Сукума (Basukuma) | |
Агульная колькасць | 9 884 000 (2021) |
---|---|
Рэгіёны пражывання | Танзанія |
Мова | сукума |
Рэлігія | культ продкаў, шаманізм, анімізм, хрысціянства |
Блізкія этнічныя групы | ньямвезі, хая, баганда, ха, мбошы, ньямба |
Суку́ма (саманазва Basukuma, літаральна «людзі поўначы») — усходнеафрыканскі народ, карэнныя жыхары Танзаніі. Жывуць пераважна на паўночным захадзе краіны, у рэгіёне Мванза. Агульная колькасць (2021) — 9 884 тысяч чал.[1]
Гісторыя
Сукума перасяліліся на поўдзень ад возера Вікторыя прыкладна ў XVII ст. з тэрыторыі сучаснай заходняй Уганды, выгнаўшы адсюль качэўнікаў-хіма. Сукума звычайна падтрымлівалі саюзныя адносіны з ньямвезі. Некаторыя роды сукума вядуць свой пачатак ад выхадцаў з поўдню. У XIX ст. вярхоўны правадыр ньямвезі атрымліваў ад сукума выплаты мясам, хаця фармальна яны не былі яго падданымі. У 1891 годзе землі сукума абвешчаны часткай германскай каланіяльнай імперыі. Гэта стала магчыма пасля аслаблення мясцовай ваеннай арганізацыі праз эпідэмію соннай хваробы, мору свойскай жывёлы і сутычак з суседзямі-масаямі, якія перасяліліся з тэрыторыі Кеніі і рабілі напады для выкрадання кароў. Пасля Першай сусветнай вайны сукума былі падпарадкаваны Вялікабрытаніяй. Прадстаўнікі гэтага народа прымалі ўдзел у антыкаланіяльным руху. У 1964 годзе тэрыторыі населеныя сукума ўвайшлі ў склад незалежнай Танзаніі.
Асаблівасці культуры
Гаспадарка сукума мае змяшаны характар. Большасць сельскіх жыхароў займаецца земляробствам, аднак таксама трымае хатнюю жывёлу. Да канца XIX ст. пераважала выпальванне часткі лесу або саванны і далейшая апрацоўка палеткаў з дапамогай матык. Пад уплывам еўрапейцаў пачалі выкарыстоўваць плуг. Галоўныя сельскагаспадарчыя культуры — бавоўнік, арахіс, рыс, маніёк і інш. Апрацоўка зямлі і збор ураджаяў лічацца пераважна жаночай справай, а жывёлагадоўля і іншыя — мужчынскай. Жыхары ўзбярэжжа возера Вікторыя займаюцца рыбалоўствам. Распаўсюджаны пчалярства, дробныя рамёствы.
Традыцыйны від паселішча — буйная вёска, якая можа налічваць да некалькі тысяч жыхароў. У мінулым будавалі хаціны слупавога тыпу. Драўляныя слупы размяшчалі па колу, злучалі бэлькамі. Сцены і дах рабілі з пераплеценага галля і трыснягу, часам абмазвалі сумессю гліны з глеем. У нашы дні пераважаюць будынкі сучаснага тыпу. Многія сукума жывуць у гарадах.
Сукума падзяляліся на некалькі тэрытарыяльных аб’яднанняў, якія ў сваю чаргу складаліся з матрылінейных родаў. Да 1964 года зямля перадавалася па спадчыне толькі жанчынам, а свойская жывёла, прылады працы і зброя — мужчынам. Мужчыны адыгрывалі галоўную ролю ў кіраванні сям’ёй і родам.
Мастацтва сукума прадстаўлена драўлянай скульптурай, добра вядомы іх рытуальныя маскі. З распаўсюджваннем хрысціянства пашырылася песеннае харавое мастацтва.
Мова
Мова сукума належыць да моў сям’і банту, вельмі блізкая да мовы ньямвезі. Пісьменнасць распрацавана місіянерамі на аснове лацінкі.
Рэлігія
Некаторыя даследчыкі лічаць, што ў традыцыйнай рэлігіі сукума мелася ўяўленне пра адзінага першароднага бога. Яго называлі рознымі імёнамі, але храмаў для шанавання не будавалі. Шматлікія рытуалы і святы звязаны з культам сонца, абарончай магіяй, шанаваннем продкаў. Сярод сукума былі вядомы асобы, якія займаліся шаманізмам. Іх галоўнай функцыяй лічылася выкліканне дажджу.
У нашы дні значная частка вернікаў сукума спавядае хрысціянства, пераважна каталіцызм і пратэстанцтва.
Зноскі
Спасылкі
- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Сукума
- The Sukuma of Tanzania
- Sukuma. The background
- Sukuma people and their culture in Tanzania(недаступная спасылка)
- SUKUMA CULTURE
- The Sukuma Museum
- SUKUMA ART, Tanzania