Сяло — тып буйнога сельскага пасялення, часцей за ўсё цэнтра воласці, у цэнтры якога меліся царква або касцёл. Азначэнне ўжываецца ў старажытных летапісах і распаўсюджана ва ўсіх славянскіх мовах.
Першыя сёлы як прыналежныя ўладальніку вёскі ўзніклі ў XII ст. — XIII ст. у сувязі з запрыгоньваннем сельскай абшчыны. У летапісных паведамленнях таго часу шырока згадваюцца княжыя, баярскія, царкоўныя сёлы. Першапачаткова тэрмін "сяло" меў значэнне загараднай сядзібы князя, дзе побач з гаспадарскім дваром месціліся і хаты чэлядзі. У той жа час, у адрозненне ад пагоста, яно мела функцыі цэнтра вотчынна-памесных уладанняў на пэўнай тэрыторыі.
Галоўная прыкмета сяла — наяўнасць абшарніцкага маёнтка. У астатнім структура нагадвала забудову пагоста-цэнтра: царкоўны двор, карчма, грамадская крама, вуліцы-канцы з сялянскімі дварамі. На працягу існавання феадальна-прыгоннай сістэмы сёлы захоўвалі сваё значэнне тэрытарыяльна-ўладальніцкіх цэнтраў. З канца XVII ст. у сувязі з дыферэнцыяцыяй адміністрацыйных правінцый (ваяводстваў, старостваў, дзяржаў) сёлы таксама набываюць значэнне мясцовых адміністрацыйна-тэрытарыяльных цэнтраў. Пасля далучэння земляў Беларусі да Расійскай імперыі сёлы, як правіла, робяцца цэнтрамі валасцей у складзе паветаў. Пазней, у XIX ст. абавязковымі атрыбутамі сяла сталі царква або касцёл, вучылішча і валасное праўленне. У XX ст. сёлы робяцца цэнтрамі сельскіх саветаў, калгасаў і саўгасаў, трапляюць у пералік перспектыўных паселішчаў, многія з якіх у 1970-я — 1980-я былі перабудаваны паводле ўзорных генпланаў і сталі адметнымі аграпрамысловымі цэнтрамі.[1]
Зноскі
- ↑ Беларусы: У 8 т. Т.2. Дойлідства/ А. І. Лакотка; Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору; Рэдкал.: В. К. Бандарчык, М. Ф. Піліпенка, А. І. Лакотка. — Мн.: Тэхналогія, 1997. С. 19—21
Літаратура
- Грыцкевіч А. П. Сяло́ // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 15: Следавікі — Трыо / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2002. — Т. 15. — С. 337. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0251-2 (т. 15).
- Уладзімір Гуркоў. Сяло́ // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 6. Кн. 1: Пузыны — Усая / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн. : БелЭн, 2001. — С. 463. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0214-8.
- Беларускае народнае жыллё / [Э. Р. Сабаленка і інш.] ; рэдактар В. К. Бандарчык ; Акадэмія навук БССР, Інстытут мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору. — Мінск: Беларуская навука, 1973. — 125 с. — 2 250 экз.
- Сяло́ // Тлумачальны слоўнік беларускай мовы: У 5-ці т / АН БССР, Інстытут мовазнаўства імя Я. Коласа. — Мн.: Беларус. Сав. Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі, 1983. — Т. 5 кн. 1: С — Улагодзіць / [рэдактар М. Р. Суднік]. — С. 447. — 663 с.
- Беларусы: у 8 тамах / А. І. Лакотка, рэдкал. В. К. Бандарчык, М. Ф. Піліпенка, А. І. Лакотка, «Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору» — Мінск: «Тэхналогія», 1997. — ISBN 985-6234-28-X, т. 2.