Стрэмя
Пара страмёнаў з падагрэвам. XIX стагоддзе. Экспазіцыя Метраполітэн-музея ў Нью-Ёрку
Стрэмя ў выглядзе туфліка

Стрэ́мя[1] — частка сядла, прыстасаванне для ўпору, падтрымкі ног і раўнавагі вершніка пры верхавой яздзе.

Складаецца стрэмя з падножкі, дугі, пятлі або прарэзы для для путлішча, якім мацуецца да сядла. Звычайна мацуюць 2 парных, радзей — 1 або 2 няпарных[2].

Гісторыя

У вучоных не існуе адзінага меркавання ні пра час, ні пра месца з’яўлення стрэмя. Адны даследчыкі лічаць, што страмёны з’явіліся ў пачатку нашай эры ў сарматаў, іншыя называюць раёны, памежныя з Кітаем у эпоху позніх Хань, трэція — поўдзень Сібіры (не пазней III стагоддзя або да V стагоддзя), чацвёртыя аддаюць прыярытэт у гэтым пытанні дзяржаве Кагуро (не пазней IV стагоддзя)[3]. Існуюць і іншыя меркаванні.

Папярэднікам стрэмя лічыцца мацаваная да сядла скураная ці вяровачная пятля. Стрэмя з дрэва, у тым ліку акаваныя металам, з’явіліся ў Кітаі не пазней пачатку IV стагоддзя[2]. Там жа страмёны пачалі адліваць з металу. З 2-й паловы VI стагоддзя стрэмя з’явілася ў Еўропе[2]. У славянскіх народаў найбольш раннімі лічацца жалезныя страмёны IX стагоддзя[1]. Сярэдневяковыя страмёны адрозніваліся формай дужак і падножак, памерамі і формай адтуліны пад путлішча. У познім Сярэдневякоўі з’явіліся рыцарскія страмёны з вельмі шырокай падножкай або з закрытым наском, якія паўтаралі форму абутку. Металічныя, драўляныя, касцяныя страмёны часам для бяспекі каня пакрываюцца мяккімі матэрыяламі (скура, гума, сінтэтыка)[2]. Страмёны звычайна ўпрыгожваліся інкрустацыяй з каштоўных металаў, мастацкім ліццём, разьбой, цісненнем.

На тэрыторыі Беларусі страмёны ранняга сярэдневякоўя знойдзены Браславе, Брэсце, Навагрудку, на гарадзішчы Маскавічы[1]. Больш познія знаходкі — у Віцебску, Дрысвятах, Крычаве, Мсціславе і іншых месцах[1].

Зноскі

  1. 1 2 3 4 БелЭн 2002.
  2. 1 2 3 4 СТРЕ́МЯ / Комар А. В. // Большая российская энциклопедия : [в 35 т.] / гл. ред. Ю. С. Осипов. М. : Большая Российская энциклопедия, 2004—2017.
  3. Кызласов И. Л. О происхождении стремян // Советская археология. — 1973. — № 3. — С. 24—36. (руск.) (Праверана 20 чэрвеня 2023)

Літаратура

  • Сагановіч Г. М. Стрэ́мя // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 15: Следавікі — Трыо / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. Мн. : БелЭн, 2002. — Т. 15. — С. 217. 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0251-2 (т. 15).
  • Стрэ́мя // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 6. Кн. 1: Пузыны — Усая / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. Мн. : БелЭн, 2001. — С. 433. 10 000 экз. — ISBN 985-11-0214-8.
  • Гуревич Д. Я., Рогалев Г. Т. Словарь-справочник по коневодству и конному спорту: Ок. 1400 единиц. — М.: Госагропромиздат, 1991. — С. 202. — 240 с.: ил. 90 000 экз. — ISBN 5-260-00573-2. (руск.)
  • Гуревич Д. Я. Справочник по конному спорту и коневодству. — М.: ЗАО Изд-во Центрополиграф, 2001. — 325 с. — ISBN 5-227-01423-X. (руск.)
  • Стремя, Стремень // Словарь-справочник «Слова о полку Игореве»: в 6 выпусках / АН СССР. Ин-т рус. лит. (Пушкин. Дом); Ин-т рус. яз; Под ред. Б. Л. Богородского, Д. С. Лихачева, О. В. Творогова; Сост. В. Л. Виноградова. — Л.: Наука. Ленингр. отд-ние, 1965—1984. (руск.)

Спасылкі

This article is issued from Wikipedia. The text is licensed under Creative Commons - Attribution - Sharealike. Additional terms may apply for the media files.