Сітар — струнны шчыпковы музычны інструмент тыпу лютні, выкарыстоўваецца для выканання індыйскай класічнай музыкі.
Асноўных струн у сітара — 7 (пяць меладычных і 2 бурдонных). Акрамя таго на сітары яшчэ 9-13 рэзаніруючых струн, якія называюцца тараф (аркестр). Рэзаніруючыя струны, адклікаючыся на гукі асноўных, ствараюць унікальнае гучанне, якое адрознівае сітар ад іншых інструментаў. Гукі здабываюць адмысловым медыятарам «мізраб», які надзяваюць на ўказальны палец.
Назва, верагодна, паходзіць ад персідскага «сетар» — прабацькі шматлікіх струнных інструментаў Усходу. З’явіўся сітар у Індыі ў XIII стагоддзі ў перыяд узмацнення мусульманскага ўплыву і выглядаў першапачаткова прыкладна так, як яго блізкі сваяк — таджыкскі сетар, які, аднак, трохструнны. Сітар мае два гарбузовыя рэзанатары: унізе і на верхавіне пустацелага грыфа, дэка ўпрыгожана палісандрам і слановай косткай, лады металічныя дугападобныя.
Да з’яўлення сітара народы Індыі гралі на старажытным струнным шчыпковым інструменце, выявы якога захаваліся на старажытных барэльефах II—III стагоддзяў нашай эры.
Упершыню ў рок-музыцы сітар выкарыстаў Джордж Харысан у песні The Beatles «Norwegian Wood (This Bird Has Flown)», запісанай у альбоме «Rubber Soul» у 1965 годзе.