Сядзібна-паркавы комплекс | |
Лошыцкі сядзібна-паркавы комплекс | |
---|---|
53°51′03,60″ пн. ш. 27°34′42,60″ у. д. | |
Краіна | Беларусь |
Вёска | Лошыца |
Архітэктурны стыль | эклектыка |
Будаўніцтва | XVIII—XIX стагоддзі |
Будынкі | |
парк • сядзібны дом • флігель • домік вартаўніка • рэшткі капліцы • рэшткі млына | |
Статус | Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 712Г000266 |
Стан | рэканструяваны |
Сайт | loshytsa.museum.by |
|
|
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Сядзібна-паркавы комплекс Прушынскіх — помнік сядзібна-паркавага мастацтва XVIII—XIX стагоддзяў. Знаходзіцца на паўднёвай ускраіне Мінска ў сутоках рэк Свіслач і Лошыца каля былой вёскі Лошыца 1-я. Гісторыка-культурная каштоўнасць рэспубліканскага значэння[1].
Назва
Назва Лошыца ад назвы прытока Свіслачы ракі *Лошы (пазнейшая памяншальная форма — Лошыца). Назва балцкага паходжання.
Звязана або з літоўскім lašėti «капаць», або з аманімічным яму lašėti «блішчэць», lašis «ласось»[2] (назва ласося матываваная яго стракатай, блішчастай луской[3]).
Назва Лоша (> Лошыца) магла значыць як «Ціхаплынная (рака)», так і «Ласасіная (рака)» або нават «Блішчастая (рака)».
Гісторыя
Напэўна, з X—XIII стагоддзяў тэрыторыя сядзібы ўваходзіла ў склад пэўнай воласці, якая з часам раздрабнілася на шэраг маёнткаў, у т. л. Лошыцу Вялікую, Лошыцу Малую, Лошыцу Гарнастаеўскую[4]
Двор Лошыцкі вядомы з 1557 года. Ад князёў Друцкіх-Талачынскіх маёнтак перайшоў ва ўласнасць князёў Друцкіх-Горскіх, абодва роды, магчыма, паходзяць ад полацкага, а таксама друцкага князя Рагвалода Барысавіча. Першае ўпамінанне Друцкіх-Горскіх у сувязі з Лошыцай датуецца 1582 годам. У 1597 годзе маёнткам валодаў князь Фёдар Друцкі-Горскі. У 1640 годзе адбылося аддзяленне Лошыцы ад суседняга Новага Двара.
У 1703 г. маёнтак перайшоў Ежы-Антонію Прушынскаму, пазней да яго сына ад Тэрэзы Ратомскай — маршалка галоўнага трыбунала Юзафа Прушынскага (1709—1790), кавалера ордэнаў Белага Арла і Св. Станіслава. З яго імем звязана фарміраванне барочнай сядзібы другой паловы XVIII стагоддзя. У гэты час Лошыца вядома па інвентарах 1772, 1777, 1785 гадоў. У 1779 годзе ўладанні былі падзелены паміж сынамі Юзафа (1709—1790): маёнтак Лошыца разам з фальваркам Весялоўка пад Мінскам адышоў малодшаму (шостаму) сыну Казіміру; Новы Двор і Трасцянец дасталіся Антонію; Каралішчавічы — старосце мінскаму Станіславу (1753—1800). Лошыцкі маёнтак ад Казіміра атрымаў у спадчыну сын Антонія — Станіслаў-Ксаверый (пам. 1807), пасля смерці якога ўладальніцай стала яго жонка Ганна з роду Сямашкаў. Затым маёнткам валодалі іх сын Ірэній, які памёр маладым, а пасля брат апошняга — Яўстах Станіслававіч Прушынскі (1797—1877), мінскі губернскі маршалак (1863—1877)[5]. Часта бываў тут Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч, які сябраваў з Яўстахам Прушынскім[5].
Пасля смерці бяздзетнага Яўстаха Прушынскага (1797—1877) яго маёнтак Лошыца ў 1877 г. перайшоў у валоданне яго пляменніка — Яна Янавіча Любанскага (1820—1884), сына Яна Віктаравіча Любанскага і Тэклі Прушынскай, сястры Яўстаха Прушынскага. З Яўстахам Янавічам Любанскім (1859—пасля 1913), сынам Яна Янавіча Любанскага (1820—1884) і яго жонкі Аляксандры Юзафаўны Сулістроўскай, звязаны найбольш паспяховы перыяд развіцця маёнтка. Маёнтак стаў адной з лепшых гаспадарак Мінскай губерні, а Лошыца стала вядомым месцам свецкага жыцця[1], тут збіраліся заможныя дваране (Эдвард Вайніловіч, граф Ежы Чапскі і інш.) і прагрэсіўная інтэлігенцыя Мінскай губерні. Яўстах Любанскі быў членам камітэта па будаўніцтве касцёла Святога Сымона і Святой Алены ў Мінску, выбіраўся ў мінскую гарадскую і Дзяржаўную думу першага склікання, быў актыўным членам Мінскага таварыства сельскай гаспадаркі, старшынёй камітэта Мінскай лясной біржы, а таму добра ведаў сельскую гаспадарку. У развіцці маёнтка вялікую ролю адыграла і яго жонка Ядвіга Геранімаўна Кеневіч (пам. 1905). Пасля яе трагічнай смерці (у 1905 г.) праз пэўны час (у 1913 г.) Яўстах пакінуў сядзібу, выехаў на Каўказ і знік невядома дзе. Апошнім прыватным уладальнікам сядзібы і лошыцкага маёнтка быў яго брат Аляксандр Янавіч Любанскі з Любані[1], бо савецкая ўлада нацыяналізавала ў 1920 г. зямлю і палац лошыцкага маёнтка ў Любанскіх.
У 1925 г. у Лошыцы па ініцыятыве акадэміка М. Вавілава быў арганізаваны і паспяхова працаваў пад яго кіраўніцтвам Беларускі аддзел Усесаюзнага інстытута раслінаводства. Актыўна праводзілася інтрадукцыя пладова-ягадных раслін, былі створаны багатыя калекцыі зыходнага матэрыялу для селекцыі. Тут зарадзілася і сфарміравалася вядомая беларуская школа памолагаў-селекцыянераў. 15 верасня 1928 г. М. Вавілаў прыязджаў у Лошыцу. Пазней тут быў арганізаваны Беларускі НДІ пладаводства, агародніцтва і бульбаводства.
У 1930-я гады на тэрыторыі парку рэпрэсіўнымі органамі БССР праводзіліся расстрэлы[6]. Таксама тут, прыкрываючыся шыльдай сельгасінстытута, праходзіла навучанне дыверсійная брыгада беларускіх чэкістаў і ў суседнюю Польшчу закідваліся «народныя мсціўцы»[4].
Падчас Вялікай Айчыннай вайны ў сядзібе знаходзіліся вярхі нямецкіх акупацыйных улад (глава — мінскі абласны камісар У. Фрайтаг). Пасля вайны Лошыцкі парк быў аддадзены пад сельгасугоддзі саўгаса «Лошыца» (займаў 93 га)[4].
У 1988 г. Лошыцкі парк быў абвешчаны помнікам гісторыі, культуры і архітэктуры[4].
У 1993 г. распрацаваны праект па аднаўленні парку, завяршаецца аднаўленне сядзібнага дома[1]. У 1997 г. згарэў асноўны будынак гаспадарчага двара[5]. У 1998 г. комплекс быў перададзены ўнітарнаму прадпрыемству «Мінскзелянбуд»[4][7].
Сядзібны дом з 1986 г. і да апошняга часу з’яўляўся адным з дзевяці філіялаў Нацыянальнага мастацкага музея. Затым яго перадалі ў камунальную ўласнасць Мінгарвыканкама[4].
У ліпені 2010 года не вытрымаў моцных парываў ветру Заручальны дуб, якому, мяркуючы па кольцах, было тры сотні гадоў[8].
7 лістапада 2010 г. у Лошыцкім яры ў мемарыяльнага знака на месцы гібелі ахвяр сталінізму прайшоў мітынг (традыцыйная акцыя КХП-БНФ памяці ахвяр сталінскіх рэпрэсій, прысвечаная Дню памяці продкаў «Дзяды»)[9]
Увосень 2011 года адбылося адкрыццё комплексу пасля рэканструкцыі. Адміністрацыяй Ленінскага раёна прынята рашэнне абвясціць тэрыторыю комплексу зонай, свабоднай ад курэння[10].
Архітэктура
Планіроўка
Ад сядзібы другой паловы XVIII стагоддзя захавалася ўязная ліпавая алея, якая размешчана на асноўнай падоўжнай кампазіцыйнай восі былога барочнага ансамбля. Вось заканчвалася сядзібным домам, размешчаным каля грэбеня тэрасы. Аб наяўнасці рэгулярных кампазіцый каля дома можна меркаваць па старых ліпах былых лінейных пасадак. Уяўленне аб складзе сядзібы таго часу дае інвентар 1772 года. Акрамя сядзібнага дома яна ўключала флігель, кухню, стайню, карэтную, уязную браму, капліцу. Уздоўж уязной алеі, як і ў многіх сядзібах таго часу, размяшчаліся сады. З правага боку да саду прымыкалі гаспадарчыя пабудовы (гумно, сенавалы). Акрамя таго, меўся вялікі ў некалькі гектараў прамавугольны вадаём з мостам. За вадаёмам на правым беразе быў пабудаваны гаспадарчы двор[1].
Прыкладна ў 1890 г. сядзіба была перабудавана і набыла эклектычныя рысы, паяднаўшы нацыянальны рамантызм, стыль швейцарскага шале і драконавага стылю. Планіроўка страціла рэгулярнасць, але агульныя рысы яе кампазіцыі не змяніліся. На месцы баскетаў утвораны пейзажныя кампазіцыі. Перабудаваны сядзібны дом, флігель, знесены старыя гаспадарчыя пабудовы, створаны новы гаспадарчы двор, а на месцы старога ўзнік прамысловы комплекс[1]. Асноўны будынка гаспадарчага двара прамавугольны ў плане, незвычайна вялікіх памераў (88х20 м). Высокі дах апіраўся на магутныя каменныя атынкаваныя слупы (з бакамі 1,2 м)[5].
Сядзібны дом
Сядзібны дом у 1895 г. прыняў адна-двухпавярховы выгляд з прамавугольнай у плане асіметрычнай аб’ёмна-прасторавай кампазіцыяй. Складаецца з аднапавярховага драўлянага з двухсхільным дахам і прыбудаванага да яго тарца двухпавярховага мураванага аб’ёмаў з верандай на высокім цокалі і высокім чатырохсхільным дахам[1][5].Прамавугольныя аконныя праёмы цокальнага паверха аформлены атынкаванымі абрамленнямі, першага і другога паверхаў — дэкараваны разнымі драўлянымі ліштвамі, на першым паверсе з сандрыкамі. Франтоны і карнізы аздоблены разнымі дэкаратыўнымі элементамі. У інтэр’еры захаваліся 16 печак і адзін камін, ляпніна. Тры печы абліцаваны карычневай рэльефнай кафляй, адна печка — паліхромнай кафляй, астатнія — белай кафляй. Камін абліцаваны зялёнай рэльефнай кафляй[5].
Капліца-пахавальня
З пабудоў трэба таксама адзначыць капліцу-пахавальню Прушынскіх (захавалася ў руінах), размешчаную на высокім месцы з правага боку ўязной алеі, недалёка ад уязной брамы ў акружэнні дрэў хвоі чорнай (Pinus nigra)[1]. Пабудавана ў 1788 г. і кансекраваная пад тытулам Найсвяцейшай Дзевы Марыі[5]. Мураваны будынак быў васьмігранным у плане, з шатровым дахам, які завяршаўся шлемападобным купалам на глухім барабане. Сцены атынкаваныя, аздоблены пілястрамі. Тут былі пахаваны многія пакаленні ўладальнікаў маёнтка[1]. Капліца-пахавальня захавалася часткова.
Флігель з вежай
Флігель з вежай, які складаецца з драўлянага і прыбудаванага мураванага аб’ёмаў, стаіць на старым мураваным фундаменце. На ніжнім паверсе жыла чэлядзь, наверсе — кіраўнік маёнтка[1].
Парк
Дом з флігелем утвараюць параўнаўча вялікі парадны двор, у цэнтры якога ў форме эліпса размешчаны пад’язны круг. У параднай частцы выяўлены барочныя элементы: тэрасіраванне склонаў і клумба з фарміраванымі ў мінулым ліпамі[1].
З боку ўезду двор замыкаўся брамай з жалезнымі варотамі і магутнымі цаглянымі пілонамі, да якіх была прыбудавана ў эклектычных формах невялікая вартаўнічая будка. Уязная ліпавая алея, якая вяла ад былога Ігуменска-Мінскага тракта (вул. Маякоўскага) захавалася часткова. Яна прыпаднята ў сувязі з падсыпкамі і, нягледзячы на страты, прываблівае сваімі памерамі і магутнымі ліпамі з развесістымі кронамі, узрост якіх складае прыблізна 250 гадоў[1].
Невялікі паркавы партэр аформлены ў выглядзе нешырокай тэрасы. Ад яго і сядзібнага дома раскрыты перспектывы, арыентаваныя на пойму[1].
У аснове кампазіцыі пейзажнай паўночнай часткі парку ляжыць вялікая паляна, ахопленая з боку саду нешырокай паласой насаджэнняў дрэў. Яе контур маляўніча зрэзаны, а прастора ўпрыгожана інтрадукаванымі дрэвамі. Асаблівай прыгажосцю вылучаецца частка парку на крутым грэбені тэрасы, уздоўж якога растуць ліпы XVIII стагоддзя і адзінкавыя яшчэ больш старыя дубы[1].
У паўночнай частцы парку, у пойме Лошыцы, размешчана другая паляна, добра абазначаная геамарфалагічнымі межамі. Па заходняй мяжы яе праз мост праходзіць уязная дарога, якая звязвае сядзібу з былым Ігуменскім трактам (вул. Чыжэўскіх) і гаспадарчым дваром.[1].
У канцы XIX ст. на другім беразе Лошыцы пабудаваны вінакурны комплекс, які ўключае дом-інтэрнат для рабочых і вінакурню — мураваны чатырохпавярховы будынак з паўцыркульнымі вокнамі, пабудаваны ў 1896 г. На другім баку ўязной дарогі каля берага Лошыцы ўзведзены двухпавярховы мураваны вадзяны млын (пасля дамы былі прыстасаваны пад жыллё). З другога боку сядзібы, каля Свіслачы, Яўстафіем Любанскім быў узведзены з цэглы другі 12-колавы млын (сцены будынка захаваліся)[1].
Сады, былыя гадавальнікі і калекцыі Беларускага аддзела Усесаюзнага інстытута раслінаводства, якому доўгі час належала Лошыца, утвараюць вялікі масіў насаджэнняў (35 га), які прымыкае да гістарычнай сядзібы. З боку вул. Маякоўскага ён ахоплены мураванай сцяной, пабудаванай у 1950-я гады[1].
Крыніцы
- 1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь: [Даведнік] / склад. В. Я. Абламскі, І. М. Чарняўскі, Ю. А. Барысюк. — Мн.: БЕЛТА, 2009. — 684 с. — 1 000 экз. — ISBN 978-985-6828-35-8.
- ↑ A. Vanagas. Lietuvių hidronimų etimologinis žodynas. — Vilnius, 1981. — С. 182.
- ↑ В. Н. Топоров. Прусский язык. L. Москва, 1990. С. 109.
- 1 2 3 4 5 6 Филиппович А. Белая лошадь в дремучем парке // Редакция «7 дней», БЕЛТА.
- 1 2 3 4 5 6 7 Лошыцкі сядзібна-паркавы комплекс(недаступная спасылка)
- ↑ Картофель называли «лошицким» Архівавана 13 мая 2012.//Юлия ПАНКРАТЬЕВА, Газета «Минский курьер» № 203 (2042), 4 августа 2010
- ↑ Жемчужина «Золотого кольца»
- ↑ Погиб талисман Лошицкого парка в Минске Архівавана 12 сакавіка 2013.
- ↑ В Лошицком яре прошел митинг памяти жертв сталинских репрессий Архівавана 4 мая 2014.
- ↑ Лошыцкі парк абвесцяць зонай, свабоднай ад курэння
Літаратура
- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 9: Кулібін — Малаіта / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1999. — Т. 9. — 560 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0155-9 (т. 9).
- Республика Беларусь. Т. 4. энциклопедия. — Мн., 2007.
- Кур’яновіч, Ю. У. Аповеды старасвецкай Лошыцы : Краязн. нарыс / Юры Кур’яновіч — Мн. : Бізнесафсет, 2005. — 96 с.
- Трусов, О. А. Изразцовые печи из лошицкой усадьбы // Строительство и архитектура Белоруссии. — 1989. — № 6. — С. 36—39: ил.
- Раюк, А. Р. Род Любанскіх у этнагістарычных працэсах у Беларусі ў канцы XVIII — пачатку XX ст. / А. Р. Раюк // Беларуская этнаграфія, этналогія і антрапалогія : зб. навук. арт. / уклад. і навук. рэд. А. У. Гурко; рэдкал.: А. У. Гурко (гал. рэд.) [і інш.] ; Нац. акад. навук Беларусі, Цэнтр даслед. беларус. культуры, мовы і літ. — Мінск : Беларус. навука, 2023. — Вып. 2. — С. 113—123.
Спасылкі
- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Лошыцкі сядзібна-паркавы комплекс
- Лошыцкі сядзібна-паркавы комплекс Архівавана 2 чэрвеня 2013.
- Лошыцкі сядзібна-паркавы комплекс Архівавана 25 лістапада 2012.
- Лошыца Архівавана 23 студзеня 2013. // Мінск стары і новы
- Лошыца // Глобус Беларусі
Артыкулы
- Людміла Луцэвіч, Расціслаў Баравой Лошыца: Унікальны сядзібна-паркавы комплекс. Архітэктура і будаўніцтва, 24.12.2003
- Аляксандр Філіповіч Белы конь у дрымучым парку, 7 дзён
- Алена Альфер За цёмнай далечай Лошыцкіх алей, 7 дзён
- Віталь Мазуркевіч Як адрадзіць Лошыцу? Вячэрні Мінск, 4.08.2004
- У Лошыцкім парку жыве прывід., Камсамольская праўда, 31.05.2003
- Наталля Тышкевіч Лошыца — мінская жамчужына
- Лошыца, горад Мінск, Беларусь
- Алена Карніенка Парк, дзе спяць стагоддзі. Мінскі кур’ер, 28.05.2004
- Акадэмік Н. І. Вавилов і вёска Лошыца Мінскага раёна (1887—1943 гг.). Сайт школы № 44
- Сядзібны комплекс у Лошыцы
- Святлана Шыдлоўская Легенды Лошыцы
- Алёна Бас Сядзіба таямніц і натхненні
- Дзмітрый Карсак Кошт высокага пачуцця. Савецкая Беларусь, 12.06.2003
- Указ аб уключэнні вёскі Лошыца 1-я Навадворскага сельсавета Мінскага раёна ў гарадскія межы горада Мінска
- Цудоўная спадчына