План трохнефавага сабора з заштрыхаваным сяродкрыжжам

Сяродкры́жжа[1] — у царкоўнай архітэктуры месца перасячэння галоўнага нефа і трансепта, якія ўтвараюць у плане крыж. Пры традыцыйнай арыентацыі царквы праз сяродкрыжжа можна трапіць у заходні неф, у паўднёвы і паўночны трансепты, і ў размешчаны ва ўсходняй частцы храма хор. Сяродкрыжжа часта ўвенчана вежай або купалам, прычым вежы характэрны для раманскіх і гатычных храмаў, а купалы — для сабораў эпохі Адраджэння.

Сабор Святога Пятра з купалам над сяродкрыжжам
Салсберыйскі сабор з вежай над сяродкрыжжам

Паколькі сяродкрыжжа адкрыта на ўсе чатыры бакі, нагрузка ад вежы або купала прыпадае на куты, таму стварэнне ўстойлівай канструкцыі патрабуе ад архітэктара і будаўнікоў ладнага майстэрства. У мінулыя стагоддзі празмерныя амбіцыі стваральнікаў часта прыводзілі да абвальвання такога роду канструкцый.

У залежнасці ад характару перасячэння вылучаюць два тыпы сяродкрыжжа. У першым неф і трансепт маюць роўную вышыню і падкупальны квадрат мае чатыры аднолькавыя аркі. Другі тып — сяродкрыжжа з паніжаным трансептам — можа быць вызначаны па больш нізкіх, вузкіх арках, якія выразна падзяляюць неф, трансепт і хор.

Купал або вежа могуць мець аконныя праёмы для асвятлення царквы, утвараючы ліхтар. У эпоху ранняга Сярэднявечча квадрат сяродкрыжжа часта выкарыстоўвалі пры планіроўцы сабора ў якасці адзінкі вымярэння: даўжыні нефа і трансепта былі кратныя боку квадрата сяродкрыжжа.

Зноскі

Літаратура

  • Сяродкры́жжа ў тархітэхктуры // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 15: Следавікі — Трыо / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. Мн. : БелЭн, 2002. — Т. 15. — С. 356. 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0251-2 (т. 15).
  • Франческа Прина, Елена Демартини 1000 лет мировой архитектуры. — М. «Омега», 2008.

Спасылкі

This article is issued from Wikipedia. The text is licensed under Creative Commons - Attribution - Sharealike. Additional terms may apply for the media files.