Хірахіта
яп.: 昭和天皇
124-ы Імператар Японіі
25 снежня 1926 7 студзеня 1989
Папярэднік Імператар Тайсё
Пераемнік Акіхіта

Нараджэнне 29 красавіка 1901(1901-04-29)[1][2][…]
Смерць 7 студзеня 1989(1989-01-07)[1][2][…] (87 гадоў)
Месца пахавання
Род Японскі імператарскі дом[d]
Бацька Імператар Тайсё
Маці Тэймэй[d]
Жонка Кадзюн[d]
Дзеці Прынцэса Тэру[d], Саціка[d], Кадзука Такацукаса[d], Ацука Ікэда[d], Акіхіта, Масахіта Хітаці[d] і Такака Сімадзу[d]
Веравызнанне сінтаізм
Член у
Адукацыя
Дзейнасць ваенны, дыпламат, марскі біёлаг, заолаг, манарх, арыстакрат
Аўтограф Выява аўтографа
Прыналежнасць Японія
Званне фельдмаршал і генералісімус
Камандаваў Imperial Japanese Army[d] і Імператарскі флот Японіі[d]
Узнагароды
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Хірахіта (яп.: 裕仁), імператар Сёва (яп. 昭和天皇, Сё:ва Тэнно:), (29 красавіка 1901 — 7 студзеня 1989) — правіцель Японіі з 1926 да 1989 гг. На Захадзе вядомы як Хірахіта (літар. «багацце і цнота»), так яго назвалі пры нараджэнні. Ён быў 124-м імператарам Японіі. Троннае імя Сёва азначае «Асвечаны мір».

Яго кіраванне было найдаўжэйшым імператарскім кіраваннем у гісторыі Японіі, і падчас яго адбылася велізарная трансфармацыя ўсяго японскага грамадства.

Раннія гады

Ён нарадзіўся ў палацы Ааяма ў Токіа ў сям’і спадчыннага прынца Ёсіхіта (пазнейшага імператара) і прынцэсы Садака. Яго дзіцячы тытул — прынц Міці (Michi no miya). Спадчыннікам трону ён стаў пасля смерці свайго дзеда, імператара Мэйдзі 30 ліпеня 1912 г. Фармальна тытул спадчыннага прынца ён атрымаў 2 лістапада 1916 г.

Ён атрымаў бліскучую адукацыю ў школе для дзяцей вышэйшай арыстакратыі (кадзоку), дзе навучаўся з 1908 па 1914 гг. і, пасля, у адмысловым Інстытуце спадчыннага прынца (То:гу:-гогакумонсе) з 1914 па 1921 гг. пад кіраўніцтвам лепшых вучоных Такійскага імператарскага ўніверсітэта і вышэйшых ваенных чыноў Японіі. У 1921 г. спадчынны прынц Хірахіта здзяйсняе шасцімесячную паездку ў Еўропу, наведвае Англію і 5 іншых еўрапейскіх краін. 29 лістапада 1921 г. ён становіцца рэгентам Японіі замест хворага бацькі.

26 студзеня 1924 г. ён ажаніўся са сваёй далёкай сваячкай прынцэсай Нагака, дачцэ прынца Куні Кініёсі. Ад гэтага шлюбу нарадзілася 7 дзяцей.

Пачатак кіравання

25 снежня 1926, пасля смерці бацькі імператара Есіхіта, Хірахіта ўспадкаваў трон і даў перыяду свайго кіравання дэвіз «Сёва» (Сё:ва дзідай, яп. 昭和時代, «эпоха Асвечанага міру»). Ён быў першым за некалькі стагоддзяў японскім імператарам, чыя біялагічная маці была афіцыйнай жонкай яго папярэдніка на пасадзе.

Першая частка кіравання Хірахіта як імператара (паміж 1926 і 1945) мінула пад знакам павелічэння ваеннай моцы краіны. З 1900 г. японскія Імператарскае войска і Ваенна-марскі флот валодалі правам вета пры фарміраванні кабінета міністраў. Паміж 1921 і 1944 гг. адбылося прынамсі 64 інцыдэнтаў ва ўнутранай і знешняй палітыцы, калі правыя палітычныя сілы ўжывалі гвалт для дасягнення сваіх мэтаў, самым значным з якіх з’яўляецца забойства прэм’ер-міністра Японіі Інукаі Цуесі ў 1932 г. З гэтага часу ваенныя валодалі практычна поўным кантролем над усім палітычным жыццём Японіі, што прывяло да ўцягвання краіны спачатку ў Другую японска-кітайскую вайну (1937—1945), а затым і ў Другую Сусветную вайну.

Другая сусветная вайна

Пасля заканчэння Другой Сусветнай вайны шмат хто лічыў Хірахіта асабіста адказным за яе распачынанне, тады як іншыя, у тым ліку амерыканская акупацыйная адміністрацыя, настойвалі на тым, што імператар быў толькі фармальным правіцелем дзяржавы, а фактычна ўся ўлада знаходзілася ў ваенных. Многія людзі ў Кітаі, на Тайвані, у Карэі і ў Паўднёва-Усходняй Азіі бачылі ў Хірахіта «азіяцкага Гітлера» і настойвалі на тым, каб ён быў пакараны як ваенны злачынца.

Аж да самага пачатку вайны Хірахіта дзейнічаў строга ў адпаведнасці з пратаколам, застаючыся на адлегласці ад рэальнага прыняцця рашэнняў. 4 верасня 1941 г. японскі кабінет міністраў сустрэўся, каб абмеркаваць ваенныя планы, падрыхтаваныя імператарскім генштабам, і пастанавіў:

«Наша Імперыя, у мэтах самаабароны і самазахавання, завершыць падрыхтоўку да вайны… [і будзе] … гатовая пачаць, калі гэта неабходна, вайну са Злучанымі Штатамі, Вялікабрытаніяй і Нідэрландамі. Наша Імперыя адначасова будзе рабіць усе магчымыя дыпламатычныя высілкі ў дачыненні да Злучаных Штатаў і Вялікабрытаніі, каб паспрабаваць дасягнуць нашых мэтаў… У выпадку, калі не будзе дасягнуты дыпламатычны прагрэс у абмеркаванні нашых патрабаванняў на працягу першых 10 дзён кастрычніка, мы прымаем рашэнне неадкладна пачаць ваенныя дзеянні супраць Злучаных Штатаў, Вялікабрытаніі і Нідэрландаў».

«Мэты», пра якія ішла гаворка, былі ясна вызначаныя: неўмяшанне згаданых заходніх дзяржаў у японскія дзеянні ў Азіі — вайну ў Кітаі і ў планы па ўводзе войскаў у былыя французскія калоніі ў Індакітаі, непавелічэнне колькасці амерыканскіх і брытанскіх ваенных сіл у гэтым рэгіёне, зняццё эканамічнай блакады з Японіі.

5 верасня прэм’ер-міністр Каноэ нефармальна зацвердзіў чарнавік імператарскага ўказу за дзень да пачатку імператарскай нарады, на якім гэты ўказ павінен быў быць фармальна распрацаваны. Хірахіта быў глыбока заклапочаны рашэннем паставіць падрыхтоўку да вайны наперадзе дыпламатычных высілкаў у тэксце ўказу, і на наступны дзень, у парушэнне старадаўняга пратаколу, задаў прамое пытанне аб гэтым кіраўнікам войска і ваенна-марскіх сіл. Каноэ адразу ж умяшаўся і пераканаў Хірахіта запрасіць іх на прыватную канферэнцыю, на якой імператар настойваў, каб мірныя высілкі працягваліся да апошняй магчымасці. Кіраўнік ваенна-марскіх сіл адмірал Осамі Нагана, надзвычай дасведчаны былы ваенна-марскі міністр, пазней распавядаў, «я ніколі не бачыў, каб імператар рабіў вымову ў такім тоне, яго твар расчырванеўся і ён амаль крычаў».

Тым не менш, усе ўдзельнікі імператарскай нарады былі адзіныя ў тым, што вайна лепш дыпламатыі. Барон Есіміці Хара, прэзідэнт Імператарскай рады і прадстаўнік імператара, правёў асабістае апытанне ўдзельнікаў канферэнцыі, і атрымаў у адказ альбо меркаванне, што вайна з’яўляецца адзіным выратаваннем у дадзенай сітуацыі, альбо маўчанне.

Тады імператар здзівіў усіх прысутных, ізноў звярнуўшыся да іх і тым зламаўшы традыцыю імператарскага маўчання. Імператар Хірахіта настойваў на неабходнасці мірнага вырашэння міжнародных праблем, выказаўшы шкадаванне няздольнасцю сваіх міністраў адказаць на пытанні барона Хара і працытаваўшы верш, напісаны яго дзедам, імператарам Мэйдзі, які, як ён сказаў, ён перачытвае «зноў і зноў». У алегарычных радках гаварылася аб перасцярогах аўтара, што апантаны шторм і вірлівыя хвалі парушаць цішыню і супакой мора. Кожны які жыве на берагах гэтага мора стаў братам аўтара, яго спакой — гэта спакой іншых.

Калі шок мінуў, міністры паспяшаліся запэўніць імператара ў іх глыбокім жаданні выкарыстаць усе магчымыя мірныя сродкі. Аднак падрыхтоўка да вайны працягвалася без найменшых змен, а праз некалькі тыдняў адбылася змена кабінету міністраў, Каноэ сышоў у адстаўку, на яго месца прыйшоў генерал Хідэкі Тодзіо. 8 снежня (7 снежня на Гаваях) 1941 г. раптоўным нападам сотняў самалётаў на амерыканскі флот у гавані Пёрл-Харбар японскія сілы пачалі ваенныя дзеянні. Адначасова пачалося ўварванне ў Паўднёва-Усходнюю Азію. З гэтага моманту шляхоў да адступлення ўжо не было.

Пасля таго, як нацыя ўступіла ў вайну, імператар Хірахіта адкінуў свае сумневы і дзейнічаў як патрыёт сваёй краіны, востра зацікаўлены ў ваеннай перамозе і ў паляпшэнні маралі ў войсках. Вайна для Японіі пачалася паспяхова. Калі ж Японіі пачало не шанцаваць (у другой палове 1942 — пачатку 1943), ў палац пачала прыходзіць усё менш рэальная інфармацыя. У першыя 6 месяцаў войны ўсе бітвы ў вайне сканчаліся перамогамі Японіі. На працягу наступных гадоў аб усіх бітвах, якія скончыліся нявызначана, або прайграных бітвах таксама паведамлялася як аб вялікіх перамогах. Толькі паступова імператар і японская нацыя пачалі ўсведамляць, што сітуацыя становіцца пагрозлівай.

Апошнія дні вайны

На пачатку 1945, пасля чарговай прайгранай бітвы, імператар пачаў серыю індывідуальных сустрэч з членамі ўрада, каб абмеркаваць хаду вайны. Усе, акрамя аднаго, раілі працягваць вайну. Выключэннем быў былы прэм’ер-міністр Каноэ, які баяўся камуністычнай рэвалюцыі больш, чым паразы ў вайне, і настойваў на вядзенні мірных перамоў. Хірахіта лічыў, што рана ці позна мірныя перамовы непазбежныя, але ўзброеныя сілы павінны атрымаць дзесьці істотную перамогу, каб узмацніць пазіцыі краіны на перамовах. З кожным тыднем гэта станавілася ўсё менш верагодным. Японскі саюзнік — Германія — пацярпела паразу і капітулявала ў маі 1945 г. У красавіку Савецкі Саюз адмовіўся працягнуць тэрмін дамовы аб нейтралітэце. У чэрвені кабінет міністраў перагледзеў ваенную стратэгію, цвёрда вырашыўшы ваяваць да апошняга чалавека. Гэта было афіцыйна пацверджана на кароткай імператарскай нарадзе, якую імператар праслухаў з каменным тварам.

На наступны дзень лорд-захавальнік пячаткі Кідо Коіці падрыхтаваў чарнавік дакумента, у якім падсумаваў вынікі безнадзейнай ваеннай сітуацыі і прапанаваў пачаць перамовы. У прыватнай абстаноўцы імператар ухваліў яго і дазволіў Кідо распаўсюдзіць дакумент сярод найменш ваяўніча наладжаных членаў урада. У сярэдзіне чэрвеня ўрад пагадзіўся паспрабаваць прыцягнуць Савецкі Саюз у якасці пасярэдніка пры перамовах аб міры, але не раней таго, як пазіцыя Японіі на перамовах палепшыцца пасля адбіцця ўварвання амерыканскіх войск на Японскія астравы.

22 чэрвеня Хірахіта ізноў парушыў векавую традыцыю і наўпрост звярнуўся да свайго ўрада: «Я жадаю, каб без перашкодаў быў хутка вывучаны канкрэтны план заканчэння вайны і пачалі рабіцца высілкі дзеля яго ўвасаблення.» Спроба выкарыстаць Савецкі Саюз у якасці пасярэдніка не атрымалася: саюзнікі былі поўныя цвёрдай рашучасці не згаджацца ні на што, акрамя безумоўнай капітуляцыі, а да канца ліпеня 1945 ні імператар, ні ўрад не былі гатовыя разглядаць такі варыянт.

Пасляваеннае кіраванне

15 жніўня 1945 г., пасля атамнага бамбардзіроўкі Хірасімы і Нагасакі і абвяшчэнне Савецкім Саюзам вайны Японіі, Хірахіта выступіў з радыёзваротам аб безумоўнай капітуляцыі японскіх узброеных сіл. Нягледзячы на ціск, аказваны на галоўнакамандуючага амерыканскімі акупацыйнымі сіламі ў Японіі генерала Дугласа Макартура з боку лідараў шэрагу краін, у тым ліку з боку прэзідэнта Злучаных Штатаў Гары Трумэна, з мэтай аддаць імператара Хірахіта пад суд як ваеннага злачынцу, генерал дамогся, каб Хірахіта застаўся імператарам і сімвалам адзінства японскай нацыі. Хірахіта пазбег суда і застаўся на троне, але яго прымусілі недвухсенсоўна адмовіцца ад традыцыйных сцвярджэнняў аб чароўнай прыродзе японскіх імператараў, нашчадкаў багіні сонца Аматэрасу (дэкларацыя «Нінген-сенген»). Тытул манарха быў зменены з «уладара Імперыі» на «канстытуцыйнага манарха» ў 1946 г. Аднак трэба заўважыць, што амаль адразу пасля відавочнай адмовы ад сцвярджэння аб боскасці імператара ён прыхавана ізноў пацвердзіў традыцыйныя погляды, атрымаўшы дазвол ад акупацыйных улад на богаслужэнне багіні Аматэрасу. Гэты жэст-пацверджанне быў ясна зразуметы ўсімі ў Японіі, хоць відаць не зразуметы акупацыйнымі сіламі. Хоць Хірахіта прымусілі адмовіцца ад любых прэтэнзій на чароўны статус, яго статус быў свядома пакінуты нявызначаным, часткова таму, што генерал Макартур разглядаў імператара як карысны сродак у захаванні лаяльнасці японцаў да акупацыйных сіл, часткова дзякучы закуліснай дзейнасці Есіда Сігеру, накіраванай на тое, каб перашкодзіць Макартуру зрабіць з Хірахіта манарха еўрапейскага стылю. Хірахіта звычайна разглядаўся як правіцель, галава дзяржавы, але ішла шырокая дыскусія аб тым, ці з’яўляецца ён звычайным грамадзянінам краіны або не. Шматлікія навукоўцы сцвярджаюць, што сённяшні тэнно (яп. 天皇, «нябесны кіраўнік», звычайна перакладаецца як імператар Японіі) — не імператар.

Нягледзячы на гэта, Хірахіта быў актыўнай постаццю ў жыцці Японіі да самай сваёй смерці ў 1989 г. і выконваў шматлікія абавязкі, якія звычайна выконваюць ачольнікі дзяржаў. Імператар і яго сям’я актыўна ўдзельнічалі ў грамадскім жыцці, час ад часу сустракаючыся з народам, наведваючы спартыўныя імпрэзы і святы. Ён таксама згуляў прыкметную ролю ў аднаўленні дыпламатычнага іміджу Японіі, здзяйсняючы паездкі за мяжу і сустракаючыся з лідарамі іншых краін, уключаючы шэраг амерыканскіх прэзідэнтаў і англійскую каралеву Елізавету II.

У асабістым жыцці ён захапляўся марской біялогіяй і яшчэ ў 1920-я гг. арганізаваў у імператарскім палацы навуковую лабараторыю, у якой праводзіў даследаванні і нават апублікаваў некалькі прац па гэтай тэме.

Боскасць

Добра вядомыя заявы аб боскасці імператара Японіі падчас Другой Сусветнай вайны. У адпаведнасці з канстытуцыяй Японіі 1889 г. імператар валодае чароўнай уладай над сваёй краінай, якая выводзіцца з японскіх міфаў аб паходжанні імператарскай сям’і ад багіні сонца Аматэрасу.

У 1946 г. пад ціскам амерыканскіх акупацыйных уладаў імператар выдаў рэскрыпт «Нінген-сенген», успрыняты многімі як яго адрачэнне ад чароўнай прыроды і паходжання. Дакладны сэнс адпаведнай фразы, аднак, складаны для разумення і можа быць вытлумачаны неадназначна.

Зноскі

  1. 1 2 Hirohito // Encyclopædia Britannica Праверана 9 кастрычніка 2017.
  2. 1 2 Hirohito // filmportal.de — 2005. Праверана 9 кастрычніка 2017.

Літаратура

  • Bix, Herbert P. Hirohito and the Making of Modern Japan. HarperCollins, 2000. (based on books from pro-communistic publishers such as Aoki Shoten or Otsuki Shoten)
  • Wetzler, Peter Hirohito and War: Imperial Tradition and Military Decision Making in Prewar Japan. University of Hawaii Press, 1998.
  • Hoyt, Edwin P. Hirohito: The Emperor and the Man. Praeger Publishers, 1992.
  • Kawahara, Toshiaki Hirohito and His Times: A Japanese Perspective. Kodansha International, 1997. (Japanese standard image)
  • Mosley, Leonard Hirohito, Emperor of Japan. (Basic journal)
  • Бикс Г. Хирохито и создание современной Японии. М.: АСТ, 2002. (Серия: Историческая библиотека).
  • Сигрейв С., Сигрейв П. Династия Ямато. М.: АСТ, 2002. (Серия: Историческая библиотека).

Спасылкі

This article is issued from Wikipedia. The text is licensed under Creative Commons - Attribution - Sharealike. Additional terms may apply for the media files.