Сям’я
Выява
Пасада кіраўніка арганізацыі family head[d]
Вывучаецца ў sociology of the family[d]
URL rdaregistry.info/Element…
Unicode range U+1F46A-1F46D
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы
Сучасная іспанская сям’я разам з усімі сваякамі
Міжасобасныя адносіны
Тыпы адносін
Падзеі
  • Асабістае жыццё
Пачуцці і эмоцыі
Учынкі
Гвалт у адносінах

Сям’я — аб’яднанне асоб, звязаных паміж сабой маральнай і матэрыяльнай агульнасцю і падтрымкай, вядзеннем агульнай гаспадаркі, правамі і абавязкамі, якія вынікаюць са шлюбу, блізкага сваяцтва, усынаўлення. Іншыя сваякі сужэнцаў, непрацаздольныя ўтрыманцы, а ў некаторых выпадках і іншыя асобы могуць быць таксама прызнаны членамі сям’і, калі яны пражываюць сумесна і вядуць агульную гаспадарку[1].

Функцыі сям’і

  • Упарадкавання сексуальных зносін
  • Першаснага сацыяльнага кантролю
  • Эканамічная
  • Рэпрадукцыйная (нараджэння дзяцей)
  • Сацыялізуючая (выхаваўчая)
  • Псіхалагічная — аказанне ўзаемнай падтрымкі і абмен эмоцыямі

Цыкл развіцця сям’і

Стварэнню сям’і папярэднічае шлюб, які звычайна вызначае асаблівасці пабудовы сямейнай арганізацыі. Першай фазай развіцця сям’і з’яўляецца яе пашырэнне. Яно доўжыцца ад шлюбу да нараджэння дзяцей і дасягнення імі рэпрадукцыйнага ўзросту. У гэты перыяд нашчадкі вельмі залежаць ад бацькоў.

Другая фаза — падзел сям’і. Яна пачынаецца з моманту першага шлюбу аднаго з дзяцей і працягваецца пакуль усе дзеці не ажэняцца.

Трэцяя — замяшчэнне ў грамадскай структуры бацькоўскай сям’і сем’ямі дзяцей. Асаблівасць гэтай фазы адбываецца ў залежнасці ад традыцый таго ці іншага грамадства перадаваць сямейную спадчыну. У некаторых супольнасцях дамінуе прымагенетура (ад лац. primum «першы» і genuit «нараджэнне»), калі сямейная маёмасць і першынство перадаюцца толькі першаму дзіцяці (часцей мужчынскага полу). Астатнія дзеці застаюцца ў залежнасці ад яго або вымушаны шукаць самастойнасці за межамі сям’і. У іншых супольнасцях сустракаецца ўльтымагенетура (ад лац. ultimum «апошні» і genuit «нараджэнне») — перадача спадчыны апошняму нашчадку. Яна дазваляе адтэрмінаваць трэцюю фазу. Нашчадак клапоціцца аб састарэлых бацьках.

Тыпы сям’і

Звычайна ў адным грамадстве суіснуюць розныя тыпы сям’і.

Нуклеарная (лац. nucleus «ядро») — малая сям’я, якая звычайна складаецца з мужа, жонкі і дзяцей. Але ў залежнасці ад жыццёвых абставін у яе склад могуць уваходзіць толькі муж і жонка або адзін з бацькоў з дзецьмі. Акрамя таго, палігінныя шлюбы вядуць да фарміравання палігінных сем’яў з мужа, некалькіх жонак і іх дзяцей. У выніку паліандрычных шлюбаў ствараюцца паліандрычныя сямейныя групы з жонкі, яе некалькіх мужоў і сумесных дзяцей.

Пашыраная сям’я складаецца з некалькіх нуклеарных і можа набываць разнастайныя формы. Часцей сустракаюцца пашыраныя патрылакальныя сем’і з мужчыны, яго сыноў, іх жонак і дзяцей. Радзей фарміруюцца пашыраныя матрылакальныя сем’і з жанчыны, яе дочак, іх мужоў і дзяцей, а таксама пашыраныя авункулакальныя сем’і з мужчыны, сыноў яго сястры, іх жонак і дзяцей.

Часам у самастойную форму ці ў адну з форм пашыранай сям’і вылучаюць злучаныя сем’і. Яны складаюцца з некалькіх, часцей за ўсё сваяцкіх сем’яў, якія аб’ядноўваюць намаганні па вядзенню сумеснай гаспадаркі і выхаванню дзяцей. Тыповы прыклад — братэрская злучаная сям’я з братоў, іх жонак і дзяцей. На чале такой сям’і стаіць старэйшы брат.

Тып сям’і залежыць ад розных прычын, у тым ліку асаблівасцей гаспадарчага побыту, фінансавых магчымасцей, наяўнасцю жылля і г. д.

Дзеці ў сям’і

Хоць можна сустрэць сем’і, якія не маюць дзяцей і не збіраюцца імі абзаводзіцца, аднак дзеці — гэта важны элемент сямейных груп, які вызначае іх форму і развіццё. Сям’я з’яўляецца натуральным асяроддзем дзіцяці, на яе ўскладаецца адказнасць за выхаванне і ўтрыманне дзяцей, іх абарону.

Колькасць дзяцей у сям’і часцей залежыць ад планавання, якое сустракаецца ўжо ў традыцыйных грамадствах. У патрыярхальных аграрных супольнасцях, дзе стала патрабуюцца танныя рабочыя рукі, і старыя бацькі маюць магчымасць атрымоўваць догляд і дапамогу ад нашчадкаў, сем’і звычайна былі вялікімі. Але недахоп сродкаў для існавання, вобраз жыцця ці іншыя прычыны часам выклікалі патрэбу ў абмежаванні колькасці дзяцей, што здаўна дасягалася шляхам забароны сексуальных зносін паміж бацькамі, абортаў, засцярогі ад цяжарнасці, інфантацыду, продажам дзяцей у іншыя сем’і ці нават гандлярам рабамі. Вялікі ўплыў на нараджальнасць і колькасць дзяцей у сям’і аказваюць узровень дзіцячай смяротнасці, магчымасць атрымоўваць медыцынскую дапамогу, клопат пра малодшых членах сям’і.

Сямейныя групы заводзяць дзяцей не заўсёды звыклым шляхам. Таксама існуе грамадская працэдура ўсынаўлення. У большасці сучасных краін усынаўленню падлягаюць сіроты ці кінутыя сапраўднымі бацькамі. Клопат пра пошук і выбар прыёмных бацькоў пры гэтым кладзецца на сваякоў, дзяржаўныя ўстановы, рэлігійныя і грамадскія арганізацыі. У некаторых народаў Цэнтральнай Азіі, астравоў Ціхага акіяна, Інданезіі раней было звычайным перадаваць дзяцей бяздзетным сваякам і сябрам. Прычым, такая перадача лічылася шчодрым падарункам ці актам падтрымкі. У гэтых і іншых групах вядомыя выпадкі, калі дзяцей захоплівалі сілком.

З іншага боку, сям’я праз выхаванне, адукацыю і абмен эмоцыямі аказвае непасрэдны ўплыў на дзяцей як будучых членаў грамадства.

Галерэя

Гл. таксама

Зноскі

Літаратура

Спасылкі

This article is issued from Wikipedia. The text is licensed under Creative Commons - Attribution - Sharealike. Additional terms may apply for the media files.