Станіслаў Іванавіч Богуш-Сестранцэвіч

Герб
Пілява[1]
1-ы Архібіскуп-мітрапаліт Магілёўскі
11.12.1783 1.12.1826
Царква Рымска-каталіцкая царква
Пераемнік Каспар Цецішоўскі
Сцяг2-і Старшыня Каталіцкага дэпартамента юстыцыі-калегіі Расійскай імперыі
1798 1800
Папярэднік барон Карл Аляксандравіч фон Гейкінг
Пераемнік біскуп Ян Беніслаўскі
Сцяг1-ы Старшыня Рымска-каталіцкай духоўнай калегіі Расійскай імперыі
1801 1826
Папярэднік біскуп Ян Беніслаўскі,як старшыня Каталіцкага дэпартамента Юстыц-калегіі
Пераемнік Каспар Цецішоўскі

Адукацыя
Дзейнасць пісьменнік, каталіцкі святар, каталіцкі дыякан, каталіцкі біскуп
Нараджэнне 3 (14) верасня 1731[2]
Смерць 1 (13) снежня 1826[2] (95 гадоў)
Пахаванне
Дынастыя Богуш-Сестранцэвічы[d]
Бацька Ян Богуш-Сестранцэвіч[d]
Маці Карнелія з Адынцоў[d]
Прыняцце свяшчэннага сану 3.7.1763

Узнагароды
Ордэн Святога Андрэя Першазванага
Ордэн Святога Андрэя Першазванага
Ордэн Святога Уладзіміра I ступені
Ордэн Святога Уладзіміра I ступені
Ордэн Святога Аляксандра Неўскага
Ордэн Святога Аляксандра Неўскага
Ордэн Святой Ганны I ступені
Ордэн Святой Ганны I ступені
Ордэн Святога Іаана Іерусалімскага, Расія
Ордэн Святога Іаана Іерусалімскага, Расія
Ордэн Белага арла
Ордэн Белага арла
Ордэн Святога Станіслава
Ордэн Святога Станіслава
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Яго Высокапраасвяшчэнства Станісла́ў Іванавіч Бо́гуш-Сестранцэ́віч (3 верасня 1731, маёнт. Занкі Ваўкавыскага павета, Вялікае Княства Літоўскае, Рэч Паспалітая, цяпер Свіслацкі раён[3] — 1 снежня 1826, Санкт-Пецярбург) — беларускі[3] рэлігійны дзеяч, літаратар, навуковец[4]. Дзядзька В. Дунін-Марцінкевіча.

Біяграфічныя звесткі

Нарадзіўся ў шляхецкай сям’і Богуш-Сестранцэвічаў уласнага герба. Яго бацька — міхнеўскі староста і старадубскі стражнік Ян Богуш-Сестранцэвіч (1678—1771), быў па веравызнанні кальвіністам. Маці — Карнелія Адзінец (1698—1773) — каталічкай. Па патрабаванні маці дзіцё было ахрышчана 5 верасня 1731 паводле рымска-каталіцкага абраду ў Заблудаве. Неўзабаве сям’я пераехала з Занкаў у Рале (30 км ад Кальварыі, цяпер тэрыторыя Літоўскай Рэспублікі). Там і прайшло дзяцінства будучага мітрапаліта[5].

Калі Станіславу было 7 гадоў, бацька наняў яму вандроўнага настаўніка П. Касарына, які ў суседнім фальварку Бурняны вучыў дзяцей мазырскага стольніка Яна Канарскага. Неўзабаве падраслі сёстры, і Касарын пачаў пераязджаць з аднаго фальварка ў другі разам са сваімі вучнямі. Адну чвэрць яны вучыліся ў Бурнянах, а на астатні час перабіраліся да Богушаў-Сестранцэвічаў. У 12 гадоў хлопчык пакінуў бацькоўскі дом, каб працягваць адукацыю. У 1743—1745 гадах Богуш-Сестранцэвіч вучыўся ў Кейданскім кальвінісцкім калегіуме і Слуцкай гімназіі. У чэрвені 1745 на пахаванні старадубскага харужага Воўка 13-гадовы вучань сказаў прачулую памінальную прамову, яна так уразіла кальвіністаў, што яны вырашылі накіраваць юнака на нямецкія землі для далейшай адукацыі[5].

У жніўні 1745 года Станіслаў Богуш-Сестранцэвіч выехаў вучыцца ў Берлін. У дарозе быў абакрадзены ў адным з гатэляў Штатгарта Шчэцінскага. Не маючы сродкаў на існаванне, быў вымушаны пайсці на службу ў прускую армію. У Еўропе ў той час ішла вайна за «аўстрыйскую спадчыну». Богуш-Сестранцэвіч служыў афіцэрам у гусарскім палку. 15 снежня 1745 года ў бітве пад Касельдорфам быў цяжка паранены карцеччу ў правую руку. Яго даставілі ў берлінскі шпіталь, а 26 снежня 1745 года, крыху падлячыўшы рану, выпісалі і звольнілі з войска[5].

У Берліне Станіслаў пазнаёміўся з дамініканінам айцом Армандам, які ўладкаваў яго вучыцца ў гімназію Св. Іахіма. Вучыўся ва ўніверсітэтах Кёнігсберга, Франкфурта, Амстэрдама, Лондана. Служыў афіцэрам у гвардыі ВКЛ. Пасля выхаду ў адстаўку (1761) у чыне капітана, працаваў хатнім настаўнікам у Радзівілаў.

Магчыма, няўдалае каханне павярнула яго да царкоўнай кар’еры[3]. Скончыў Варшаўскую галоўную школу піяраў (1762) і ў 1763 годзе пасвечаны ў духоўнае званне, быў настаяцелем у Гомелі і Бабруйску, канонікам і епіскапам-суфраганам у Вільні.

Пасля 1-га падзелу Рэчы Паспалітай, 3 снежня 1773 года біскуп Богуш-Сестранцэвіч па ініцыятыве Кацярыны II стаў біскупам у «Беларускай дыяцэзіі», якая існавала з 1773 года, але не была зацверджана Ватыканам[4]. З кастрычніка 1773 года быў тытулярным біскупам Малінскім (Маляціцкім?) (Mallus). Жыў у гэты час у Абольцах, каля Оршы.

У 1780 годзе Кацярына II звярнулася да папы Пія VI па дазвол на стварэнне каталіцкага архібіскупства з цэнтрам у Магілёве. З 1780 года С. Богуш-Сестранцэвіч жыў у Магілёве. З 28 студзеня 1782 года стаў архібіскупам Магілёўскім[4]. Архібіскупства складалася з касцёлаў цэнтральнай частцы Расійскай імперыі, а таксама Магілёўскай, Віцебскай і Кіеўскай губерняў. Кацярына II абапіраючыся на С. Богуш-Сестранцэвіча, для якога дамаглася ад Папы права на знак кардынала, процідзейнічала пашырэнню ўплыву Ватыкана на Усходзе[4].

Спачуваў паўстанню 1794 года.

Мармуровы бюст С. Богуш-Сестранцэвіча ў Пецярбургу.

З 1798 года і да канца жыцця жыў у Санкт-Пецярбургу. З 1798 года — мітрапаліт усіх рымска-каталіцкіх касцёлаў у Расійскай імперыі, з 1801 — старшыня Рымска-каталіцкай духоўнай калегіі.

Памёр на 96 годзе жыцця. Пахаваны ў Пецярбургу ў пабудаваным ім касцёле Св. Станіслава[3]. Да канца жыцця заставаўся архібіскупам Магілёўскім, мітрапалітам рымска-каталіцкіх цэркваў Расіі, адміністратарам Віленскай вакантнай епархіі, старшынёй рымска-каталіцкай духоўнай калегіі.

Уласную маёмасць завяшчаў сваякам. Бібліятэку (3 тысяч тамоў), грашовыя сродкі (20 тысяч рублёў), навуковыя рэчы і прылады — касцёлу Св. Станіслава ў Пецярбургу. Дом у Магілёве — Магілёўскай рымска-каталіцкай кансісторыі. Слуг архібіскупа спадкаемцы мусілі вызваліць з прыгону.

Кавалер ордэнаў Андрэя Першазванага, Аляксандра Неўскага, крыжоў Уладзіміра Вялікага і Ганны першай ступені, Белага арла, Святога Станіслава і Іаана Іерусалімскага.

Дзейнасць і творчасць

Касцёл Святога Станіслава ў вёсцы Маляцічы ў Крычаўскім раёне Магілёўскай вобласці, пабудаваны С. Богуш-Сестранцэвічам.

Быў прыхільнікам ідэй гуманізму і асветніцтва, спрыяў адкрыццю школ, развіццю кнігавыдавецкай справы.

Заснаваў Магілёўскую друкарню (1774), дзе выдавалася духоўная і свецкая літаратура, урадавыя пастановы. У 1783 годзе ў Магілёве адкрыўся заснаваны архібіскупам тэатр, кіраўніком якога быў А. Жукоўскі, мастаком — А. Главацкі. Паспяховая вёў гаспадарчую дзейнасць, заснаваў бровар і суконную фабрыку, у яго працавалі дывановыя майстры, меў аранжарэю ў Буйнічах.

Аўтар вершаў, казанняў і іншых дыдактычных твораў. Напісаў, паставіў і выдаў у Магілёве вершаваную трагедыю «Гіцыя ў Таўрыдзе» (1783), а таксама трагедыю ў пяці дзеях «Ора» (1788). У рукапісах засталіся паэмы «Выратаваны кароль» і «Аб узяцці Ачакава».

Апекаваў навуцы, сам працаваў у галіне гісторыі, філалогіі, медыцыны і інш. Выбіраўся членам Імператарскай Акадэміі навук, Пецярбургскай медыка-хірургічнай акадэміі. У 1813—1823 гадах старшыня Вольнага эканамічнага таварыства[4]. У 1813 годзе часова быў прэзідэнтам Імператарскай Акадэміі навук.

Трымаўся «заходнерускіх» поглядаў[3]. У 1793 годзе выдаў у Магілёве сваю гістарычна-краязнаўчую працу «O Rosji zachodniej» (польск.), якая стала першай «ластаўкай», абвясціўшай аб з’яўленні «западно-русизма», ён разгледзеў праблему паходжання беларусаў, украінцаў і рускіх. У гэтай невялікай кніжцы сфармуляваны асноўныя пастулаты ідэалогіі «западно-русизма»: беларускія землі са старажытных часоў былі складанай часткай адзінай рускай зямлі, беларусы — частка адзінага «рускага племені», якая мае толькі некаторыя адметнасці ў сувязі з яе гістарычным лёсам; падзелы Рэчы Паспалітай аднавілі страчанае адзінства рускіх земляў. Абгрунтаванне для свайго гістарычнага міфа С. Богуш-Сестранцэвіч чэрпаў з тагачаснай расійскай гістарычнай думкі, не прэтэндуючы на распрацоўку ўласнай гістарычнай канцэпцыі.

Аўтар «Гісторыі Таўрыды» (т. 1-2. Брауншвейг, 1800, руск. перакл. СПб., 1806), «Гісторыі сарматаў і славян» (т. 1-4. СПб., 1812).

Таксама, магчыма, С. Богуш-Сестранцэвіч быў аўтарам «Граматыкі літоўскай» са слоўнікам[3]. Праца не публікавалася, а рукапіс не знойдзены. А. Мальдзіс, а за ім Г. Каханоўскі, выказвалі думку, што пад «літоўскай мовай», мусіць, мелася на ўвазе беларуская, аднак С. Запрудскі паказаў, што ў раздзеле пра літоўскую мову сваёй «Гісторыі сарматаў і славян» С. Богуш-Сестранцэвіч дае словы ugnis, akis, wodas, bailus, bruwis, то-бок пад «літоўскай мовай» разумее менавіта літоўскую[6].

Захапляўся помнікамі старажытнасці, збіраў манускрыпты.

Галерэя

Зноскі

  1. Sejm-Wielki.pl — 2002.
  2. 1 2 3 4 Храневич К. И. Сестренцевич-Богуш, Станислав // Русский биографический словарь / под ред. А. А. ПоловцовСПб.: 1904. — Т. 18. — С. 388–392.
  3. 1 2 3 4 5 6 Каханоўскі Г. Богуш-Сестранцэвіч… ЭГБ. Т.2. — С. 52.
  4. 1 2 3 4 5 Биографический справочник 1982.
  5. 1 2 3 М. Папоў (2007)
  6. Назвы беларускай мовы ў працах даследчыкаў пачатку ХІХ ст. // Беларуская мова і мовазнаўства: ХІХ стагоддзе. — Мн.: БДУ, 2013. — С. 97.

Літаратура

  • Богуш-Сестренцевич Станислав Иванович // Биографический справочник. Мн.: «Белорусская советская энциклопедия» имени Петруся Бровки, 1982. — Т. 5. — С. 67. — 737 с.
  • Каханоўскі Г. Археалогія і гістарычнае краязнаўства Беларусі ў 16—19 стст. — Мн., 1984. — С. 11—22;
  • Каханоўскі Г. Богуш-Сестранцэвіч Станіслаў Іванавіч // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 2: Беліцк — Гімн / Рэдкал.: Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. Мн. : БелЭн, 1994. 20 000 экз. — ISBN 5-85700-142-0. — С. 52;
  • Папоў М. Мітрапаліт Станіслаў Богуш-Сестранцэвіч (1731—1826): Нарыс жыцця і царкоўнай дзейнасці // Веснік ГрДУ. Сер. І. — 2007. № 2. — С. 3—10;
  • Філіповіч І. Міфы і праўда аб Магілёве. — Магілёў, 1993. — С. 77—79;
  • Хаўратовіч I. Богуш-Сестранцэвіч Станіслаў Іванавіч. (3.9.1731 — 1.12.1826) // Мысліцелі і асветнікі. Энц.давед. — Мн.: БелЭн, 1995. — С. 185;
  • Яцкевіч З. Станіслаў Богуш-Сестранцэвіч // «Веснік Магілёва», 11 снежня 1992.

Спасылкі

This article is issued from Wikipedia. The text is licensed under Creative Commons - Attribution - Sharealike. Additional terms may apply for the media files.