Сінтэза́тар — клавішны электра-музычны інструмент, які шырока выкарыстоўваецца ва ўсіх стылях сучаснай музыкі. Сучасныя сінтэзатары маюць вялікую колькасць арыгінальных гукаў і таксама імітуюць разнастайныя жывыя музычныя інструменты.
Музычны тэлеграф
Музычны тэлеграф быў створаны ў 1876 годзе амерыканскім інжынерам і вынаходнікам Элайшам Грэем (Elisha Gray), які падчас эксперыментаў з электра-магнітнымі ланцугамі знайшоў, што з іх дапамогай можна атрымаць меладычны гук. Дзеля гэтых жа мэт ён сабраў з вібрыруючай дыяфрагмы прымітыўны дынамік.
Грэй прапанаваў з дапамогаю сваёй вынаходкі спрасціць працу звычайнага тэлеграфа, але калі прыйшоў у патэнтнае бюро, высветлілася, што за дзве гадзіны да яго нейкі брытанскі інжынер Аляксандр Грэм Бэл запатэнтаваў больш зручную для карыстання прыладу — тэлефон.
Тым не менш вынаходкі, выкарыстаныя пры стварэнні музычнага тэлеграфа, знайшлі свайго спажыўца ў іншых сферах, а ён сам даў жыццё першым электра-музычным інструментам.
Тэлармоніум
Першым сапраўдным электра-музычным інструментам стаў запатэнтаваны ў 1897 годзе і сканструяваны праз дзевяць год амерыканцам Тадэўсам Кэхілам (Thaddeus Cahill) тэлармоніум.
Інструмент уяўляў сабой набор са 145 электрагенератараў і складанай сістэмы пераключальнікаў і індуктараў. Меў тры сяміактаўных клавіятуры. Гралі на тэлармоніуме ў чатыры рукі.
Праз адсутнасць, якіхсці ўзмацняльнікаў (нават лампавыя былі створаны толькі праз 20 год) гук тэлармоніума выводзіўся праз вялізарных памераў трубы, кшталту грамафонных, а пасля перадаваўся ў тэлефонныя лініі. Праслухаць канцэрт тэлармоніума можна было праз звычайныя тэлефонныя лініі, дзеля чаго на навушнік трэба было апрануць адмысловы ражок.
З прычыны неверагодных памераў (агульная вага інструмента была 200 тон) складанасці вытворчасці і перавозак было створана толькі тры экзэмпляры. Не апошнюю ролю ў знікненні тэлармоніуму згулялі таксама тэлефонныя кампаніі т.ч. гук перадаваўся праз тэлефонныя лінніі, а моцнасць інструменту была большая за іх магчымасці, таму сігнал тэлармоніуму даваў моцныя памехі і перашкаджаў тэлефонным размовам. У 1916 годзе ён быў разабраны.
Няма аніводнага запісу гэтага ўнікальнага інструменту, тым не менш вядома, што ён надоўга апярэдзіў свой час. Напрыклад, тэлармоніум меў дынамічныя клавіятуры, сучасныя сінтэзатары атрымалі падобную амаль праз 100 год
Тэрменвокс
Эфірафон расійскага фізіка і вынаходніка Льва Тэрмена (пазней у яго гонар перайменаваны на тэрменвокс) не надта падобны на тое, што мы прызвычаіліся лічыць за сінтэзатар, але тым не менш менавіта ён быў моцным крокам да стварэння лініі музычных інструментаў.
Тэрменвокс уяўляе сабой невялічкую скрынку з дзвюма антэнамі, якія ствараюць вакол сябе электрамагнітнае поле, на патрапленне рук выканаўцы ў гэтае поле інструмент адказвае гукам, вышыню гука можна змяняць рухамі рук, нібы выканаўца дырыжыруе.
У адрозненні ад папярэднікаў, тэрменвокс быў прасцей у вытворчасці і колькі часу меў камерцыйны поспех, пакуль яго месца не занялі першыя электраарганы.
Электраарганы
Пад канец 1930-х гадоў малады інжынер і ўладар невялікага заводу па вытворчасці электронных гадзіннікаў Лорэнс Хаманд (Laurens Hammond) зразумеў, што яго справа перастала прыносіць прыбытак і трэба тэрмінова пераарыентаваць прадпрыемства на іншую галіну.
Пасля шэрагу эксперыментаў і некалькіх даволі вялізных прататыпаў, у Хаманда атрымливаецца стварыць даволі кампактны электра-музычны інструмент, які добра імітаваў гук касцёльнага аргана, флейты і некаторых іншых блізкіх па гучанні інструментаў. А пасля таго, як у 1960-х Хаманд прыбраў са свайго інструмента вялікую і цяжкую акустычную сістэму, яго электраарган стаў амаль што абавязковым атрыбутам шматлікіх рок-музыкаў.
Тады ж у 1950-я—1960-я гады індустрыя па вытворчасці электраарганаў пачала рэзка развівацца і свае пазіцыі саступіла толькі ў 1970-х, калі электраарганы спачатку пацяснілі аналагавыя, а потым лічбавыя сінтэзатары.
Новы віток цікавасці да электраарганаў пачаўся ўжо ў 21 стагоддзі, але з большага гэта лічбавыя сінтэзатары, што імітуюць іх гук.
Электрапіяны
З’явіліся ў 1940-я—1950-я гады, дзякуючы вынаходцу-аматару Гаральду Родасу. У хуткім часе да яго далучыўся шэраг фірм, якія займаліся падобнай вытворчасцю. Шырока развілася ў 1970-я, калі вытворчасцю электрапіянаў займаліся разнастайныя фірмы з Італіі, Японіі, Германіі і ЗША і страціла свае пазіцыі толькі ў 1980-х, падчас з’яўлення лічбавых сінтэзатараў.
Сённяшнія электрапіяны — гэта з большага лічбавыя копіі сваіх продкаў.
Аналагавыя сінтэзатары
Першыя спробы зрабіць гук сінтэзатараў больш разнастайным рабіліся яшчэ ў 1940-я—1950-я гады, але тагачасная прамысловасць не ведала больш-менш кампактных паўправаднікоў, а паўправадніковыя лямпы мелі надзвычай вялікі памер і моцна грэліся, таму першыя аналагавыя сінтэзатары мелі памер з даволі вялікі пакой, граць на іх можна было даволі абмежаваны час, таму выкарыстоўвалі іх альбо ў вялікіх студыях гуказапісу, альбо ў кінаіндустрыі. Такім напрыклад быў савецкі сінтэзатар АНС, што існаваў у двух экзэмплярах, адзін з якіх размяшчаўся на студыі-гуказапісу фірмы «Мелодыя».
Адным з першых, хто паспрабаваў зрабіць больш-менш кампактныя сінтэзатары, быў амерыканскі фізік і вынаходнік галандскага паходжання Роберт Моог (Robert Moog). Пазнаёміўшыся на пачатку 1960-х гадоў з кампазітарам Гербертам Дойчам (Herbert Deutsch), а пазней з музыкам і інжынерам Уолтэрам Карласам (Walter Carlos), Моог стварае свой першы сінтэзатар, які першапачаткова меў назву Модульная Сістэма (Modular Systems). Але ён таксама быў прыгодны толькі для студыйнай працы, хаця быў значна кампактнейшым за сваіх папярэднікаў. Дапамагло з’яўленне паўправаднікоў новага пакалення — транзістараў і ў 1970 годзе на рынку аб’яўляецца першы кампактны сінтэзатар МініМуг (прозвішча стваральніка памылкова прачыталі на англійскі манер, а пасля дадзеная памылка ператварылася на брэнд).
У 1970-я гады, адчуўшы патрабавальнасць менавіта ў канцэртных сінтэзатарах стварыўся шэраг новых брэндаў, якія падхапілі ідэі і навацыі Моога. Да іх далучыліся і частка старых кампаній, што дагэтуль займаліся вытворчасцю электраарганаў і электрапіянінаў.
Аналагавыя сінтэзатары пачалі масава вырабляць у ЗША, Японіі, Германіі, СССР і інш. Але са з’яўленнем у 1980-х першых інтэгральных мікрасхем, эра аналагавых сінтэзатараў завяршылася.
Новае жыццё аналагавым сінтэзатарам дало з’яўленне ў 2000-я гады электроннае музыкі, выканаўцы якой пачалі выкарыстоўваць старыя клавішныя інструменты праз больш цёплае гучанне.
Лічбавыя сінтэзатары
Амаль з самага пачатку з’яўлення першых канцэртных сінтэзатараў разнастайныя фірмы, лабараторыі і вынаходнікі-аматары спрабавалі палепшыць яго магчымасці і пазбегнуць шумоў, якія непазбежна суправаджалі іх працу.
Вялікім прарывам на гэтым шляху было з’яўленне ў сярэдзіне 1970-х гадах першых мікрасхем, а пасля першых персанальных камп’ютараў. Пасля шэрагу эксперыментаў і паўаматарскіх спроб з’явіліся першыя сінтезатары, створаныя па лічбавай тэхналогіі.
Ужо ў 1975 годзе амерыканская кампанія «New England Digital» прэзентуе навінку лічбавы сінтэзатар «Сінклавер» (Synclavier). Ён быў даволі даступным па кошце, але дастаткова дзіўна выглядаў, бо меў як фартэпіянную, так і камп’ютарную клавіятуры.
Падобныя сінтэзатары каштавалі вялізных грошаў і займалі шмат месца.
Пераломны момант для лічбавых сінтэзатараў пачаўся пад канец 1970-х гадоў, калі адначасова некалькі кампаній з розных краін свету прэзентавалі значна спрошчаныя кампактныя сінтэзатары. Яны маглі прайграваць некалькі не складаных мелодый, імітаваць гук дзясятка разнастайных музычных інструментаў і на іх можна было запраграмаваць некалькі простых сэмплаў, якія захоўваліся ў памяці сінтэзатара пакуль ён быў уключаны.
Сітуацыя значна палепшылася, калі па замове адначасова двух буйных вытворцаў сінтэзатараў, Roland і Yamaha, быў створаны адзіны пратакол праграмавання, які атрымаў назву MIDI. Праз колькі часу да іх далучыліся іншыя вытворцы і MIDI атрымаў усеагульнае карыстанне.
З гэтага моманту і па сённяшні дзень лічбавыя сінтэзатары з’яўляюцца фаварытамі на рынку клавішных інструментаў, але ў іх маюцца дастаткова моцныя канкурэнты.
Працоўныя станцыі
Яшчэ з часоў стварэння Сінклавера вытворцы мроілі канчаткова спалучыць сінтэзатар з камп’ютарам, але першы ўдалы вынік быў прэзентаваны карпарацыяй Корг, толькі ў 1988 годзе, калі з’явілася мадэль Korg M1.
З далейшае ж развіццём Працоўных Станцый стала мажліва ператварыць іх на міні-студыю, якія не толькі маглі запісваць і граць мелодыі і сэмплы створаныя на інструменце, але і прайграваць запісаныя ў іншым месцы жывыя гукі, што яшчэ больш пашырыла мажлівасці электронных музыкантаў і калектываў з абмежаваным саставам, якім дагэтуль прыходзілася, альбо карыстацца паслугамі запрошаных музыкантаў, альбо фанаграмай.
Канчатковага развіцця Працоўныя станцыі дасягнулі ў 1990-я, калі Yamaha прэзентавала першыя Партатыўную Працоўную Станцыю, ці Walkstation (гульня слоў «Walk» — «Хадзіць» і «Workstation» — «Працоўная станцыя»). У адрозненні ад іншых Працоўных Станцый, Партатыўная не мела клавіятуры і ўяўляла сабой нейкая спалучэнне камп’ютара, сэмплера, сэквенсара і драм-машыны. Партатыўная Станцыя як мага больш падыхлдзіла для тых музыкантаў, якія не любяць працаваць з камп’ютарнымі праграмамі, але жадаюць кантраляваць працэс стварэння кампазіцыі на выснове забітых, ці ўласна створаных лупаў і сэмплаў. А наступнае пакаленне Партатыўных Станцый — Грувбоксы атрымалі шырокае распаўсюджанне сярод выканаўцаў танцавальнай музыкі, музыкантаў эксперыментатараў і DJяў, якім было неабходна ў online-рэжыме ствараць простыя кампазіцыі на выснове сэмплаў і лупаў загружаных у памяць інструмента, але не хацелася цягнуць з сабой апаратуру.
Віртуальныя сінтэзатары
Віртуальны сінтэзатар, альбо эмулятар — па сутнасці камп’ютарны софт, прызваны дапамагчы музыкам і аранжыроўшчыкам працуючым у студыі. Замест таго, каб мець шэраг сінтэзатараў (часцей аналагавых) розных вытворцаў, дастаткова запусціць праграму якая імтуе іх працу і падключыць да MIDI-клавіятуру. Пры гэтым на экране камп’ютара будзе бачна працоўная панэль сінтэзатара і праз яе мажліва стварыць неабходны ўнікальны гук, як і на «жывым», аналаге і захаваць дадзеныя налады.
Адзіны мінус эмулятара — немажлівасць карыстання ім на канцэртах.
Аналага-мадэлюемыя і аналагавыя сінтэзатары новага пакалення
На пачатку 21 стагоддзя з развіццём розных стылей электроннай музыкі, а таксама з жаданнем зрабіць гук больш цёплым, сярод выканаўцаў нанова пачуўся попыт на старыя аналагавыя сінтэзатары, але тыя адначасова з больш цёплым гучаннем давалі старыя праблемы (нізкая якасць гука), да таго ж ад часу шмат якія з іх сапсаваліся.
Розныя фірмы адказалі на запыт патрабавальнікаў па рознаму.
Прадсаўнікі Трох Кітоў Сінтазатарабудавання выпусцілі кожны па колькі мадэляў сінтэзатараў і працоўных станцый, якія дазвалялі эмуляваць аналагавы гук і апрацаваць іх згодна з правіламі, якія існавалі ў аналагавых сінтэзатараў. Такія сінтэзатары атрымалі назву Аналагава-мадэлюемыя.
Таксама актывізаваліся прадстаўнікі старых вытворцаў, прадукцыя якіх нанова стала карыстацца попытам. Аднавілі сваю дзейнасць «Муг», «Арганы Хаманда», «Родас» і іншыя.
Некаторыя ж фірмы пачалі вытворчасць аналагавых сінтэзатараў створаных з улікам сучасных тэхналогій, што пазбавіла дадзеныя сінтэзатары ад старых праблем з якасцю гука і шумамі. Гэтыя сінтэзатары атрымалі назву Аналагавыя сінтэзатары новага пакалення.
Апошнім часам распачаўся выпуск аналагавых працоўных станцый і аналагавых модуляў, якія маюць толькі прыборную панэль без клавіятуры.
Гл. таксама
Літаратура
- Сінтэзатар // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 14: Рэле — Слаявіна / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2002. — Т. 14. — С. 405. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0238-5 (т. 14).
Спасылкі
- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Сінтэзатар
- Артыкул прысвечаны пачатку сінтэзатарабудавання Архівавана 12 красавіка 2009. (руск.)
- Агульны разгляд прысвечаны развіццю сінтэзатарабудавання ад пачатку да сённяшніх дзён Архівавана 12 красавіка 2009. (руск.)
- Артыкул Зміцера Папова «Как устроен синтезатор» Архівавана 2 студзеня 2009. (руск.)
- Нізка артыкулаў прысвечаных гісторыі сінтэзатараў Архівавана 8 лютага 2005. (руск.)
- Артыкул Рамана Пішчалава «Істрорія електронної музики» Архівавана 28 жніўня 2008. (укр.)
- Афіцыйны сайт кампаніі «Муг» (англ.)
- Сайт карпарацыі «Корг» (англ.)
- Расійскі сайт карпарацыі «Роланд» Архівавана 11 мая 2018. (руск.)
- Афіцыйны сайт карпарацыі «Ямаха» Архівавана 19 красавіка 2009. (яп.)