Лівійцы
r
Z1
bwT14A1
Z2
Выява каля 800 г. да н. э.
Агульная колькасць
Рэгіёны пражывання Паўночная Афрыка
Мова
Рэлігія політэізм
Блізкія этнічныя групы магчыма берберы

Ліві́́йцы (старажытнаег.: )  — старажытны народ, што ў канцы 2 — першай палове 1 тысячагоддзяў да н. э. насяляў землі на захад ад Егіпта, а таксама ў самім Егіпце.

Лівійцы ўдзельнічалі ва ўварванні ў Егіпет разам з народамі мора. Ад лівійцаў паходзяць XXII, XXIII і XXIV дынастыі фараонаў (945 — 720 гг. да н. э.).

Раннія ўзгадкі

У тэкстах Старога Царства і Сярэдняга Царства ўзгадваюцца плямёны тжэхену і тжемеху[1], што насялялі Заходнюю пустыню. У старажытнаегіпецкім мастацтве насельнікі захаду маляваліся як людзі з белай скурай, цёмнымі валасамі, часам са статкамі свойскай жывёлы.

У перыяд Новага Царства малюнак аблічча змяніўся: прадстаўнікоў заходніх народаў апісвалі са светлым тварам, пышнымі бародамі, у вопратцы і галаўных уборах з пёраў бусла ці страуса. У час кіравання фараона Аменхатэпа III з’яўляецца апісанне заходняга племені мешвеш або ма. Сеці I вёў войны супраць заходніх плямён тхухен, якія не карысталіся лукам і стрэламі, хаваліся ад егіпцян у пячорах[2]. У сучаснай літаратуры ўсе гэтыя плямёны часцяком называюцца лівійскімі, аднак гэтае атаясненне мае ўмоўны характар.

Непасрэдна лівійцы (, <rbw> ці <lby>) як адзін з заходніх народаў з’яўляюцца ў егіпецкіх тэкстах часоў Рамсеса II. Гэты фараон пабудаваў сетку крэпасцяў на мяжы з Заходняй пустыняй. Але крэпасці служылі не толькі для абароны, але і ўзаемнага гандлю. Пра мірны характар узаемаадносін паміж егіпцянамі і заходнімі народамі таксама сведчаць археалагічныя раскопкі[3]. Некаторыя вучоныя лічаць, што лівійцы здаўна кантактавалі з егіпцянамі і каланізавалі заходнюю частку дэльты Ніла[4].

Мернептах, пераемнік Рамсеса II, сутыкнуўся з уварваннем лівійскага правадыра Марая. Ён прывёў у якасці саюзнікаў народы мора, але быў пераможаны. Ваяўнічых лівійцаў малявалі з падстрыжанымі валасамі на патыліцы, татуяваным целам. У адрозненні ад папярэднікаў яны карысталіся канямі, захопленымі фараонам у бітве[5]. Большасць даследчыкаў мяркуе, што лівійцы па паходжанню былі звязаны з папярэднімі заходнімі плямёнамі і могуць з’яўляцца продкамі бербераў.

Рамсес III быў вымушаны змагацца як супраць заходніх плямён, у тым ліку лівійцаў, так і супраць народаў мора. Прычым, гэтая барацьба мела паспяховы характар. З гэтага часу ўсе прадстаўнікі заходніх плямён маглі называцца ў егіпецкіх і іншаземных тэкстах лівійцамі.

Лівійцы ў Егіпце

Барацьба з лівійцамі была адной з прычын заняпаду Новага Царства. У пераходны перыяд прадстаўнікі заходніх плямён захапілі дэльту Ніла, дзе лівійскія правадыры стварылі свае манархічныя дынастыі. Лівійцы таксама сяліліся на поўдзень ад дэльты, служылі ваеннымі наймітамі. Нашчадак правадыроў мешвеш Асаркон нават меў тытул фараона. Яго пляменнік Шэшонк I спачатку ўзначальваў егіпецкае войска, а потым таксама стаў фараонам і заснаваў XXII дынастыю[6]. Ён, а таксама іншыя прадстаўнікі лівійскіх XXII, XIII і XIV дынастый імкнуліся выяўляць сябе прадаўжальнікамі старажытных егіпецкіх традыцый.

Археолагамі не знойдзена значных прыкмет рассялення лівійцаў у Егіпце, што можа быць растлумачана імкненнем да асіміляцыі. Аднак прысутнасць лівійцаў адлюстравана ў пісьмовых крыніцах. У першай палове 1 тысячагоддзя да н. э. яны складалі своеасаблівую ваенную касту[7]. Герадот паведамляў[8], што жыхары двух памежных гарадоў, якія захоўвалі лівійскую тоеснасць і родную мову, пакутвалі з-за рэлігійных звычаяў егіпцян, а таму звярнуліся да аракула Амона з патрэбай дазволіць ім харчавацца розным мясам, але атрымалі адказ, паколькі ўсе, хто жыве ў Егіпце, з’яўляюцца егіпцянамі.

Спасылкі

Зноскі

  1. WILLIAM COONEY, Egypt's encounter with the West: Race, Culture and Identity
  2. Военные походы Сети I Архівавана 20 ліпеня 2018.
  3. Ancient Egyptians And Libyans Possibly Lived In Harmony During Ramses’ Reign Архівавана 4 жніўня 2020.
  4. Тураев, Б. История древнего востока. Часть I. - Москва: Рипол Классик, 2013. С. 285
  5. Гл: Гаудио, А. Цивилизации Сахары. Десять тысячелетий истории, культуры и торговли. / А. Гаудио. — М.: Наука, 1985
  6. Гл.: Kitchen, K. A. The Third Intermediate Period in Egypt: 1100-650 BC (Aris and Phillips Classical Texts). / Kenneth A. Kitchen. — Liverpool University Press, 1996
  7. The rise to power of the Libyans Архівавана 22 лютага 2019.
  8. Герадот, II:18
This article is issued from Wikipedia. The text is licensed under Creative Commons - Attribution - Sharealike. Additional terms may apply for the media files.