Аграгарадок
Сёмкава
Руіны сядзібы Хмараў, 2020 г.
Руіны сядзібы Хмараў, 2020 г.
Краіна
Вобласць
Раён
Сельсавет
Каардынаты
54°01′06″ пн. ш. 27°26′39″ у. д.
Першая згадка
Вышыня цэнтра
220 м[1]
Насельніцтва
  • 2 399 чал. (2019)
Часавы пояс
Тэлефонны код
+375 17
Аўтамабільны код
5
СААТА
6236855106
Сёмкава на карце Беларусі ±
Сёмкава (Беларусь)
Сёмкава
Сёмкава (Мінская вобласць)
Сёмкава

Сё́мкава[2] (трансліт.: Siomkava, руск.: Сёмково) — аграгарадок у Мінскім раёне Мінскай вобласці, на шашы H9031. Уваходзіць у склад Папярнянскага сельсавета. Аграгарадок месціцца на берагах рэк Вяча і Чарняўка, каля Заслаўскага вадасховішча.

Назва

Назва Сёмкава ўтвораная ад імя Сёмка (Сямён)[3].

Гісторыя

Даўней Сёмкаў падзяляўся на Сёмкаў Заслаўскі (Саламярэцкі) і Сёмкаў Стары (Стэцкевічаўскі).

У 1567 годзе сяло Сёмкава, уласнасць Станіслававічаў у Менскім павеце Менскага ваяводства Вялікага Княства Літоўскага. У 1582 годзе сяло, цэнтр маёнтка, двор, уласнасць князёў Івана Саламярэцкага, Ганны Янавай Глябовічаўны, князя Багдана Іванавіча Саламярэцкага і Яна Рэкуця. У 1600 годзе сяло, панскі двор, уласнасць Рэкуцяў. У 1640 годзе як пасаг маёнтак перайшоў да Багдана Стэцкевіча, пазней уласнасць Сапегаў. У 1667 годзе маёнтак, 5 дымоў. У 1755 годзе Міхал Сапега падараваў маёнтак Адаму Хмару. У 1791 годзе маёнтак Сёмкаў, у склад якога ўваходзілі 14 вёсак, 128 дымоў, 7 корчмаў, у Заслаўскай парафіі. Сядзібна-паркавы комплекс Хмараў пачаў будавацца ў 1775 годзе. Доўгі час палац, які атрымаўся зграбным і шыкоўным, служыў рэзідэнцыяй шляхецкага роду. Акрамя галоўнага будынка італьянскі архітэктар Карла Сампані стварыў два сіметрычныя флігелі, аранжарэю, браму, тэрасы і парк у французскім стылі. Адам Хмара — мінскі ваявода, нават прыняў у ім караля Рэчы Паспалітай Станіслава Аўгуста Панятоўскага.

Пасля Другога падзелу Рэчы Паспалітай 1793 года ў складзе Расійскай імперыі. У 1800 годзе вёска, каля малага ручая побач з «вялікай віленскай дарогай», 30 двароў, 216 жыхароў, вадзяны млын, мураваны панскі дом, цагельня, драўляная каталіцкая капліца, уласнасць Адама Хмары, у Мінскім павеце. У 1815 годзе 141 душа мужчынскага полу, уласнасць Г. Хмары. У 1897 годзе вёска і маёнтак у Сёмкава-Гарадоцкай воласці Мінскага павета. У пачатку XX ст. было народнае вучылішча.

У 1917 годзе комплекс нацыяналізавалі, разграбілі і праз нейкі час зрабілі там дзіцячы інтэрнат.

У Першую сусветную вайну ў лютым — снежні 1918 года была пад акупацыяй войскаў Германскай імперыі.

25 сакавіка 1918 года згодна з Трэцяй Устаўной граматай вёска абвешчана часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. З 1 студзеня 1919 года ў адпаведнасці з пастановай І з’езда КП(б) Беларусі ўвайшла ў склад Беларускай ССР. У ліпені 1919 — ліпені 1920 года вёска была пад акупацыяй Польшчы.

У 1922 годзе створаны саўгас «Сёмкава», працаваў млын. З 20 жніўня 1924 года вёска ў Сёмкаў-Гарадоцкім сельсавеце Заслаўскага раёна Менскай акругі (да 26 ліпеня 1930), з 20 лютага 1938 года ў Менскай вобласці.

Флігель сядзібы Хмараў, 2020 г.

У Другую сусветную вайну з канца чэрвеня 1941 года да пачатку ліпеня 1944 года вёска акупаваная нацысцкай Германіяй. Ёсць звесткі, што тут быў арганізаваны канцлагер і ў дзіцячым інтэрнаце праводзіліся доследы над дзецьмі. Партызанская брыгада «Штурмавая» выратавала дзяцей у 1944 годзе.

З 8 лютага 1959 года ў Мінскім раёне. З 20 студзеня 1960 года ў складзе Заслаўскага сельсавета[4], з 9 жніўня 1979 года ў складзе Папярнянскага сельсавета[5]. У 1989 годзе да вёскі далучаны пасёлак Сёмкава.

Насельніцтва

Дарожны ўказальнік
  • 1800 — 30 двароў, 216 жыхароў
  • 1897 — вёска, 67 двароў, 419 жыхароў; маёнтак, 8 двароў, 92 жыхары[6]
  • 1917 — вёска, 86 двароў, 189 жыхароў; маёнтак, 115 жыхароў[6]
  • 1997 — 452 гаспадаркі, 1201 жыхар
  • 1999 — 1292 жыхары
  • 2001 — 1461 жыхар, 482 двары[6]
  • 2010 — 1579 жыхароў

Прамысловасць і інфраструктура

  • Прадпрыемства па вытворчасці дзіцячых цацак «Метэор»
  • Сярэдняя школа
  • Школа-інтэрнат
  • Клуб
  • Бібліятэка
  • Аптэка
  • Аддзяленне сувязі

Славутасці

Памятная дошка на тэрыторыі сядзібы
  • Сядзіба Хмараў (2-я палова 18 стагоддзя). Да пачатку ХХІ ст. адносна добра захаваліся два флігелі, у запушчаным стане аказаўся парк, цэнтральная сядзіба хутка разбураецца. У закінутым стане стаяць таксама адміністрацыйны корпус інтэрната, медсанчасць, іншыя пабудовы[7].

Вядомыя асобы

Зноскі

  1. GeoNames — 2005. Праверана 9 ліпеня 2017.
  2. Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Мінская вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка, І. Л. Капылоў, В. П. Лемцюгова і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2003. — 604 с. ISBN 985-458-054-7. (DJVU). Сустракаецца таксама варыянт Сямко́ва, н.
  3. Жучкевич В. А. Краткий топонимический словарь Белоруссии. — Мн.: Изд-во БГУ, 1974. С. 341
  4. Рашэнне выканкома Мінскага абласнога Савета дэпутатаў працоўных ад 20 студзеня 1960 г. // Збор законаў, указаў Прэзідыума Вярхоўнага Савета Беларускай ССР, пастаноў і распараджэнняў Савета Міністраў Беларускай ССР. — 1960, № 2.
  5. Рашэнне выканкома Мінскага абласнога Савета народных дэпутатаў ад 9 жніўня 1979 г. // Збор законаў Беларускай ССР, указаў Прэзідыума Вярхоўнага Савета Беларускай ССР, пастаноў Савета Міністраў Беларускай ССР. — 1979, № 27 (1617).
  6. 1 2 3 БелЭн 2002.

Літаратура

Спасылкі

This article is issued from Wikipedia. The text is licensed under Creative Commons - Attribution - Sharealike. Additional terms may apply for the media files.