Сяргей Нічыпаравіч Бусел | |
---|---|
Род дзейнасці | палітык, аграном |
Дата нараджэння | 19 лютага 1901 |
Месца нараджэння | |
Дата смерці | не раней за 1940 |
Альма-матар |
Сярге́й Нічы́паравіч Бу́сел (19 лютага 1901, Сухоўчыцы, цяпер Капыльскі раён, Мінская вобласць, Беларусь — пасля 1939) — беларускі нацыянальны дзеяч. Удзельнік Слуцкага збройнага чыну.
Біяграфія
Нарадзіўся ў 1901 годзе ў вёсцы Сухоўчыцы Слуцкага павета ў сялянскай сям'і. Пасля заканчэння Раманаўскай вышэйшай пачатковай вучэльні (1916), у жніўні 1917 года паступіў у Слуцкую агульную земскую (беларускую гімназію). Быў адным з лідараў таварыства «Папараць-Кветка», удзельнічаў у беларускім нацыянальным руху. З 1918 года ў складзе Беларускай партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў, уваходзіць у склад ейнага Слуцкага павятовага камітэта. У часе польска-савецкай вайны актыўна ўдзельнічае ў антыпольскім падпольным руху, сябра Часовага Беларускага нацыянальнага камітэта Случчыны. Удзельнік партыйных з'ездаў БПСР у сакавіку і кастрычніку 1920 года ў Смаленску і Менску. Адзін з арганізатараў Беларускага з'езда Случчыны 14—15 лістапада 1920 года[1]. У часе Слуцкага збройнага чыну на даручэнне старшыні Беларускай Рады Случчыны Уладзіміра Пракулевіча прымаў удзел у фармаванні Першай Слуцкай брыгады войскаў БНР у мястэчку Семежава.
Па ліквідаванні збройнага чыну — у складзе аднаго з аддзелаў Беларускай вайсковай камісіі (БВК), пад прыкрыццём мандата рэвідэнта БВК па культурна-асветных справах праводзіў эсэраўскую прапаганду сярод беларускіх сялян Гарадзеншчыны і жаўнераў беларускага батальёна ў Лодзі. Пасля скасавання палякамі БВК у 1921 годзе пераязджае ў Вільню, дзе выконвае заданні Загранічнага бюро БПСР. Каб пазбегнуць арышту, пераязджае ў Коўна (Літва), дзе нейкі час працуе ў Прадстаўніцтве БНР і Міністэрстве беларускіх спраў. У 1922 годзе, паводле рэкамендацыі Урада БНР і персанальна Вацлава Ластоўскага едзе вучыцца ў Прагу (Чэхаславакія), у Вышэйшую тэхнічную школу[1].
У часе навучання на агранамічным факультэце актыўна ўдзельнічае ў жыцці беларускай эміграцыі: блізка сыходзіцца з Тамашом Грыбам, Язэпам Мамонькам, Палутай Бадуновай, Міколам Чарнецкім, уваходзіць у Загранічнае бюро БПСР, актывіст эсэраўскай студэнцкай арганізацыі «Вольная Грамада». У 1929 годзе, пасля заканчэння навучання і атрымання дыплома агранома вяртаецца ў Вільню, дзе спрабуе ўзнавіць мясцовую суполку беларускіх эсэраў. Некаторы час мае сувязь з Цэнтрабелсаюзам Антона Луцкевіча і Радаслава Астоўскага, потым перапыняе кантакты з гэтай групоўкай, выяўляючы сваю рэзкую пазіцыю да палітыкі польскіх уладаў, у прыватнасці, да прыхільнікаў палітычнага рэжыму Юзафа Пілсудскага. Удзельнічаў у працы Беларускага нацыянальнага камітэта ў Вільні, супрацоўнічаў з часопісам «Золак»[1].
Па заняцці Вільні Чырвонай Арміяй у верасні 1939 года ўдзельнічаў у сходзе беларускай інтэлігенцыі, на якім падтрымаў курс на аб’яднанне Заходняй Беларусі з БССР[2]. У кастрычніку 1939 года арыштаваны спецыяльнай групай НКУС БССР і вывезены ў Мінск. У лютым 1940 года прыгавораны да 15 гадоў працоўна-папраўчых лагераў. Далейшы лёс невядомы[1].
Зноскі
- 1 2 3 4 Ул. Ляхоўскі, Ул. Міхнюк, А. Гесь. Слуцкі збройны чын 1920 г. у дакумэнтах і ўспамінах. — 2-ое выд. дапрац.. — Менск: Энцыклапедыкс, 2006. — С. 293—294. — 400 с. — ISBN 985–6599–25–3.
- ↑ На сходзе культурна-асветных работнікаў-беларусаў . Віленская праўда № 4 (26 верасня 1939).(недаступная спасылка)
Літаратура
- Маракоў Л. У. Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі, 1794—1991. Энц. даведнік. У 10 т. Т. 3. Кн.1. — Мн:, 2003. ISBN 985-6374-04-9.
- Ул. Ляхоўскі, Ул. Міхнюк, А. Гесь. Слуцкі збройны чын 1920 г. у дакумэнтах і ўспамінах. — 2-ое выд. дапрац.. — Менск: Энцыклапедыкс, 2006. — С. 293—294. — 400 с. — ISBN 985–6599–25–3.
- Н. Стужынская. Беларусь мяцежная: з гісторыі ўзброенага антысавецкага супраціву: 1920-я гады. — Менск: Выдавец Вараксін А. М., 2012. — 362 с. — ISBN 978-985-7035-04-5.
Спасылкі
- Успаміны ўдзельнікаў слуцкага паўстання Архівавана 4 сакавіка 2016.