Стракапытаўскае паўстанне | |||
---|---|---|---|
Асноўны канфлікт: Грамадзянская вайна ў Расіі | |||
Дата | 24-29 сакавіка 1919 | ||
Месца | Магілёўская губерня, Гомельскі і Рэчыцкі паветы | ||
Вынік | Правал паўстання | ||
Праціўнікі | |||
|
|||
Камандуючыя | |||
|
|||
Сілы бакоў | |||
|
|||
Страты | |||
|
|||
Стракапы́таўскае паўста́нне[1] — антысавецкае ўзброеннае выступленне 24—29 сакавіка 1919 года ў Гомелі 67-га і 68-га палкоў 2-й (Тульскай) брыгады 8-й стралковай дывізіі пад кіраўніцтвам штабс-капітана царскай арміі меншавіка Уладзіміра Стракапытава.
Гісторыя
Выступленне 67-га і 68-га палкоў 2-й (Тульскай) брыгады 8-й стралковай дывізіі Чырвонай Арміі пачалося як спантанны бунт чырвонаармейцаў, незадаволеных прымусовай мабілізацыяй і адпраўкай на фронт. На ўчастку фронту пад Оўручам з-за тактычнага праліку камандавання брыгады два батальёны 68-га палка трапілі пад двухдзённы артылерыйскі абстрэл з боку УНР. У выніку полк адступіў на ст. Славечна, дзе сустрэў 67-ы полк, які прыбыў у якасці папаўнення з Гомеля. Зноў прыбыўшыя адмовіліся выступаць на пазіцыі, арганізавалі стыхійны мітынг, дзе прынялі рашэнне дэзертыраваць з фронту, каб вярнуцца дадому, у Тульскую губерню. Дабраўшыся да ст. Калінкавічы, брыгада абірае на мітынгу «Палескі паўстанцкі камітэт», у які ўваходзяць па два прадстаўнікі ад кожнай часці. Узначальвае камітэт былы прапаршчык РІА Барыс Крыдзінер.
У ноч на 24 сакавіка брыгада прыбывае ў Гомель на 11 эшалонах і патрабуе ў мясцовых бальшавіцкіх уладаў прадастаўлення паравозаў для далейшага руху на Бранск і Тулу. Пасля доўгіх нарад з Цэнтрам і Бранскам гомельскія бальшавікі згаджаюцца з патрабаваннямі паўстаўшай брыгады і гатовыя даць ёй усё неабходнае. Аднак сітуацыя паспела змяніцца. У паўстанцаў з’явіўся лідар — былы штабс-капітан, а цяпер загадчык гасчасткай 68-га палка член РСДРП Уладзімір Стракапытаў. Выступіўшы на салдацкім мітынгу ў Гомелі, Стракапытаў пераканаў чырвонаармейцаў, што ісці далей у бок Тулы будзе самагубствам і прапанаваў «уладкавацца» ў Гомелі. Пасля чаго быў прызваны прысутнымі ўзначаліць паўстанцкія войскі ў якасці камандуючага.
Увечары 24 сакавіка мяцежнікі захапілі чыгуначны вузел, гарадскую турму, тэлеграф, артылерыйскія склады, савецкія ўстановы. Група партыйных і савецкіх работнікаў з атрадам УЧК, інтэрнацыяналістамі і міліцыяй (300 чалавек, узброеных вінтоўкамі і двума кулямётамі) спрабавалі супраціўляцца «арміі Рускай народнай рэспублікі» ў гасцініцы «Савой», але пасля пачатку артылерыйскага абстрэлу неўзабаве здаліся і былі змешчаныя ў турму.
На наступны дзень з іх былі адабраныя ў якасці заложнікаў найбольш вядомыя партыйныя работнікі і кіраўнікі: Сямён Камісараў (старшыня Рэўкама), Іван Ланге (старшыня ПЧК), Сяргей Бочкін (кіраўнік справамі ПЧК), Леў Файншмідт (нам. старшыні ПЧК), Песя Каганская (сакратар Рэўкама, грамадзянская жонка І. Ланге), Мікалай Білецкі (рэдактар газеты «Весткі Рэўкама г. Гомеля і павета»), гарадскі ваенны камісар Якаў Фрыд, камісар аддзелу юстыцыі Барыс Аўэрбах-Падгорны, супрацоўнік Земаддзела і актыўны ўдзельнік вобыскаў ПЧК Зэлік Песін і іншыя. Перад адыходам мяцежнікаў з Гомеля, у ноч на 29 сакавіка, усім ім быў вынесены смяротны прысуд па рашэнні Палескага паўстанцкага камітэта. Падпісаў прысуд У. Стракапытаў.
26 сакавіка да паўстанцаў далучыўся горад Рэчыца — мясцовая каравульнай рота, пад камандаваннем Саладухі абвясціла сябе Рэчыцкім атрадам 1-й арміі Расійскай рэспублікі. Насельніцтва Гомеля і Рэчыцы асцярожна паставілася да новай улады (паколькі за апошнія 4 месяцы гэта стала чацвёртай зменай улады). Папаўненне было зусім невялікім — у асноўным, за кошт былых афіцэраў, чыгуначных служачых (актыўна і масава падтрымалі паўстанцаў) і гімназістаў старэйшых класаў са спартыўнага таварыства «Сокал» (Рэчыца).
У ноч на 29 сакавіка падышэдшыя з трох бакоў часткі Чырвонай Арміі і камуністычныя атрады вымусілі паўстанцаў пакінуць Гомель. Паўстанцкая армія адышла на эшалонах за Дняпро і накіравалася на ўз’яднанне з арміяй Пятлюры да горада Мазыр (які быў захоплены атаманам Ерашэвічам 27 сакавіка пры садзейнічанні атрада тульскіх паўстанцаў). Па дарозе мяцежнікі захапілі з боем станцыі Васілевічы, Нахаў, Галявіцы і 31 сакавіка наблізіліся да Калінкавічаў на 9 вёрст. Аднак разведка паказала, што мост праз Прыпяць, які вёў у Мазыр, падарваны чырвонымі. З боку Гомеля, тым часам, падышоў бронецягнік з атрадам кітайцаў. Паўстанцкая армія была вымушаная пакінуць свае эшалоны і пешым парадкам прайсці да вёскі Юравічы. Пасля чаго на працягу сутак паўстанцы з дапамогай мясцовых жыхароў фарсіравалі раку Прыпяць і такім чынам перайшлі лінію фронту. Паводле ацэнак Стракапытава, з ім прыбылі ва УНР 6 тысяч чалавек. Астатнія чырвонаармейцы і ваенспецы трапілі ў палон да чырвоных.
У красавіку 1919 года часткі Руска-Тульскага атрада змагаліся супраць бальшавікоў на баку УНР. Затым сышлі ў Брэст-Літоўскі, дзе былі інтэрніраваныя палякамі. У ліпені 1919 года вызвалены і накіраваны ў ЗЗА Н. Н. Юдзеніча
Галерэя
- Гатэль «Савой», які стаў цэнтрам бальшавіцкага супраціву стракапытаўшчыне.
- Помнік гомельскім камунарам у скверы «25 сакавіка», 1920 г.
- Помнік «ахвярам стракапытаўшчыны», 1930-я гг.
- Той жа манумент у аздабленні транспаранта «Лепшым помнікам пакутнікам 25—29 сакавіка будзе перамога камунізму», 1930-я гг.
- Шыльда ў памяць аб гомельскіх камунарах на будынку былога гатэля «Савой», 1936 г.
У культуры
- Падзеям «стракапытаўшчыны» прысвечаны мастацкі фільм Атэль «Савой» (вытворчасць «Белдзяржкіно», 1930, рэжысёр А. Файнцымер).
- Стракапытаўскаму паўстанню прысвечаныя эпізоды дакументальнай аповесці Сяргея Грахоўскага «Рудабельская рэспубліка», 1968[2].
Зноскі
- ↑ БелЭн 2002.
- ↑ Грахоўскі С. Рудабельская рэспубліка: Дакументальная аповесць/ Сяргей Грахоўскі. — Мінск: Беларусь, 1968. — 324 с.
Літаратура
- Лебедзева В. М. Стракапы́таўскае паўста́нне 1919 // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 15: Следавікі — Трыо / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2002. — Т. 15. — С. 194. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0251-2 (т. 15).
- Лелевич Г. Стрекопытовщина: Страничка из истории контрреволюционных выступлений в годы гражданской войны. — 2 изд. — М., Пг., 1923. (руск.)
- Лебедзева, В. М. Стракапытаўскае паўстанне ў Гомелі / Валянціна Лебедзева // «Из истории не вычеркнуть…» : к 90-летию Стрекопытовского мятежа в Гомеле (март 1919 г.) : сборник научных статей / Учреждение образования «Гомельский государственный университет им. Ф. Скорины», Гомельское городское краеведческое общество. — Гомель, 2010. — С. 78―85.
- Ирина Такоева Гомельская губерния: как всё начиналось. неизвестные страницы. — Гомель: издательство "Редакция газеты «Гомельская правда» — 2014 г. (руск.)
- Лебедзева В. М. Старакапытаўскі мяцеж // Беларуская мінуўшчына, 1995, № 4.
Спасылкі
- Лебедева В., Такоева И. Красноармейцы против коммунаров. Часть первая (руск.)Архівавана 4 сакавіка 2014. // Газета «Гомельская праўда»
- Лебедева В., Такоева И. Красноармейцы против коммунаров. Часть вторая. (руск.) // Газета «Гомельская праўда»
- Лебедева В., Такоева И. Красноармейцы против коммунаров. часть третья. (руск.) // Газета «Гомельская праўда»
- Лебедева В., Такоева И. Красноармейцы против коммунаров. Окончание. (руск.) // Газета «Гомельская праўда»