Страча | |
---|---|
| |
Характарыстыка | |
Даўжыня | 59 км |
Басейн | 1 140 км² |
Вадацёк | |
Выток | Малыя Швакшты |
• Вышыня | 175,4[1] м |
• Каардынаты | 54°59′50″ пн. ш. 26°31′51″ у. д. |
Вусце | Вілія |
• Каардынаты | 54°48′13″ пн. ш. 26°12′01″ у. д. |
Размяшчэнне | |
Водная сістэма | Вілія → Нёман → Балтыйскае мора |
|
|
Краіна | |
Рэгіёны | Віцебская вобласць, Мінская вобласць, Гродзенская вобласць |
Раёны | Пастаўскі раён, Мядзельскі раён, Астравецкі раён |
|
|
— выток, — вусце | |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Стра́ча[2] — рака ў Пастаўскім, Мядзельскім і Астравецкім раёнах Беларусі, правы прыток Віліі.
Даўжыня ракі 59 км. Плошча вадазбору 1140 км². Сярэднегадавы расход вады ў вусці 9,1 м³/с. Сярэдні нахіл воднай паверхні 1 ‰.
Назва
Назва балцкага паходжання. У асяроддзі літоўскамоўных аўтахтонаў фігуруе форма назвы Strėčia[3]. Гістарычна зафіксавана «Стряча» («у Свире на Стряче», 1518 год).
Тая ж аснова ў назве сожскай ракі Стрячи (каля Рослаўля)[4].
Рачная назва зведала эвалюцыю: Страча < Стряча < *Съряча < *Sirinčia. Адпачатная назва лепш захавалася ў назве вёскі Серанчаны (польск. Sieręczany, рус. Серенчаны), ад якой назва Серанчанскага возера[5].
Праз гэтае праточнае возера цячэ (уцякае з яго і выцякае) рака, што цяпер лічыцца правым прытокам Страчы. Раней яна найімаверней лічылася самой Страчай, бо даўжэйшая за прыток з возера Малая Швакшта, які цяпер лічыцца пачатковым цячэннем Страчы. Выток з Малой Швакшты часам на картах пазначаецца як асобная рака Шыльва (ад літоўскага šilventi «гайдацца, калыхацца»).
Адпачатная балцка-літоўская назва *Sirinčia (ад балцкага *Sirinta) ад кораня Sir-, ад якога таксама літоўская рачная назва Sirija.
Звязана з літоўскім sirenti «накропваць, капаць; цячы, струменіць; памалу варыцца; бегчы дробнымі крокамі»[6]. Далей да індаеўрапейскага *ser- «цячы, шпарка рухацца»[7].
Корань Sir- з балцкім гідранімічным пашыральнікам -nt-, як і ў азёрных назвах Вісяты (< *Veisintas[8]), Дрывяты (< *Druvintas[9]). Ён таксама ў літоўскіх гідронімах тыпу Gamanta, Laukantė, Ušantė[10].
Назва Страча (< *Sirinčia) значыць «Плыткая (рака)».
У рэгіёне, арыентаваным на Нарачанскія азёры, з поўначы на поўдзень, у Вілію, менш-больш паралельна адна адной цякуць тры ракі, назвы якіх ад кораня *ser-: *Sirinta, *Serma, *Serva (> Страча, Сермеж, Сэрвач). Паходжанне гэтых аднакарэнных старабалцкіх назваў можа быць аднесенае да часоў, калі пасля сыходу ледавіка ўзнікла водная структура Нарачанскага Паазер’я.
Асноўныя прытокі
Справа: Лынтупка, Струна. Злева: Свірыца, Тушчанка. Прымае сцёк з меліярацыйных каналаў.
Агульнае
Выцякае на захад з возера Малыя Швакшты Пастаўскага раёна, цячэ па паўднёва-заходніх схілах Свянцянскіх град, упадае ў Вілію за 2 км на паўднёвы ўсход ад вёскі Міхалішкі (Астравецкі раён). Цячэ праз ландшафтны заказнік Блакітныя азёры. У басейне ракі шмат азёр, з якімі рака злучана рэчкамі, ручаямі, пратокамі (Свір, Вішнеўскае, Вялікія Швакшты і Малыя Швакшты, Балдук, Глубля, Глубелька, Вераб’і, Губіза, Ёдзі, Саранчаны, Тушча і інш.).
Даліна ў верхнім цячэнні невыразная, на астатнім працягу трапецападобная. Пойма двухбаковая, забалочаная, яе шырыня 50—150 м. Рэчышча моцна звілістае, у верхнім цячэнні камяністае, ёсць парогі. Шырыня рэчышча ў межань у верхнім і сярэднім цячэнні 8—12 м, у ніжнім 15—20 м. Рака каналізаваная на працягу 6,1 км (за 3 км на паўднёвы захад ад вёскі Альшэва да вёскі Селевічы). Каля вёскі Альхоўка (Астравецкі раён) у 1951 годзе на рацэ створана Альхоўскае вадасховішча[11].
Гісторыя
2 лютага 1944 года над ракой Страчай адбыўся бой паміж польскімі партызанамі 5-й Віленскай брыгады Арміі Краёвай і групай з 1 600 савецкіх партызанаў. Салдаты Арміі Краёвай адступілі праз раку са стратамі: 2 загінуўшых і 6 параненых.
Заўвагі
- ↑ Ліст карты N-35-30. Выданне 1986 года. Стан мясцовасці на 1981 год. (руск.)
- ↑ БелЭн 2002.
- ↑ A. Vanagas. Lietuvių hidronimų etimologinis žodynas. — Vilnius, 1981. — С. 316.
- ↑ В. Н. Топоров, О. Н. Трубачев. Лингвистический анализ гидронимов Верхнего Поднепровья. Москва, 1962. С. 209.
- ↑ R. Būga. Rinktiniai raštai. T. 1. Vilnius, 1961. С. 607.
- ↑ Vanagas A. Lietuvių hidronimų etimologinis žodynas. Vilnius, 1981. С. 299.
- ↑ J. Pokorny. Indogermanisches etymologisches Wörterbuch. Bern / München 1959 / 1969. C. 909—910.
- ↑ K. Būga. Rinktiniai raštai. T. 3. Vilnius, 1961. С. 546.
- ↑ H. Krahe. Unsere ältesten Flussnamen. Wiesbaden, 1964. C. 55.
- ↑ P. Skardžius. Rinktiniai raštai. T. 4. Vilnius, 1998. C. 879—944.
- ↑ Энцыклапедыя прыроды Беларусі. У 5-і т. Т. 1. Ааліты — Гасцінец / Рэдкал. І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ імя Петруся Броўкі, 1983. — С. 79. — 575 с., іл. — 10 000 экз.
Літаратура
- Ресурсы поверхностных вод СССР. Описание рек и озёр и расчёты основных характеристик их режима. Т. 5. Белоруссия и Верхнее Поднепровье. Ч. 1–2. – Л., 1971.
- Природа Белоруссии: Попул. энцикл. / БелСЭ; Редкол.: И. П. Шамякин (гл. ред.) и др. — Мн.: БелСЭ, 1986. — 599 с., 40 л. ил. (руск.)
- Блакітная кніга Беларусі : Энцыклапедыя / рэдкал.: Н. А. Дзісько і інш. — Мн.: БелЭн, 1994. — 415 с. — 10 000 экз. — ISBN 5-85700-133-1.
- Стра́ча // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 15: Следавікі — Трыо / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2002. — Т. 15. — С. 204. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0251-2 (т. 15).