Сярэднедунайская нізіна

Сярэднедунайская нізіна
Каардынаты: 47° пн. ш. 19° у. д.
Вышыня над узроўнем мора 100—200 м
Плошча каля 200 тыс. км²
Рэкі Дунай, Драва, Сава
Азёры Балатон

Сярэднедунайская нізіна (Сярэднедуна́йская раўні́на[1], Венгерская нізіна[1], Ціса-Дунайская нізіна, Панонская раўніна; харв.: Panonska nizina, чэшск.: Panonská pánev, венг.: Kárpát-medence, славацк.: Panónska panva, ням.: Pannonische Tiefebene, рум.: Câmpia Panonică, укр.: Тисо-Дунайська низовина, сербск.: Панонска низија, славенск.: Panonska nižina, басн.: Panonska nizija) — раўніна ў басейне сярэдняга цячэння ракі Дунай, у межах Венгрыі (вялікая частка), Славакіі, Румыніі, Харватыі і Аўстрыі; на паўночным усходзе заходзіць на тэрыторыю Закарпацкай вобласці Украіны. Плошча — каля 200 тыс. км².

Уяўляе сабой міжгорную тэктанічную нізіну, якую атачаюць Альпы, Карпаты, Дынарскае нагор’е і горы Усходняй Сербіі. Сярэднедунайская нізіна з’яўляецца ўзнятым дном Панонскага мора, што існавала ў перыяд пліяцэну. Шэраг гор (напрыклад, града Фрушка-Гара ў Сербіі) з’яўляюцца колішнімі астравамі ў Панонскім моры.

Ландшафт Сярэднедунайскай нізіны — канал ДунайЦісаДунай каля вёскі Руменка, недалёка ад Нові-Сада, Сербія

Вышыня — 100—200 м[1]. Паверхня плоская — у Альфёльдзе (на ўсход ад Дуная) ці слабаўзгорыстая — Дунантуль (на захад ад Дуная) з асобнымі ізаляванымі гарамі сярэдняй вышыні (гэтак званае Задунайскае сярэднегор’е, вышынёй да 757 м). На паўночным захадзе — Кішальфёльд, большая частка якога ўяўляе сабой конус вынасу Прадуная. У склад Сярэднедунайскай нізіны ўваходзяць таксама Заграбскі басейн (на паўднёвым захадзе) і даліны рэк Драва і Сава на поўдні. На Сярэднедунайскай нізіне знаходзіцца возера Балатон. Радовішчы баксітаў (Гант, Іскасентдзьердзь у Венгрыі), нафты, прыроднага газу, бурага вугалю.

Клімат умераны, кантынентальны, на ўсходзе засушлівы. Сярэдняя тэмпература паветра студзеня ад −1 да −2 °C, у ліпені 20—22 °C. Ападкі — 500—600 мм, у гарах — да 900 мм у год. Пераважна чарназёмы і алювіяльныя глебы, на ўсходзе месцамі засоленыя. 70—80 % тэрыторыі Сярэднедунайскай нізіны разараны (пасевы пшаніцы, кукурузы, сады, вінаграднікі). Малаважныя ўчасткі лесастэпаў (галоўным чынам у гарах і перадгор’ях).

Сярэднедунайская нізіна густа населена; найбольш буйныя гарады — Будапешт (Венгрыя), Заграб (Харватыя), Браціслава (Славакія), Тымішаара (Румынія).

Зноскі

Літаратура

  • Сярэднедуна́йская раўні́на, Венгерская нізіна // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 15: Следавікі — Трыо / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. Мн. : БелЭн, 2002. — Т. 15. — С. 359. 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0251-2 (т. 15).
  • Среднедуна́йская равни́на // Т. 24А. Собаки — Струна. М. : Советская энциклопедия, 1976. — С. 369. — (Большая советская энциклопедия : [в 30 т.] / гл. ред. А. М. Прохоров; 1969—1978). (руск.)
  • Середньодуна́йська рівнина́ // Українська радянська енциклопедія : у 12 томах / за ред. М. Бажана. — 2-ге вид. К.: Головна редакція УРЕ, 1974–1985. — Т.10: Салют — Стогові. — 1983. — С. 132. — 543 стор.
  • Среднедуна́йская равни́на, Венгерская низина // Географический энциклопедический словарь: Географические названия (руск.) / Гл. ред. А. Ф. Трёшников; Ред. кол.: Э. Б. Алаев, П. М. Алампиев (зам. гл. ред.) и др. — 2-е изд., исправл. и дополн. М.: Советская энциклопедия, 1989. — С. 452. — 592 с. 210 000 экз. — ISBN 5-85270-057-6.
  • Среднедуна́йская равни́на, Венгерская низина // Энциклопедический географический словарь (руск.). М.: РИПОЛ классик, 2011. — С. 636. — 800 с. — (Словари но­вого века). 5 000 экз. — ISBN 978-5-386-03063-6.
This article is issued from Wikipedia. The text is licensed under Creative Commons - Attribution - Sharealike. Additional terms may apply for the media files.