Справа БелТА — крымінальны працэс у Беларусі па абвінавачанні журналістаў у несанкцыянаваным доступе да камп’ютарнай інфармацыі, здзейсненым з іншай асабістай зацікаўленасці, які пацягнуў прычыненне істотнай шкоды (ч. 2 арт. 349 КК). Нагодай да ўзбуджэння справы паслужыла паведамленне рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства «БелТА» пра збоі ў доступе да платнай падпіскі паслуг, якія падаваліся аднаму з заказчыкаў[1].
Ход падзей
7 жніўня ў офісы TUT.BY і БелаПАН прыйшлі прадстаўнікі Следчага камітэта з вобыскам. У той жа час на допыт былі вывезены некаторыя супрацоўнікі выданняў[1]. Для допыту ў СК былі адпраўлены рэдактар БелаПАН Андрэй Серада, які ў момант вобыску ўжо знаходзіўся на працоўным месцы і правёў у рэдакцыі амаль увесь дзень, і міжнародны аглядальнік агенцтва Таццяна Каравянкова. Для допыту выклікалі чацвярых супрацоўнікаў TUT.BY — галоўнага рэдактара Марыну Золатаву, гендырэктара TUT.BY Людмілу Чэкіну, рэдактараў Дзмітрыя Бобрыка, Ганну Ермачонак, Галіну Уласік, Ганну Калтыгіну, Ульяну Бабаед, экс-супрацоўніцу рэдакцыі Яўгенію Беразюк[2].
З офіса TUT.BY забралі з дзясятак сістэмных блокаў, прычым не толькі тых журналістаў, якіх выклікалі на допыт, аналагічная сітуацыя і ў рэдакцыі БелаПАН, дзе вобыск доўжыўся каля васьмі гадзін[2].
У СК заявілі, што супраць журналістаў узбуджана крымінальная справа па ч. 2 арт. 349 КК (Несанкцыянаваны доступ да камп’ютарнай інфармацыі, здзейснены з іншай асабістай зацікаўленасці, які пацягнуў прычыненне істотнай шкоды). Нагодай да ўзбуджэння справы паслужыла паведамленне рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства «БелТА» пра збоі ў доступе да платнай падпіскі паслуг, якія падаваліся аднаму з заказчыкаў[1].
Увечары ў эфіры тэлеканала «Беларусь 1» прадэманстравалі запіс тэлефоннай гутаркі галоўнага рэдактара TUT.BY Марыны Золатавай і яе падпарадкаванай Ганны Калтыгінай, у якім прагучала фраза, якая тычыцца падпіскі на рэсурс «БелТА» — «Мы яе юзаем, мы яе тырым»[2].
Заснавальнік партала TUT.BY Юрый Зісер у сваім допісе на Facebook адзначыў[2]:
![]() |
З раніцы палітыка не была прыкметная. Аднак да канца дня падзея атрымала такія касмічныя маштабы адлюстравання ў розных дзяржаўных СМІ, зусім неадпаведныя сутнасці справы, што палітычная падаплёка стала відавочнай. | ![]() |
8 жніўня з’явіліся паведамленні пра вобыскі і затрыманні іншых журналістаў, якія працуюць у розных выданнях. Раніцай на допыт выклікалі журналіста Паўлюка Быкоўскага, які супрацоўнічаў з нямецкім агенцтвам Deutsche Welle, пазней у камітэт на допыт забралі галоўнага рэдактара партала realt.by Уладзіслава Кулецкага і трох журналістаў выдання Ігара Хмару, Марыю Сароку, Алену Маслоўскую, а таксама фрылансера Аляксея Жукава[2].
9 жніўня па «справе БелТА» затрымалі галоўную рэдактарку БелаПАН Ірыну Леўшыну. У гэты ж дзень з-пад варты былі вызвалены Галіна Уласік, Марына Золатава, Ганна Калтыгіна, Ганна Ермачонак, Аляксей Жукаў і Таццяна Каравянкова.
27 верасня ў якасці сведкі быў дапытаны выконваючы абавязкі дырэктара БелаПАН Зміцер Наважылаў. З яго ўзятая падпіска аб неразгалошванні[3]
5 лістапада чатыром супрацоўнікам партала TUT.BY было выстаўлена абвінавачванне[4].
Да канца лістапада крымінальныя справы супраць 14 абвінавачаных спынілі, бо яны сплацілі шкоду і штраф. Акрамя штрафаў, журналісты былі абавязаныя кампенсаваць прычыненую дзяржаве шкоду. Сумы, выплачаныя былымі фігурантамі «справы БелТА», вагаліся ад 3 да 17 тысяч рублёў[5].
Суд над Золатавай
Першапачаткова галоўнага рэдактара TUT.BY падазравалі адразу па двух артыкулах Крымінальнага кодэкса: ч. 2 арт. 349 (Несанкцыянаваны доступ да камп’ютарнай інфармацыі, зроблены з іншай асабістай зацікаўленасці, які пацягнуў прычыненне істотнай шкоды) і ч. 2 арт. 425 КК (Бяздзейнасць службовай асобы). Але абвінавачванне было прад’яўлена па апошняй. Яна стала адзінай з 15 журналістаў і рэдактараў некалькіх СМІ, якія праходзілі па справе, чыя справа дайшло да суда і ў дачыненні да каго следства не спыніла крымінальны пераслед[6].
Урэшце галоўнага рэдактара TUT.BY Марыну Золатаву абвінавацілі паводле часткі 2 артыкулу 425 Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусі («Бяздзейнасць службовай асобы»). Суд Заводскага раёна Мінска (суддзя — Аляксандр Петраш) 4 сакавіка 2019 года прызнаў Золатаву вінаватай і прысудзіў да штрафу ў памеры 300 базавых велічыняў (7 650 рублёў). Суддзя таксама пастанавіў спагнаць з Золатавай 6 тысяч рублёў на карысць БелТА за паслугі адвакатаў[6].
У заключным слове Золатава заявіла[6]:
![]() |
Гэты працэс адбіўся не столькі на рэпутацыі Tut.by, колькі на рэпутацыі ўсіх яго ўдзельнікаў, уключна з рэпутацыяй дзяржаўных СМІ. А Беларусь зноў з’явілася ў загалоўках замежных медыя як дзяржава, дзе падаўляецца свабода слова. Медыясупольнасць унутры краіны аказалася расколатай, паміж дзяржаўнымі і недзяржаўнымі СМІ вырасла сцяна. Гэта сведчыць пра тое, што той, хто прыдумаў гэты працэс, не вельмі сабе ўяўляў магчымыя наступствы. | ![]() |
Міжнародная рэакцыя
Еўрапейскі Саюз: Вярхоўны прадстаўнік Еўрапейскага саюза па замежных справах і палітыцы бяспекі Федэрыка Магерыні заявіла, што ператрусы і арышты журналістаў у шэрагу незалежных СМІ ў Беларусі супярэчаць заяўленай Беларуссю палітыцы дэмакратызацыі і яе міжнародным абавязацельствам. Паводле яе слоў, павага да асноўных правоў і свабод, уключаючы свабоду выказвання і свабоду СМІ, павінна быць захаваная. Яна таксама заклікала вызваліць затрыманых[7].
Германія: Міністэрства замежных спраў Германіі ў заяве заклікала ўлады Беларусі «ўстрымацца ад непрапарцыйных дзеянняў супраць журналістаў». Урад Германіі заклікае «беларускі бок да прапарцыйнага падыходу ў дадзеным пытанні», патрабуючы ад Мінска «паважаць свабоду сродкаў масавай інфармацыі і выразу меркаванняў»[8].
- 8 жніўня медыякампанія Deutsche Welle накіравала паслу Беларусі ў ФРГ Дзянісу Сідарэнку пратэст у сувязі з затрыманнем у Мінску карэспандэнта рускай рэдакцыі DW Паўлюка Быкоўскага і запатрабавала яго неадкладнага вызвалення[8].
ЗША: Пасольства ЗША ў Беларусі выступіла з афіцыйнай заявай наконт ператрусаў і арыштаў журналістаў у Беларусі, у якой выказала занепакоенасць з нагоды арыштаў журналістаў і ператрусаў, праведзеных уладамі ў офісах незалежных выданняў, і заклікала ўлады Беларусі неадкладна вызваліць усіх журналістаў і забяспечыць правы грамадзян на свабоду слова і свабоду СМІ[9].
Заўвагі
- 1 2 3 Задержания журналистов по «делу БЕЛТА»(недаступная спасылка) Архівавана 9 верасня 2018.
- 1 2 3 4 5 Второй день штормит белорусское медиасообщество: на допрос по делу о несанкционированном доступе к информации БелТА вызваны десятки человек из различных СМИ и ресурсов.
- ↑ Барбарыч, Генадзь. Справа «БЕЛТА» набірае новыя абароты(недаступная спасылка). Радыё Рацыя (27 верасня 2018). Архівавана з першакрыніцы 26 кастрычніка 2020. Праверана 27 верасня 2018.
- ↑ Фігурантам «справы БелТА» пачалі выстаўляць абвінавачанні . Наша Ніва (5 лістапада 2018).
- ↑ «Той, хто ўсё прыдумаў, не ўяўляў сабе наступстваў». Апошняе слова Марыны Золатавай у судзе
- 1 2 3 Галоўнага рэдактара Tut.by аштрафавалі на 7650 рублёў, але не забаранілі займаць пасаду
- ↑ Федэрыка Магерыні асабіста заклікала беларускія ўлады вызваліць журналістаў(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 28 студзеня 2022. Праверана 9 жніўня 2018.
- 1 2 МИД ФРГ встал на защиту журналистов, DW направила протест послу Беларуси из-за задержания Быковского. Архівавана 9 жніўня 2018.
- ↑ Амбасада ЗША заклікала ўлады Беларусі неадкладна вызваліць усіх затрыманых журналістаў . Радыё Свабода (9 жніўня 2018). Праверана 9 жніўня 2018.