Сярэднянёманская нізіна | |
---|---|
Каардынаты: 53°46′ пн. ш. 24°12′ у. д. | |
Размяшчэнне | Беларусь (Гродзенская вобласць), Літва, Польшча |
Вышыня над узроўнем мора | 110—140 м |
Працягласць з поўначы на поўдзень | 45 км |
Працягласць з захаду на ўсход | 60—75 км |
Плошча | каля 1700[1] км² |
Рэкі | Нёман, Котра, Пыранка, Нявіша, Гожка, Чорная Ганча |
Азёры | Белае, Рыбніца, Берштаўскае, Вераўскае, Зацкава |
![]() ![]() Сярэднянёманская нізіна |
|
![]() ![]() Сярэднянёманская нізіна |
|
![](../I/%D0%A1%D1%8F%D1%80%D1%8D%D0%B4%D0%BD%D1%8F%D0%BD%D1%91%D0%BC%D0%B0%D0%BD%D1%81%D0%BA%D0%B0%D1%8F_%D0%BD%D1%96%D0%B7%D1%96%D0%BD%D0%B0_(2001).svg.png.webp)
![](../I/%D0%A1%D1%8F%D1%80%D1%8D%D0%B4%D0%BD%D1%8F%D0%BD%D1%91%D0%BC%D0%B0%D0%BD%D1%81%D0%BA%D0%B0%D1%8F_%D0%BD%D1%96%D0%B7%D1%96%D0%BD%D0%B0.svg.png.webp)
Сярэднянёманская нізі́на[2][3] — нізіна на захадзе Беларусі, на тэрыторыі Гродзенскага, Шчучынскага і Воранаўскага раёнаў Гродзенскай вобласці, у сярэднім цячэнні ракі Нёман. Часткова заходзіць на тэрыторыю Польшчы і Літвы[2][3].
Геаграфія і геалогія
Нізіна з’яўляецца фізіка-геаграфічным раёнам акругі Панямонне Заходне-Беларускай правінцыі. У тэктанічных адносінах прымеркавана да Мазурска-Беларускага пахаванага выступу Беларускай антэклізы. Мяжуе з Верхнянёманскай нізінай і Лідскай раўнінай на ўсходзе, Навагрудскім узвышшам на паўднёвым усходзе, Ваўкавыскім узвышшам і Слонімскай узвышанай раўнінай на поўдні, Гродзенскім узвышшам на захадзе.
Плошча тэрыторыі Сярэднянёманскай нізіны на тэрыторыі Беларусі складае каля 1700 км². Цягнецца нізіна ў напрамку з усходу на захад на 60—75 км, з поўначы на поўдзень — да 45 км. Пераважаюць вышыні ад 110 да 140 м над узроўнем мора. Найбольш нізкая адзнака 80 м — урэз ракі Нёман (самая нізкая ў Беларусі)[3]. Крышталічны фундамент залягае на 100—300 м ніжэй узроўню мора, месцамі перакрыты юрскімі магутнасцю да 40 м, познемелавымі (больш за 100 м), палеагенавымі (да 20 м) і антрапагеннымі (60—140 м) адкладамі. Антрапагенныя адклады разнастайныя і складзены з утварэнняў беларускага, бярэзінскага, дняпроўскага, сожскага, паазерскага зледзяненняў і адкладаў міжледавіковых перыядаў[3]. На паверхні пераважаюць флювіягляцыяльныя і лімнагляцыяльныя пяскі, жвіры, зрэдку жвірова-галечны матэрыял, галацэнавыя азёрныя і балотныя адклады[3].
Рэльеф
Рэльеф тэрыторыі нізіны значна перапрацаваны і зменены эразійна-дэнудацыйнымі працэсамі ў пасляледавіковы час. Тут існавалі вялікія прыледавіковыя азёры. Пад час паазерскага зледзянення было Скідзельскае прыледавіковае возера, пасля спуску якога Нёман атрымаў сцёк у Балтыйскае мора. Пры раставанні паазерскага ледавіка ўтварылася вялікае Сярэднянёманскае возера. Пры адступленні ледавіка ўзровень возера паніжаўся са 123 м да 115 м. У больш позні галацэнавы час сфарміравалася даліна ракі Нёман, якая ў межах Сярэднянёманскай нізіны мае эразійны ўрэз да 25—28 м.
Сучасны рэльеф Сярэднянёманскай нізіны — зандравая раўніна з двума ўзроўнямі (больш высокі 130—140 м прымыкае да Лідскай раўніны). Паверхня плоская, плоскаўзгорыстая, ускладнена тэрмакарставымі западзінамі, эолавымі формамі, невялікімі зарастаючымі азёрамі. Характэрны адзінкавыя дзюны і дзюнавыя грады вышынёй 5—6, часм да 10 м[3].
Гідралогія
Асноўная рака Сярэднянёманскай нізіны — Нёман. Таксама працякаюць рэкі Котра, Пыранка, Нявіша, Гожка, Чорная Ганча. Найбольшыя азёры Белае, Рыбніца, Берштаўскае, Вераўскае, Зацкава.
Прырода
Глебы Сярэднянёманскай нізіны пераважна дзярнова-падзолістыя слабаападзоленыя пясчаныя і супясчаныя, часта забалочаныя, тарфяна-балотныя, у далінах рэк — поймавыя. Лясістасць мясцовасці каля 40 %. Расліннасць належыць да Нёманска-Перадпалескай геабатанічнай акругі[3]. Каля 60 % лясоў хваёвыя, сярод якіх пераважаюць верасовыя і імшыстыя бары. На бярозавыя лясы прыпадае 13—15 %, на яловыя 10 %, на чорнаальховыя 7—9 % агульнай плошчы лясоў[3]. Захаваліся лясныя масівы: Гродзенская пушча, Катранская пушча, Ліпічанская пушча. Тэрыторыя нізіны значна забалочаная. Балоты пераважна нізінныя. Сярод найбольш значных: Святое, Гарачы Бор, Каменны Мост, Масткі-Нівішча[3]. Лугі займаюць каля 10 % плошчы тэрыторыі і знаходзяцца пераважна ў пойме Нёмана і яго прытокаў. У травастоі пераважаюць злакава-разнатраўная расліннасць (цімафееўка лугавая, аўсяніца лугавая, метлюжок, лісахвост і інш.), пашыраны бабовыя (канюшына белая, канюшына чырвоная, чына лугавая), асокі і шматлікае разнатраўе[3].
Зноскі
Літаратура
- Сінякова В. Р. Сярэднянёманская нізі́на // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 15: Следавікі — Трыо / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2002. — Т. 15. — С. 361. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0251-2 (т. 15).
- Сінякова В. Р. Сярэднянёманская нізі́на // Энцыклапедыя прыроды Беларусі. У 5-і т. Т. 5. Стаўраструм — Яшчур / Рэдкал. І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ імя Петруся Броўкі, 1986. — С. 68. — 583 с., іл. — 10 000 экз.
- Геаграфія Беларусі: Энцыклапедычны даведнік. — Мн.: БелЭн, 1992. — 383c.: іл. — ISBN 5-85700-056-4.
- Природа Беларуси : энциклопедия : в 3 т. Т. 1 : Земля и недра / [редколлегия: Т. В. Белова и др.] — Мн.: Беларуская энцыклапедыя імя Петруся Броўкі, 2009. — 459 с.: цв. ил. — ISBN 978-985-11-0472-6, — ISBN 978-985-11-0472-3 (т. 1).
- Туристская энциклопедия Беларуси. — Мн. : БелЭн, 2007. — 648 с. — ISBN 978-985-11-0384-9.
- Геоморфология Беларуси: Учебное пособие для студентов географических и геологических специальностей / Якушко О. Ф., Марьина Л. В., Емельянов Ю. Н. — Мн.: БГУ, 1999. — 173 с. — 400 экз. (руск.)
Спасылкі
- Новик А. А., Власов Б. П., Рудаковский И. А. Геоэкологические особенности озёр Средненеманской низменности // Acta Geographica Silesiana, 17. WNoZ UŚ, Sosnowiec, 2014, s. 63-78 (руск.)