Станіслаў Іванавіч Богуш-Сестранцэвіч | ||||||||
---|---|---|---|---|---|---|---|---|
| ||||||||
| ||||||||
|
||||||||
Царква | Рымска-каталіцкая царква | |||||||
Пераемнік | Каспар Цецішоўскі | |||||||
|
||||||||
Папярэднік | барон Карл Аляксандравіч фон Гейкінг | |||||||
Пераемнік | біскуп Ян Беніслаўскі | |||||||
|
||||||||
Папярэднік | біскуп Ян Беніслаўскі,як старшыня Каталіцкага дэпартамента Юстыц-калегіі | |||||||
Пераемнік | Каспар Цецішоўскі | |||||||
|
||||||||
Адукацыя | ||||||||
Дзейнасць | пісьменнік, каталіцкі святар, каталіцкі дыякан, каталіцкі біскуп | |||||||
Нараджэнне |
3 (14) верасня 1731[2] |
|||||||
Смерць |
1 (13) снежня 1826[2] (95 гадоў) |
|||||||
Пахаванне | ||||||||
Дынастыя | Богуш-Сестранцэвічы[d] | |||||||
Бацька | Ян Богуш-Сестранцэвіч[d] | |||||||
Маці | Карнелія з Адынцоў[d] | |||||||
Прыняцце свяшчэннага сану | 3.7.1763 | |||||||
Узнагароды |
|
|||||||
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Яго Высокапраасвяшчэнства Станісла́ў Іванавіч Бо́гуш-Сестранцэ́віч (3 верасня 1731, маёнт. Занкі Ваўкавыскага павета, Вялікае Княства Літоўскае, Рэч Паспалітая, цяпер Свіслацкі раён[3] — 1 снежня 1826, Санкт-Пецярбург) — беларускі[3] рэлігійны дзеяч, літаратар, навуковец[4]. Дзядзька В. Дунін-Марцінкевіча.
Біяграфічныя звесткі
Нарадзіўся ў шляхецкай сям’і Богуш-Сестранцэвічаў уласнага герба. Яго бацька — міхнеўскі староста і старадубскі стражнік Ян Богуш-Сестранцэвіч (1678—1771), быў па веравызнанні кальвіністам. Маці — Карнелія Адзінец (1698—1773) — каталічкай. Па патрабаванні маці дзіцё было ахрышчана 5 верасня 1731 паводле рымска-каталіцкага абраду ў Заблудаве. Неўзабаве сям’я пераехала з Занкаў у Рале (30 км ад Кальварыі, цяпер тэрыторыя Літоўскай Рэспублікі). Там і прайшло дзяцінства будучага мітрапаліта[5].
Калі Станіславу было 7 гадоў, бацька наняў яму вандроўнага настаўніка П. Касарына, які ў суседнім фальварку Бурняны вучыў дзяцей мазырскага стольніка Яна Канарскага. Неўзабаве падраслі сёстры, і Касарын пачаў пераязджаць з аднаго фальварка ў другі разам са сваімі вучнямі. Адну чвэрць яны вучыліся ў Бурнянах, а на астатні час перабіраліся да Богушаў-Сестранцэвічаў. У 12 гадоў хлопчык пакінуў бацькоўскі дом, каб працягваць адукацыю. У 1743—1745 гадах Богуш-Сестранцэвіч вучыўся ў Кейданскім кальвінісцкім калегіуме і Слуцкай гімназіі. У чэрвені 1745 на пахаванні старадубскага харужага Воўка 13-гадовы вучань сказаў прачулую памінальную прамову, яна так уразіла кальвіністаў, што яны вырашылі накіраваць юнака на нямецкія землі для далейшай адукацыі[5].
У жніўні 1745 года Станіслаў Богуш-Сестранцэвіч выехаў вучыцца ў Берлін. У дарозе быў абакрадзены ў адным з гатэляў Штатгарта Шчэцінскага. Не маючы сродкаў на існаванне, быў вымушаны пайсці на службу ў прускую армію. У Еўропе ў той час ішла вайна за «аўстрыйскую спадчыну». Богуш-Сестранцэвіч служыў афіцэрам у гусарскім палку. 15 снежня 1745 года ў бітве пад Касельдорфам быў цяжка паранены карцеччу ў правую руку. Яго даставілі ў берлінскі шпіталь, а 26 снежня 1745 года, крыху падлячыўшы рану, выпісалі і звольнілі з войска[5].
У Берліне Станіслаў пазнаёміўся з дамініканінам айцом Армандам, які ўладкаваў яго вучыцца ў гімназію Св. Іахіма. Вучыўся ва ўніверсітэтах Кёнігсберга, Франкфурта, Амстэрдама, Лондана. Служыў афіцэрам у гвардыі ВКЛ. Пасля выхаду ў адстаўку (1761) у чыне капітана, працаваў хатнім настаўнікам у Радзівілаў.
Магчыма, няўдалае каханне павярнула яго да царкоўнай кар’еры[3]. Скончыў Варшаўскую галоўную школу піяраў (1762) і ў 1763 годзе пасвечаны ў духоўнае званне, быў настаяцелем у Гомелі і Бабруйску, канонікам і епіскапам-суфраганам у Вільні.
Пасля 1-га падзелу Рэчы Паспалітай, 3 снежня 1773 года біскуп Богуш-Сестранцэвіч па ініцыятыве Кацярыны II стаў біскупам у «Беларускай дыяцэзіі», якая існавала з 1773 года, але не была зацверджана Ватыканам[4]. З кастрычніка 1773 года быў тытулярным біскупам Малінскім (Маляціцкім?) (Mallus). Жыў у гэты час у Абольцах, каля Оршы.
У 1780 годзе Кацярына II звярнулася да папы Пія VI па дазвол на стварэнне каталіцкага архібіскупства з цэнтрам у Магілёве. З 1780 года С. Богуш-Сестранцэвіч жыў у Магілёве. З 28 студзеня 1782 года стаў архібіскупам Магілёўскім[4]. Архібіскупства складалася з касцёлаў цэнтральнай частцы Расійскай імперыі, а таксама Магілёўскай, Віцебскай і Кіеўскай губерняў. Кацярына II абапіраючыся на С. Богуш-Сестранцэвіча, для якога дамаглася ад Папы права на знак кардынала, процідзейнічала пашырэнню ўплыву Ватыкана на Усходзе[4].
Спачуваў паўстанню 1794 года.
З 1798 года і да канца жыцця жыў у Санкт-Пецярбургу. З 1798 года — мітрапаліт усіх рымска-каталіцкіх касцёлаў у Расійскай імперыі, з 1801 — старшыня Рымска-каталіцкай духоўнай калегіі.
Памёр на 96 годзе жыцця. Пахаваны ў Пецярбургу ў пабудаваным ім касцёле Св. Станіслава[3]. Да канца жыцця заставаўся архібіскупам Магілёўскім, мітрапалітам рымска-каталіцкіх цэркваў Расіі, адміністратарам Віленскай вакантнай епархіі, старшынёй рымска-каталіцкай духоўнай калегіі.
Уласную маёмасць завяшчаў сваякам. Бібліятэку (3 тысяч тамоў), грашовыя сродкі (20 тысяч рублёў), навуковыя рэчы і прылады — касцёлу Св. Станіслава ў Пецярбургу. Дом у Магілёве — Магілёўскай рымска-каталіцкай кансісторыі. Слуг архібіскупа спадкаемцы мусілі вызваліць з прыгону.
Кавалер ордэнаў Андрэя Першазванага, Аляксандра Неўскага, крыжоў Уладзіміра Вялікага і Ганны першай ступені, Белага арла, Святога Станіслава і Іаана Іерусалімскага.
Дзейнасць і творчасць
Быў прыхільнікам ідэй гуманізму і асветніцтва, спрыяў адкрыццю школ, развіццю кнігавыдавецкай справы.
Заснаваў Магілёўскую друкарню (1774), дзе выдавалася духоўная і свецкая літаратура, урадавыя пастановы. У 1783 годзе ў Магілёве адкрыўся заснаваны архібіскупам тэатр, кіраўніком якога быў А. Жукоўскі, мастаком — А. Главацкі. Паспяховая вёў гаспадарчую дзейнасць, заснаваў бровар і суконную фабрыку, у яго працавалі дывановыя майстры, меў аранжарэю ў Буйнічах.
Аўтар вершаў, казанняў і іншых дыдактычных твораў. Напісаў, паставіў і выдаў у Магілёве вершаваную трагедыю «Гіцыя ў Таўрыдзе» (1783), а таксама трагедыю ў пяці дзеях «Ора» (1788). У рукапісах засталіся паэмы «Выратаваны кароль» і «Аб узяцці Ачакава».
Апекаваў навуцы, сам працаваў у галіне гісторыі, філалогіі, медыцыны і інш. Выбіраўся членам Імператарскай Акадэміі навук, Пецярбургскай медыка-хірургічнай акадэміі. У 1813—1823 гадах старшыня Вольнага эканамічнага таварыства[4]. У 1813 годзе часова быў прэзідэнтам Імператарскай Акадэміі навук.
Трымаўся «заходнерускіх» поглядаў[3]. У 1793 годзе выдаў у Магілёве сваю гістарычна-краязнаўчую працу «O Rosji zachodniej» (польск.), якая стала першай «ластаўкай», абвясціўшай аб з’яўленні «западно-русизма», ён разгледзеў праблему паходжання беларусаў, украінцаў і рускіх. У гэтай невялікай кніжцы сфармуляваны асноўныя пастулаты ідэалогіі «западно-русизма»: беларускія землі са старажытных часоў былі складанай часткай адзінай рускай зямлі, беларусы — частка адзінага «рускага племені», якая мае толькі некаторыя адметнасці ў сувязі з яе гістарычным лёсам; падзелы Рэчы Паспалітай аднавілі страчанае адзінства рускіх земляў. Абгрунтаванне для свайго гістарычнага міфа С. Богуш-Сестранцэвіч чэрпаў з тагачаснай расійскай гістарычнай думкі, не прэтэндуючы на распрацоўку ўласнай гістарычнай канцэпцыі.
Аўтар «Гісторыі Таўрыды» (т. 1-2. Брауншвейг, 1800, руск. перакл. СПб., 1806), «Гісторыі сарматаў і славян» (т. 1-4. СПб., 1812).
Таксама, магчыма, С. Богуш-Сестранцэвіч быў аўтарам «Граматыкі літоўскай» са слоўнікам[3]. Праца не публікавалася, а рукапіс не знойдзены. А. Мальдзіс, а за ім Г. Каханоўскі, выказвалі думку, што пад «літоўскай мовай», мусіць, мелася на ўвазе беларуская, аднак С. Запрудскі паказаў, што ў раздзеле пра літоўскую мову сваёй «Гісторыі сарматаў і славян» С. Богуш-Сестранцэвіч дае словы ugnis, akis, wodas, bailus, bruwis, то-бок пад «літоўскай мовай» разумее менавіта літоўскую[6].
Захапляўся помнікамі старажытнасці, збіраў манускрыпты.
Галерэя
- Даўняя мініяцюра
- Ян Дамель, 1820
- Ю. Хрышчановіч, 1827
- Ю. Хрышчановіч, 1849
Зноскі
- ↑ Sejm-Wielki.pl — 2002.
- 1 2 3 4 Храневич К. И. Сестренцевич-Богуш, Станислав // Русский биографический словарь / под ред. А. А. Половцов — СПб.: 1904. — Т. 18. — С. 388–392.
- 1 2 3 4 5 6 Каханоўскі Г. Богуш-Сестранцэвіч… ЭГБ. Т.2. — С. 52.
- 1 2 3 4 5 Биографический справочник 1982.
- 1 2 3 М. Папоў (2007)
- ↑ Назвы беларускай мовы ў працах даследчыкаў пачатку ХІХ ст. // Беларуская мова і мовазнаўства: ХІХ стагоддзе. — Мн.: БДУ, 2013. — С. 97.
Літаратура
- Богуш-Сестренцевич Станислав Иванович // Биографический справочник. — Мн.: «Белорусская советская энциклопедия» имени Петруся Бровки, 1982. — Т. 5. — С. 67. — 737 с.
- Каханоўскі Г. Археалогія і гістарычнае краязнаўства Беларусі ў 16—19 стст. — Мн., 1984. — С. 11—22;
- Каханоўскі Г. Богуш-Сестранцэвіч Станіслаў Іванавіч // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 2: Беліцк — Гімн / Рэдкал.: Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн. : БелЭн, 1994. — 20 000 экз. — ISBN 5-85700-142-0. — С. 52;
- Папоў М. Мітрапаліт Станіслаў Богуш-Сестранцэвіч (1731—1826): Нарыс жыцця і царкоўнай дзейнасці // Веснік ГрДУ. Сер. І. — 2007. № 2. — С. 3—10;
- Філіповіч І. Міфы і праўда аб Магілёве. — Магілёў, 1993. — С. 77—79;
- Хаўратовіч I. Богуш-Сестранцэвіч Станіслаў Іванавіч. (3.9.1731 — 1.12.1826) // Мысліцелі і асветнікі. Энц.давед. — Мн.: БелЭн, 1995. — С. 185;
- Яцкевіч З. Станіслаў Богуш-Сестранцэвіч // «Веснік Магілёва», 11 снежня 1992.
Спасылкі
- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Станіслаў Іванавіч Богуш-Сестранцэвіч
- Архіўная копія(недаступная спасылка). Сайт Магілёўскай абласной бібліятэкі. Архівавана з першакрыніцы 9 снежня 2012. Праверана 12 верасня 2011.
- Святлана Марозава.. Станіслаў Богуш-Сестранцэвіч . Сайт «Хрысціянства ў гістарычным лёсе беларускага народа». Праверана 12 студзеня 2011.
- Archbishop Stanislaw Jan Siestrzencewicz Bohusz † (англ.)
- Богуш-Сестранцэвіч Станіслаў (ВКЛ, Расійск. Імп.) (1731—1826) — першы рымска-кат. мітрапаліт у Расійск. Імп.(недаступная спасылка) (бел.)
- Попов М. А. Митрополит Станислав Богуш-Сестренцевич и Павел I
- «Первый Митрополит Могилёвский Архиепископ Станислав Иоанн Сестренцевич-Богуш» на сайте otechestvo.org.ua Архівавана 29 лістапада 2012.
- Станислав-Иоанн (Сестренцевич-Богуш), митрополит. Изображение происшествий в духовенстве Западного последования, в России пребывающем, от того времени, как поручено оное епископу, а ныне митрополиту Сестренцевичу-Богушу / Сообщ. А. Н. Поповым // Русский архив, 1870. — Изд. 2-е. — М., 1871. — Стб. 1745—1768. Архівавана 27 снежня 2013.