.jpg.webp)


Суднабудаўнічая прамысловасць Беларусі — галіна цяжкай прамысловасці Беларусі, якая ажыццяўляе будаўніцтва і рамонт суднаў розных прызначэнняў.
На тэрыторыі сучаснай Беларусі са старажытных часоў будавалі ладдзі, лодкі, выдзеўбаныя са ствала дрэва, баркі, віціны, барліны і інш.[1] Першае прадпрыемства, якое будавала байдаркі і яхты (Крычаўская суднаверф) з’явілася ў 1785 годзе. У 1884 годзе быў пабудаваны суднабудаўнічы завод у Пінску (сучасны Пінскі суднабудаўніча-сударамонтны завод). У той час завод будаваў параходы магутнасцю 240 конскіх сіл і вырабляў карпусы для суднаў і інш. У 1900 годзе былі створаны суднарамонтныя майстэрні ў Віцебску, пазней — у Гомелі. У 1918 годзе быў заснаваны Гомельскі суднабудаўніча-суднарамонтны завод. У 1925 годзе пачалі працаваць суднарамонтныя майстэрні ў Бабруйску, якія ў 1939 годзе былі рэканструяваны ў Бабруйскі суднарамонтны завод. У 1929 годзе пабудавана суднабудаўнічая верф у Петрыкаве, якая ў 1974 годзе рэканструявана ў Петрыкаўскі суднабудаўніча-суднарамонтны завод. У пачаў працаваць Рэчыцкі суднабудаўніча-суднарамонтны завод. У 1920—1930-я гады на Пінскім суднабудаўніча-суднарамонтны заводзе будаваліся таксама ваенныя судны для Пінскай ваеннай флатыліі: кананерскія лодкі, катары і інш.[1] Напярэдадні Вялікай Айчыннай вайны гэтыя прадпрыемствы выпускалі грузапасыжырскія судны, буксіры, несамаходныя грузавыя баржы. У час вайны заводы былі разбураны і іх аднаўленне праходзіла ў 1950-х гадах. З 1960-х гадоў суднабудаўнічыя заводы Беларусі выпускалі буксірныя і грузавыя цеплаходы, пасажырскія судны, у тым ліку судны на падводных крылах тыпу «Палессе»; карпусы суднаў тыпу «рака-мора»; несамаходныя баржы, земснарады, брандвахты, плаваючыя электрастанцыі, паромы і іншыя судны, у тым ліку па заказах замежных краін[1].
Падрыхтоўка спецыялістаў ў галіне суднабудавання і суднаходства ажыццяўляе Беларускі нацыянальны тэхнічны ўніверсітэт[2]. Распрацоўкай займаецца праектна-канструктарскае бюро ААТ «Белсуднапраект»[3]
Гл. таксама
- Беларуская інспекцыя рачнога рэгістра
Зноскі
Літаратура
- Сяліцкі В. С. Суднабудава́нне // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 15: Следавікі — Трыо / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2002. — Т. 15. — С. 252—253. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0251-2 (т. 15).
Спасылкі
На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Суднабудаўнічая прамысловасць Беларусі
- Судостроительные предприятия // Интернет-сайт «Водный транспорт» (руск.)
- Александр Чурилов Строились в Речице и морские суда… (руск.) // Гомельская праўда
- Проектно-конструкторское бюро ОАО «Белсудопроект» (руск.)
- РУП «Гомельский судостроительно-судоремонтный завод» // Электронная информационно-поисковая система «Гомельский регион: история газетной строкой» (руск.)
- Сергей Ляшук Витебская верфь, или История судоремонтных мастерских на Западной Двине // Витебские вести (руск.)