Сядзіба | |
Сядзіба Любенскіх | |
---|---|
55°15′03″ пн. ш. 28°28′41″ у. д. | |
Краіна | Беларусь |
Вёска | Вухвішча |
Архітэктурны стыль | Класіцызм |
Дата пабудовы | XIX стагоддзе |
|
Сядзіба Любенскіх — былая сядзіба ў в. Вухвішча Полацкага раёна Віцебскай вобласці.
Гісторыя
Пабудавана ў пачатку XIX стагоддзя. Помнік знішчаны ад маланкі ў міжваенны перыяд.
Архітэктура
Сядзіба з’яўляецца творам архітэктуры класіцызму. Прамавугольны ў плане драўляны дом стаяў на высокім падмурку пад высокім вальмавым дахам з парамі лучковых люкарн. Па баках галоўнага фасада размяшчаліся два мураваныя чатырохкалонныя порцікі з трохвугольнымі франтонамі. Уваход цераз правы порцік вёў у службовую палову дома, цераз левы — у жылыя і парадныя памяшканні. На тыльным фасадзе выступала невялікая тэраса. У другой палове XIX стагоддзя да левага тарца дома была прыбудавана кухня.
Планіроўка дома была анфіладнай двухраднай. Сярэдзіну франтальнага рада займала вялізная бальная зала ў тры акны. Такую ж велічыню меў далучаны да бальнай залы з паркавага боку салон з двума вокнамі і шклянымі дзвярамі, якія вялі на тэрасу. Невялікі квадратны пакой злева ад бальнай залы служыў бібліятэкай, справа — сталовай. Далей па левым баку ад залы размяшчаўся двухаконны пакой, названы «партрэтнай», па правым — квадратны жылы пакой. Правае крыло дома заканчвалася чатырма малымі гасціннымі, левае — крэдэнсам, канцылярыяй і службовым пакоем. Парадныя апартаменты аднолькава апрацаваны. Абсталяванне інтэр’ераў уключала разнастылёвую мэблю, люстры на кансолях у багатых разных рамах барочнага стылю.
Англійскі парк быў аб’яднаны з садам і займаў плошчу каля 10 га. Маляўнічасць яму надаваў хвалісты рэльеф мясцовасці і атачэнне азёраў, да аднаго з якіх парк спускаўся палогім схілам. Праз парк прабягаў ручай. Скрыжаванні алей акцэнтаваліся клумбамі. З боку гасцінца і возера ішла жывая агароджа са старажытных елак і ліп.
Справа ад дома стаяў гасціны флігель, злева — свіран. За імі ў два рады размяшчаліся гаспадарчыя будынкі. Некалькі відавых кропак парку былі разлічаны на прыхаджан касцёла, пабудаванага ў сярэдзіне XIX стагоддзя. Ён быў знішчаны ў гады Другой сусветнай вайны[1].
Зноскі
Літаратура
- Ухвішчанская сядзіба // Страчаная спадчына / Т. В. Габрусь [і інш.]. — Мінск : Беларусь, 2003. — C. 224—225.