Суднамадэ́льны спорт[1] — адзін з тэхнічных відаў спорту, які мае развіццё ў Беларусі.

Развіццё беларускага суднамадэльнага спорту непарыўна звязана з развіццём суднамадэльнага спорту ў СССР. У жніўні 1949 года ў Маскве прайшлі першыя вочныя Усесаюзныя спаборніцтвы спартыўных мадэляў, у якіх прыняла ўдзел зборная каманда БССР. У гэтым жа годзе адбыўся Першы чэмпіянат БССР[1]. З 1950 года зборная каманда БССР — удзельнік чэмпіянатаў СССР[1]. У 1963 годзе былі праведзены Усесаюзныя спаборніцтвы ў Мінску, на воднай станцыі Мінскай марской школы ДТСААФ на Камсамольскім возеры[2]. У 1976 годзе беларуская каманда заняла 3-е месца на чэмпіянаце СССР у класе самаходных мадэлей і яхт і 4-е месца ў класе скорасцевых кордавых і радыёкіруемых мадэлей[1].

Ля вытокаў беларускага суднамадэлізму стаялі выдатныя арганізатары-выхавальнікі: Віктар Міхайлавіч Ермакоў (Мінскі гарадскі Палац піянераў), Анатоль Ігнатавіч Паўлаў (Віцебская марская школа), Валянцін Максімавіч Каўтуноў (Рэспубліканская станцыя юных тэхнікаў), Мікалай Аляксандравіч Булыга (Мінская марская школа)[2].

У склад зборнай каманды СССР па суднамадэльным спорце ў розны час уваходзілі і прадстаўнікі Беларускай ССР: Раман Міхайлавіч Шайкоў , Канстанцін Ігаравіч Шчука, Дзмітрый Ігаравічм Шчука, Юрый Віктаравіч Ермакоў, Андрэй Барысавіч Місякоў, Ігар Мікалаевіч Германенка, Дзмітрый Алегавіч Карандашоў, Сяргей Іванавіч Трусевіч, Віталь Мікалаевіч Пучкоўскі і інш.[2]

4 чэрвеня 1992 года ў Міністэрстве юстыцыі Рэспублікі Беларусь зарэгістравана самастойная «Беларуская рэспубліканская Федэрацыя суднамадэльнага спорту», з 1995 года — грамадскае аб’яднанне «Беларуская федэрацыя суднамадэльнага спорту»[2]. З 1993 года суднамадэлісты Беларусі, у складзе нацыянальных каманд, рэгулярна ўдзельнічаюць у чэмпіянатах свету і Еўропы, міжнародных спаборніцтвах, якія праводзіць Міжнародная арганізацыя суднамадэлізму і суднамадэльнага спорту (NAVIGA)[2]. Пры правядзенні спаборніцтваў па суднамадэльным спорце ўнутры краіны выкарыстоўваюцца правілы спаборніцтваў і спартыўная класіфікацыя мадэляў NAVIGA, дапоўненыя нацыянальнымі правіламі і класамі мадэляў[2][3].

Вядомы суднамадэліст і трэнер, неаднаразовы пераможца розных спаборніцтваў Дзмітрый Іванавіч Калмыкоў з’яўляецца суддзёй NAVIGA і ў 2015 годзе на Генеральнай Асамблеі NAVIGA быў абраны віцэ-прэзідэнтам гэтай міжнароднай арганізацыі[2].

Зноскі

Літаратура

Спасылкі

This article is issued from Wikipedia. The text is licensed under Creative Commons - Attribution - Sharealike. Additional terms may apply for the media files.