Магілёўскі завод «Строммашына» | |
---|---|
Тып | Адкрытае акцыянернае таварыства |
Заснаванне | 1913 |
Ранейшыя назвы | 7-ы чыгуналіцейны завод |
Размяшчэнне | |
Галіна | Машынабудаванне |
Прадукцыя | вежавы кран, шахтавы адвалаўтваральнік, прэсы і станкі, прывады насосаў, цюбінг |
Абарот | ▼62,161 млрд рублёў[1] (2015 г.; $3,824 млн) |
Аперацыйны прыбытак | ▲-84,127 млрд руб. (2015 г.; $-5,175 млн) |
Чысты прыбытак | ▲-84,127 млрд руб. (2015 г.; $-5,175 млн) |
Колькасць супрацоўнікаў | 1.249 (2016 г.) |
Сайт | strommashina.mogilev.by |
Магілёўскі завод «Строммашына» — дзяржаўнае машынабудаўнічае прадпрыемства Беларусі, заснаванае ў верасні 1913 г. ў Магілёве ў якасці прыватнай медналіцейна-механічнай майстэрні братоў Мазья.
Гісторыя
Расійская імперыя
У верасні 1913 г. браты М. і А. Мазья адчынілі ў Магілёве (Расійская імперыя) медналіцейна-механічную майстэрню па Дняпроўскім праспекце (цяпер Першамайская вуліца). У майстэрні выраблялі млыны, маслабойні і вінакурні, артэзіянскія калодзежы, плугі, косы і сякеры. У 1914 г. ў майстэрні працавала 15 работнікаў. У 1917 г. прадпрыемства стала чыгуналіцейна-кацельным заводам братоў Мазья і Аранзон. Завод меў уласную краму і быў абанентам тэлефоннай сеткі Магілёва.
Савецкі перыяд
У лістападзе 1918 г. бальшавікі нацыяналізавалі завод, які стаў вырабляць павозкі і рамантаваць аўтамабілі і паходныя кухні для Чырвонай арміі. У 1919 г. завод налічваў 27 супрацоўнікаў. У 1920 г. лік супрацоўнікаў вырас да 118 работнікаў і 17 службоўцаў. У 2-й палове 1921 г. прадпрыемства атрымала назву «7-ы чыгуналіцейны завод», які стаў вырабляць сельскагаспадарчыя машыны і прылады (конны прывад, веялка, малацілка, плуг, барана і кацёл), абсталяванне для млыноў, вінакурняў і лесапілак. У 1-й палове 1923 г. арцель работнікаў аднавіла завод пасля прастою пад назвай «Адраджэньне»[2].
У 1926 г. завод «Чырвоны адраджэнец» меў 67 работнікаў. У 1935 г. завод атрымаў імя Г. Дзімітрава, увайшоў у склад Народнага камісарыята цяжкай прамысловасці СССР і налічваў 184 супрацоўнікаў. У 1937 г. лік супрацоўнікаў вырас да 236. У ліпені 1941 г. завод вывезлі ў Куйбышаў (РСФСР), дзе сталі выпускаць авіярухавікі. Тым часам нямецкія акупанты стварылі на плошчах завода канцлагер. У 1946 г. завод аднавілі ў Магілёве пад назвай «Строммашына». Частку вырабаў паставілі ў 4 краіны Азіі (Інданезія, Індыя, Іран і Турцыя) і 5 краінаў Еўропы (Балгарыя, Венгрыя, Італія, Польшча і Францыя). У 1962 г. «Строммашыне» перадалі цэхі завода «Электрарухавік». У 1965 г. пачалі выраб грузавых і пасажырскіх ліфтаў. У 1973 г. вырабілі звыш 3400 ліфтоў. У 1987 г. «Строммашына» стала выпускаць абсталяванне «СМК 350» для заводаў керамічнай цэглы (магутнасць 75 млн цаглін за год). У выніку ў РСФСР пабудавалі заводы ў пас. Круглае (Чалябінская вобласць), Варатынску (Калужкая вобласць) і Новакубанск (Краснадарскі край).
Сучаснасць
У 1995 г. прадпрыемства стала вырабляць вытворчыя лініі для выпуску жалезабетонных, напружаных шпалаў і брусы стрэлачных пераводаў. У 1996 г. першую лінію паставілі на Ашхабадскі завод жалезабетонных шпалаў (Туркменістан), магутнасць якога склала 500 000 шпалаў. У 1998 г. пусцілі лінію палімерных парашковых пакрыццяў магутнасцю 100 000 м² за год. У 1999 г. завод «Строммашына» асвоіў рамонт збожжаўборачных камбайнаў «Дон-1500». У 2003 г. вырабілі першы прывад штангавай глыбіннай пампы ПШГНТ для свідравіны № 91 Залатавухінскага радовішча кіраўніцтва «Рэчыцанафта» УП «Беларуснафта»[2].
У 2009 г. пусцілі лінію гальванічнага пакрыцця. У студзені 2016 г. эканамічны суд Магілёўскай вобласці прызнаў ААТ «Магілёўскі завод «Строммашына» неплацежаздольным і вылучыў 2,5 гады на яго фінансавае аздараўленне[3]. 2 лютага 2016 г. стала вядома, што в.а. гендырэктара завода быў прызначаны раней асуджаны на восем гадоў пазбаўлення волі за злоўжыванне службовымі паўнамоцтвамі, службовы падлог, крадзяжы і прычыненне шкоды ў буйным памеры, Дзмітрый Усаў, які датэрмінова выйшаў на свабоду[4]. У ліпені 2016 г. завод наведаў прэзідэнт Беларусі А. Лукашэнка і паабяцаў выратаваць яго, але ў ліпені 2018 г. Савет Міністраў Беларусі ў чарговы раз працягнуў тэрмін санацыі да сярэдзіны 2023 г.[5]
Кіраўніцтва
- М. Мазья (1913 — лістапад 1917 гг.)
- Файбышэвіч (1 ліпеня 1920 — 1920-я)
- Уладзімір Саханько (1990-я — 2011 г.)
Генеральныя дырэктары
Помнікі
- У 1966 годзе на будынку аднаго з цэхаў завода (вул. Першамайская, 77) устаноўлена мемарыяльная дошка ахвярам фашызму. У час акупацыі горада нямецка-фашысцкія захопнікі стварылі на тэрыторыі прадпрыемства канцэнтрацыйны лагер, дзе загубілі сотні савецкіх грамадзян[8].
Зноскі
- ↑ Справаздача аб дзейнасці ААТ за 2015 год
- 1 2 Эканоміка Магілёўшчыны: Строммашына(недаступная спасылка) (7 красавіка 2006). Архівавана з першакрыніцы 1 кастрычніка 2017. Праверана 20 верасня 2018.
- ↑ Сітуацыя на прадпрыемствах "Строммашына" і "Магілёўтрансмаш" разгледжаная на пасяджэнні прэзідыума Саўміна(недаступная спасылка). БелаПАН (8 лістапада 2016). Архівавана з першакрыніцы 23 верасня 2020. Праверана 20 верасня 2018.
- 1 2 Дырэктар-карупцыянер з «Магілёўдрэва» вызвалены з калоніі і прызначаны кіраўніком іншага магілёўскага завода . Наша Ніва (2 лютага 2016). Праверана 20 верасня 2018.
- ↑ Пару лет назад Лукашенко пообещал Могилевскому заводу процветание... // Снплюс. Свободные новости плюс. — 2018. — № 37 (785). — 18 сентября. — С. 11.
- ↑ Новыя прызначэнні . Наша Ніва (15 чэрвеня 2012). Праверана 20 верасня 2018.
- ↑ Лукашэнка прызначыў рэктара Акадэміі кіравання, старшыняў райвыканкамаў і іншых чыноўнікаў . Наша Ніва (15 снежня 2014). Праверана 20 верасня 2018.
- ↑ 36. Мемарыяльная дошка архвярам фашызму // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі / АН БССР. Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору; Рэд. кал.: С. В. Марцэлеў (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ, 1986. — Магілёўская вобласць. — 408 с., іл.
Спасылкі
- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Строммашына (Магілёў)