Сібо ᠰᡞᠪᡝ ![]() | |
![]() | |
Агульная колькасць | 266 тыс. |
---|---|
Рэгіёны пражывання | Кітай |
Мова | сібо |
Рэлігія | шаманізм, культ продкаў |
Блізкія этнічныя групы | маньчжуры |
Сібо або сібэ (саманазва: ᠰᡞᠪᡝ) — тунгуса-маньчжурскі народ, карэнныя насельнікі Паўночна-Усходняга Кітая. У XVIII ст. вылучылася група заходніх сібо, якія з'яўляліся цынскімі ваеннымі каланістамі. У наш час іх нашчадкі жывуць на мяжы з Казахстанам. Агульная колькасць (2010 г.) - 266 тыс. чал. (214 тыс. сібо і 52 тыс. заходніх сібо)[1][2].
Гісторыя
Сібо лічаць сябе нашчадкамі старажытнага народа сяньбі, які старажытныя кітайцы адносілі да сваякоў гунаў. Па мове і культуры сібо найбольш блізкія да маньчжураў, таму большасць даследчыкаў лічыць, што яны маюць адзінае паходжанне. Сібо ўзгадваюцца сярод народаў, што ў XII ст. плацілі даніну манголам, займаліся паляваннем і рыбалоўствам. Згодна адной з версій, ад наймення племені сібо паходзіць назва Сібіры.
У XVI ст. сібо трапілі ў залежнасць ад маньчжураў і былі вымушаны змяніць качавы лад жыцця на аселы. Пасля заснавання імперыі Цын маньчжуры выкарыстоўвалі іх ў якасці салдат. Было створана асобнае ганаровае ваеннае аб'яднанне сібо — гуса.
У канцы XVIII ст. некалькі соцень сібо былі пераселены ў нядаўна заваяваную ўйгурскую дзяржаву. Для пашырэння ворных земляў яны вырылі каля 200 км ірыгацыйных каналаў. Ваенныя каланісты несупынна падтрымлівалі цынскія ўлады ў барацьбе з мясцовым насельніцтвам. У 1884 г. было ўведзена цывільнае кіраўніцтва правінцыяй, аднак заходнія сібо захавалі аўтаномію. У 1954 г. быў арганізаваны Чапчальскі аўтаномны павет сібо.
Асаблівасці культуры
Традыцыйная культура найлепш захавалася сярод заходніх сібо. Асноўным заняткам ў XVII - пачатку XX стст. стала земляробства, хаця ў паўночна-ўсходнім рэгіёне Кітая яшчэ доўгі час важную ролю мелі паляванне і рыбалоўства. Многія сібо рабілі ваенную кар'еру і ўдала прасоўваліся па службе. Сярод іх заўсёды было шмат пісьменных людзей.
Традыцыйныя паселішчы-ніру, распланаваныя па баках свету, захаваліся толькі ў заходніх сібо. Сярод усходніх сібо шмат гараджан. У мінулым асноўнай сацыяльнай адзінкай быў род, які падзяляўся на вялікія пашыраныя сем'і з некалькіх пакаленняў. У сучаснасці сем'і малыя нуклеарныя. Аднак захаваліся назвы родаў. Яны супадаюць з маньчжурскімі. Традыцыйная вопратка сіняга або зялёнага колеру. Дзяўчыны заплятаюць валасы ў адну касу, замужнія жанчыны - у дзве касы.
Большасць вернікаў-сібо да сярэдзіны XX ст. практыкавала шаманізм. Рытуалы мала адрозніваліся ад маньчжурскіх. У нашы дні захоўваюцца толькі асобныя абрады, звязаныя з шанаваннем продкаў.
Мова
Мова сібо належыць да тунгуса-маньчжурскай групы моў, блізкая да маньчжурскай. Некаторыя лінгвісты нават лічаць яе дыялектам маньчжурскай мовы. Сібо карыстаюцца маньчжурскай пісьмовасцю.
На мове сібо ў Кітаі выдаюцца школьныя падручнікі, друкуецца газета.
Зноскі
Літаратура
- Народы Восточной Азии. / Под ред. Н. Н. Чебоксарова, С. И. Брука, Р. Ф. Итса, Г. Г. Стратановича. — М.-Лг.: Наука, 1965. — С. 684
- Barbara A. West, Encyclopedia of the Peoples of Asia and Oceania, p. 894