Суднамадэ́льны спорт[1] — адзін з тэхнічных відаў спорту, які ўключае канструяванне, пабудову мадэляў розных суднаў (ветравых і самаходных яхт, самаходных мадэляў ваенных караблёў і грамадзянскіх суднаў, падводных лодак і інш.) і правядзенне спаборніцтваў з імі.
Спартыўныя мадэлі дзеляцца на 36 класаў. У аснове дзялення ляжыць прынцып класіфікацыі караблёў ваенна-марскога, гандлёвага і пасажырскага флатоў. У самаходных мадэлях выкарыстоўваюцца мікрарухавікі, гума-механічныя, інерцыйныя, паравыя рухавікі, рухавікі ўнутранага згарання, электрычныя рухавікі і ветразі. Мадэлі бываюць радыёкіраваныя і робатызываныя. Спаборніцтвы падзяляюцца на стэндавыя і хадавыя (на дакладнасць руху, скорасць, манеўранасць і інш.).
На міжнародным узроўні суднамадэльны спорт курыруе Міжнародная арганізацыя суднамадэлізму і суднамадэльнага спорту (NAVIGA), якая ўстанаўлівае класіфікацыю, правілы і парадак правядзення спаборніцтваў[2]. Дзейнічае Міжнародная федэрацыя суднамадэльнага спорту (МФСС, ShipModel Sport International Federation, SMSIF), заснаваная Расіяй, Беларуссю і Казахстанам[3].
Гісторыя
Суднамадэльны спорт узнік у канцы XIX пачатку — XX стагоддзя[1] на аснове эксперыментальнага суднабудавання у многіх краінах Еўропы, у тым ліку, у Расіі. Спецыяльныя мадэлі, пабудаваныя ў дакладнай адпаведнасці з чарцяжамі праектаванага судна, праходзілі выпрабаванне ў доследных басейнах. У 1878 годзе ў Англіі былі прыняты першыя правілы стварэння мадэлей і правядзення спаборніцтваў[4].
У СССР
У СССР з канца 1920-х гадоў выстаўкі, а таксама спаборніцтвы парусных і гумаматорных мадэлей пачалі перыядычна праходзіць ў многіх гарадах[5], а ў 1940 адбыліся першыя ўсесаюзныя завочныя спаборніцтвы (конкурс) суднамадэлістаў (арганізаваны Асавіяхімам[6]). У гэтых спаборніцтвах прынялі ўдзел каля 200[6] мадэлістаў, якія прадставілі 223[6][4] мадэлі розных класаў. У жніўні 1949 года ў Маскве прайшлі першыя вочныя Усесаюзныя спаборніцтвы спартыўных мадэляў, у якіх прынялі ўдзел 15 каманд: 4 каманды саюзных рэспублік (Азербайджанская ССР, Грузінская ССР, БССР, УССР; 8 каманд ад абласцей, краёў і аўтаномных рэспублік РСФСР і 3 каманды ад Масквы і Ленінграда)[6]. З 1963 года суднамадэльны спорт уведзены ў адзіную Усесаюзную спартыўную класіфікацыю, былі праведзены Усесаюзныя спаборніцтвы ў Мінску, на воднай станцыі Мінскай марской школы ДТСААФ на Камсамольскім возеры[6].
У 1964 годзе была створана Усесаюзная федэрацыя суднамадэльнага спорту, якая з 1966 года стала членам Еўрапейскага аб’яднання суднамадэлізму і суднамадэльнага спорту (NAVIGA)[5][6]. З 1955[5] года спартсмены СССР пачалі ўдзельнічаць у міжнародных спаборніцтвах па суднамадэльнаму спорту. У 1975 годзе мелася звыш 1000 лабараторый суднамадэльнага спорту ў арганізацыях ДТСААФ СССР, у многіх навучальных установах і пазашкольных установах[5] (Станцыі юных тэхнікаў. Дамы піянераў, Палацы піянераў). Пры Цэнтральным марскім клубе ДТСААФ СССР у 1964 годзе была заснавана Цэнтральная лабараторыя суднамадэльнага спорту[5].
У БССР і Беларусі
Развіццё беларускага суднамадэльнага спорту непарыўна звязана з развіццём суднамадэльнага спорту ў СССР. У жніўні 1949 года ў Маскве прайшлі першыя вочныя Усесаюзныя спаборніцтвы спартыўных мадэляў, у якіх прыняла ўдзел зборная каманда БССР. У гэтым жа годзе адбыўся Першы чэмпіянат БССР[1]. З 1950 года зборная каманда БССР — удзельнік чэмпіянатаў СССР[1]. 4 чэрвеня 1992 года ў Міністэрстве юстыцыі Рэспублікі Беларусь зарэгістравана самастойная «Беларуская рэспубліканская федэрацыя суднамадэльнага спорту», з 1995 года — грамадскае аб’яднанне «Беларуская федэрацыя суднамадэльнага спорту», якая ў гэтым жа годзе стала членам NAVIGA[6]. Пачынаючы з 1993 года, суднамадэлісты Беларусі, у складзе нацыянальных каманд, рэгулярна ўдзельнічаюць у чэмпіянатах свету і Еўропы, міжнародных спаборніцтвах пад эгідай NAVIGA[6].
Пры правядзенні спаборніцтваў па суднамадэльным спорце ўнутры краіны выкарыстоўваюцца правілы спаборніцтваў і спартыўная класіфікацыя мадэляў NAVIGA, дапоўненыя нацыянальнымі правіламі і класамі мадэляў[6][7].
Сярод вядомых суднамадэлістаў Беларусі Р. Шайкоў, А. Хацько, А. Місякоў, Д. Калмыкоў, С. Трусевіч , І. Ярашэнка і інш.
Зноскі
- 1 2 3 4 БелЭн 2002.
- ↑ Сайт NAVIGA (англ.)
- ↑ Международная федерация судомодельного спорта (МФСС) (руск.)
- 1 2 Афіцыйны сайт сайт Екацярынбургскай марской школы ДТСААФ Расіі (руск.)
- 1 2 3 4 5 ВСЭ 1969—1978.
- 1 2 3 4 5 6 7 8 9 Из истории судомодельнаго спорта Архівавана 9 кастрычніка 2020. (руск.) // Сайт ДТСААФ Рэспублікі Беларусь
- ↑ Правила соревнований по судномодельному спорту. Стендовые модели «С» (руск.)
Літаратура
- Суднамадэ́льны спорт // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 15: Следавікі — Трыо / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2002. — Т. 15. — С. 256. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0251-2 (т. 15).
- Судомодельный спорт / Осинов Г. П. // Большая советская энциклопедия : ([в 30 т.]) / гл. ред. А. М. Прохоров. — 3-е изд.. — М. : Советская энциклопедия, 1969—1978. (руск.)
- Судомодельный спорт // Морской энциклопедический справочник. В. 2-х т. (руск.) / Под редакцией академика Н. Н. Исанина. — Л.: Судостроение, 1986. — Т. 2: О—Я. — С. 289. — 520 с.
- Судомодельный спорт // Иллюстрированный энциклопедический словарь / Редкол.: В. И. Бородулин и др. — Москва: Большая рос. энцикл. : Изд. дом «Экон. газ.», 1995. — 892,[2] с. : ил., карт.; 27 см — ISBN 5-85270-098-3 (В пер.). (руск.)
- Бабенко В. Я. Судомодельный спорт — М.: Издательство ДОСААФ СССР, 1981. (руск.)
Спасылкі
- Международная федерация судомодельного спорта, МФСС (ShipModel Sport International Federation, SMSIF) (руск.)
- Федерация судомодельного спорта России (руск.)
- Сайт NAVIGA (англ.)
- Правила соревнований по судомодельному спорту (моторные классы) (руск.) на сайце Новасібірскай федэрацыі суднамадэльнага спорту
- Судомодельный спорт (руск.) // Афіцыйны сайт сайт Екацярынбургскай марской школы ДТСААФ Расіі
- Судомодельный спорт (руск.) // Сайт Галоўнага ўпраўлення спорту і турызму Мінскага гарвыканкама
- Судомодельный спорт (руск.) // Новасібірскае вучылішча (каледж) алімпійскага рэзерву
- История судомодельного спорта // Сайт Федерации судомодельного спорта России (руск.)