя…
- ↑ Сяргей Шупа. Сапраўдны пераклад…
- ↑ Шупа С. Кніга прарока Ёны / Раздатачны матэрыял да дакладу аўтара «Кніга прарока Ёны. Выпрацоўка алгарытмаў працы над перакладам» // ІІІ Міжнародны Кангрэс даследчыкаў Беларусі. Секцыя 12, Панэль 12В.2. — Коўна (Літва), 11-13.10.2013.
- ↑ Архівы Беларускай Народнай Рэспублікі: У 2-х кн. / Склад. С. Шупа. — Вільня — Нью-Ёрк — Менск — Прага: Беларускі інстытут навукі і мастацтва. Таварыства беларускага пісьменства, 1998. — 1721 с.
- ↑ svaboda.org
- ↑ nashaniva.by
- ↑ http://pen-centre.by/premija_adamovicha.html Архівавана 20 студзеня 2016.
- ↑ Алексіевіч, Пазьняк, Вольскі, Эрыксан, Белавус. Хто яшчэ ўзнагароджаны мэдалём у гонар БНР-100
- ↑ https://www.svaboda.org/a/30237789.html
Літаратура
- Шупа С. Бабілён // Дэмакратычная апазыцыя Беларусі: 1956—1991. Пэрсанажы і кантэкст. — Мн.: Архіў Найноўшае Гісторыі, 1999. — ISBN 985-6374-08-1
- Дубавец С. Майстроўня. Гісторыя аднаго цуду / Сяргей Дубавец; фота А. Канцавога.. — [Б. м.]: Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода, 2012. — С. 34, 123, 209, 227, 269, 276, 300, 329, 331—340, 388. — 457 с.
- Сяргей Шупа // ПрайдзіСвет: часопіс перакладной літаратуры : [Электронны рэсурс]. — Мн.: 2009.
- Сяргей Шупа. Сапраўдны пераклад — гэта пераклад прозы // ПрайдзіСвет: часопіс перакладной літаратуры [Электронны рэсурс] — Мн., 20.11.2009 — Дата доступу 25.10.2015
- Тутэйшыя // Дэмакратычная апазыцыя Беларусі: 1956—1991. Пэрсанажы і кантэкст. — Мн.: Архіў найноўшае гісторыі, 1999. — ISBN 985-6374-08-1
- Шупа С. // Кто есть кто : [Электронный ресурс]. — Мн.: Belarus Today, 2003.
Спасылкі
- http://shupa.livejournal.com/ — блог Сяргея Шупы ў ЖЖ