Страхавая прэмія (таксама брута-прэмія) (страхавы ўнёсак, страхавы плацёж) — плата за страхаванне, якую страхавальнік абавязаны ўнесці страхоўшчыку ў адпаведнасці з дагаворам страхавання ці законам[1].
Страхавая прэмія залежыць ад страхавой сумы і брута-стаўкі страхавога тарыфу, часам вылічаючыся як здабытак апошніх з улікам паправачных каэфіцыентаў.
Памер страхавой прэміі адлюстроўваецца ў страхавым полісе. Страхавая прэмія ўносіцца страхавальнікам аднаразова авансам, або часткамі на працягу ўсяго тэрміну страхавання (у такім выпадку часткі прэміі маюць назву страхавыя плацяжы ці страхавыя ўнёскі). Аплата страхавых унёскаў на працягу працяглага перыяду (ад 5 да 20 гадоў і больш) асабліва характэрна для полісаў розных відаў страхавання пры страхаванні жыцця (асабістым страхаванні)
Несвоечасовая аплата страхавых унёскаў можа пацягнуць скасаванне дзеяння дагавора страхавання.
Уся страхавая прэмія (брута-прэмія) складаецца з нета-прэміі (з яе фарміруюцца страхавыя рэзервы) і нагрузкі (з якой выплачваюцца агенцкія і брокерскія камісіі, ажыццяўляюцца выдаткі на вядзенне справы, папераджальныя выдаткі, гарантыйныя фонды, а таксама фарміруецца прыбытак).
За 2021 год унёскі страхавых арганізацый Беларусі па прамым страхаванні і сустрахаванні склалі 1 726,6 млн рублёў. Тэмп росту страхавых унёскаў за 2021 год у параўнанні з 2020 годам склаў 114,3 % [2]
Зноскі
- ↑ В.В.Тулинов, В.С.Горин. Страховая премия // Страхование и управление риском: Терминологический словарь. — Масква: Наука, 2000. — С. 389. — 565 с. — ISBN 5-02008-388-7.
- ↑ https://www.minfin.gov.by/supervision/stat/2021/itogi/0e95ea78883e4284.html