Сюзанэ, сюзані (тадж.: Сўзана, узб.: So'zana, перс.: سوزندو) — від дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, які ўяўляе сабой ручную вышыўку па баваўнянай (часам шаўковай) тканіне шаўковымі ці баваўнянымі ніткамі, распаўсюджаны ў Таджыкістане, Узбекістане і Іране. Слова сюзанэ з персідскай мовы (сузан) азначае іголку. Мастацтва вырабу такіх тканін у Іране называецца сузандозі (перс.: سوزندوزی).
Гісторыя
Лічыцца што мастацтва сюзанэ узнікла ў канцы 18 — пачатку 19 стагоддзяў, але некаторыя спецыялісты мяркуюць, што яны былі прыдуманыя нашмат раней. У пачатку 15 стагоддзя пасол Кастыліі Руй дэ Клавіха Гансалес які быў у Тамерлана ў Самаркандзе, пакінуў падрабязныя апісанні вышывак, якія, верагодна, і былі папярэднікамі сюзанэ.
Тэхналогія стварэння
Будучае сюзанэ складвалі з некалькіх палос шырынёй каля 40-50 см і сшывалі на «жывую» нітку. Пасля нарыхтоўку раскладвалі на падлозе і малявалі ўзор адразу па ўсёй паверхні спосабам, які дазволіць малюнку захавацца на працягу некалькіх месяцаў да сканчэння вышыўкі[1]. Пасля гэтага сюзанэ разбіралі і вышывалі кожную паласу асобна на падрамніку. Пры гэтым як у час вышывання, так і пры сшыванні палос пакідалі наўмысныя памылкі, якія рабіліся, каб падмануць злых духаў, што захочуць праз сюзанэ зрабіць шкоду дому[2]. Гэтыя памылкі маглі быць як яўнымі для хатніх сюзанэ, што застануцца ў сям'і — няроўнае шво, ніткі рознага адцення колеру ў адным элеменце, так і вельмі тонкімі і амаль незаўважнымі для сюзанэ, прызначаных для пасагу або падарункаў сваякам — розны малюнак у кожным куце дывана, неаднолькавыя кветкі ў паўторным арнаменце, «забытыя» элементы[2].
Мастацкае афармленне
Звычайнымі узорамі сюзанэ з'яўляюцца насценныя дываны прамавугольнай формы, якія часам складаюцца з некалькіх сшытых паміж сабою частак[3], але гэтая тэхніка можа выкарыстоўвацца і на іншых тэкстыльных вырабах: абрусах, покрыўках, коўрыках для малітвы і гэтак далей.
Папулярнымі матывамі вышывак сюзанэ з'яўляюцца геаметрычныя фігуры, лісце, вінаградныя гронкі, кветкі (цюльпаны, гваздзікі, касачы), сонца і луну, а часам і сілуэты птушак і рыб.
Колеравая гама сюзанэ можа дасягаць 10-15 тонаў, але у майстрых, што ствараюць іх, атрымліваецца захаваць раўнавагу і гарманічнасць вышыўкі[4].
Знешні выгляд сюзанэ моцна адрозніваецца ад рэгіёна, паколькі ў кожнай мясцовасці існуе свая мастацкая традыцыя аздаблення вышывак.
Віды сюзанэ
- Самаркандскае сюзанэ
- Бухарскае сюзанэ
- Худжандскае сюзанэ
- Шахрысабскае сюзанэ
- Урацюбінскае сюзанэ
- Істараўшанскае сюзанэ
- Лакайскае сюзанэ
- Нурацінскае сюзанэ
- Пскенцкае сюзанэ
- Ташкенцкае сюзанэ
- Персідскае сюзанэ
- Андзіжанскае сюзанэ
Абрадавае значэнне
Ва ўзбекскай традыцыі сюзанэ з'яўляюцца неад'емнай часткай пасагу нявесты. Лічылася, што калі пакінуць незавершаны кавалачак у сюзанэ, то ў доме не скончацца вяселлі, а дачка будзе здаровай[4].
Вывучэнне і даследаванні сюзанэ
Сюзанэ лічацца творамі дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва і з'яўляюцца часткамі мастацкіх калекцый розных музеяў. Дзякуючы велізарнай збіральнай дзейнасці Вольгі Аляксандраўны Сухаравай, адна з найлепшых ва Узбекістане калекцый узбекскай і таджыкскай вышыўкі захоўваецца ў Самаркандскім музеі[5]. Па выніках яе даследаванняў ужо пасля смерці В. А. Сухаравай на рускай і англійскай мовах была выдана кніга, якую ўпрыгожылі выявы сабраных ёю сюзанэ[6][7].
Сучаснае жыццё сюзанэ
Сюзанэ шырока выкарыстоўваецца ў інтэр'ерах як у краінах, дзе падобныя вышыўкі з'яўляюцца традыцыйнымі, так і ў іншых краінах для стварэння асаблівага ўсходняга каларыту. З іх робяць абрусы, посцілкі, выкарыстоўваюць іх для абіўкі мэблі і ў якасці насценных пано[8].
У філатэліі
У 2009 годзе ва Узбекістане былі выпушчаны паштовыя маркі, якія паказваюць розныя віды мясцовых сюзанэ.
- Самаркандскае сюзанэ
- Бухарскае сюзанэ
- Пскенцкае сюзанэ
- Андзіжанскае сюзанэ
Зноскі
- ↑ Рисование сюзане (руск.)
- 1 2 Ошибки и ловушки в сюзане (руск.)
- ↑ Сюзане. Декоративное искусство Узбекистана Архівавана 23 верасня 2015. (руск.)
- 1 2 Чтобы свадьбы в доме не кончались…Или о чем поет сюзане (руск.)
- ↑ В Москве издана книга «Сузани. Среднеазиатская средневековая вышивка» (руск.)
- ↑ Сухарева О. А. Сузани. Среднеазиатская декоративная вышивка. Институт этнологии и антропологии им. Н. Н. Миклухо-Маклая. — «Восточная литература» РАН, Москва 2006 г., ISBN 5-02-018495-0. Тираж: 800 экз.
- ↑ Все грани традиционной вышивки (руск.)
- ↑ Сюзане в современном интерьере Архівавана 28 ліпеня 2017. (руск.)
Літаратура
- Сюзане // «Популярная художественная энциклопедия.» Под ред. Полевого В. М.; М.: Издательство «Советская энциклопедия», 1986.
- Сухарева О. А. Сузани. Среднеазиатская декоративная вышивка. Институт этнологии и антропологии им. Н. Н. Миклухо-Маклая. — «Восточная литература» РАН, Москва 2006 г., ISBN 5-02-018495-0. Тираж: 800 экз.