Славутасць | |
Сядзібна-паркавы ансамбль Мядзведскіх | |
---|---|
| |
55°03′25,69″ пн. ш. 29°09′07,19″ у. д. | |
Краіна | Беларусь |
Вёска | Двор Нізгалава |
Архітэктурны стыль | позні класіцызм |
Дата заснавання | другая палова XIX стагоддзя |
Будынкі | |
сядзібны дом • афіцына • кухня • вяндлярня • 2 гаспадарчыя корпусы • парк | |
Статус | Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 212Г000152 |
|
Сядзібна-паркавы ансамбль Мядзведскіх — помнік сядзібна-паркавай архітэктуры другой паловы XIX ст. Створаны на ўскраіне в. Двор Нізгалава (Бешанковіцкі раён), на беразе р. Ула, у стылі позняга класіцызму. Комплекс уключае: гасподу (пашкоджаная ў 1944 г., адноўленая ў 1970 г.), афіцыну, кухню, вяндлярню, два гаспадарчыя корпусы.
Архітэктура
Гаспода — простакутны ў плане аднапавярховы мураваны аб'ём, накрыты вальмавым дахам. У пластыцы фасадаў выкарыстаныя элементы класіцызму з характэрнай для другой паловы XIX ст. адвольнай трактоўкай ордару.
- Кухня
- Кузня
- Вяндлярня
Парк
Ад гасподы да поймы ракі спускаюцца чатыры тэрасы, абсаджаныя шпалерамі з елкі звычайнай. Тэрыторыя сядзібнай забудовы злучаецца з паркавай зонай невялікімі курцінамі з елак, хвояў і клёнаў. Кампазіцыя парку (плошча 4 га) — прыклад перабудовы рэгулярнага парку (элементы якога зберагліся) у пейзажны. Рэгулярны парк складаўся з дзевяці аднолькавых баскетаў, якія дзяліліся чатырма падоўжанымі і чатырма папярочнымі алеямі з круглымі пляцоўкамі на перакрыжаваннях. Пры перабудове парку ў пейзажны высаджаныя экзоты і дэкаратыўны хмызняк, на месцы падоўжаных алей зробленыя маляўнічыя палянкі. Сярод насаджэнняў парку лепшы ў рэспубліцы экзэмпляр бярозы далекарлійскай (вышыня 17 м, дыяметр ствала 58 см), рэдкі на Беларусі кедр еўрапейскі калонападобны (вышыня 12 м, дыяметр ствала 48 см).
На тэрыторыі былой сядзібы размешчана школа. Комплекс — помнік рэспубліканскага значэння.
Літаратура
- Архітэктура Беларусі: Энцыклапедычны даведнік. — Мн.: БелЭн, 1993. — 620 с. — ISBN 5-85700-078-5.
Спасылкі
- На Вікісховішчы пакуль няма медыяфайлаў па тэме, але Вы можаце загрузіць іх
- Сядзібна-паркавы ансамбль (Двор Нізгалава) на сайце Radzima.org
- Сядзібна-паркавы ансамбль (Двор Нізгалава) на сайце Глобус Беларусі (руск.)