Спла́віна, зыбу́н — слой воднай і балотнай расліннасці, які нарастае ад берага на паверхні вадаёма.
Сплавіна складаецца з карэнішчавых раслін (рагоз, чарот і інш.) і імхоў. Таўшчыня сплавіннага слоя складае 30—50 см пры шырыні да дзесяткаў метраў. Пры стабілізацыі гідралагічнага рэжыму сплавіна можа зацягнуць усю паверхню вадаёма, і на яго месцы ўтвараецца дрыгва. Адарваўшыся ад берага часткі сплавіны утвараюць часам плаваючыя (сплавінныя) астравы.
Сплавінныя берагі часцей утвараюцца ў дыстрофных зарастаючых вадаёмах, у якіх амаль адсутнічаюць цячэнні і хваляванне і пры наяўнасці значных глыбінь каля берагоў. Таксама сплавіны ўтвараюцца ў закрытых ад ветру і хваль залівах.
Таксама сплавінай называюць слой торфу з ачосам, які ўсплывае на паверхню вадасховішчаў у месцах затаплення тарфяных балот[1].
Крыніцы
Літаратура
- Энцыклапедыя прыроды Беларусі. У 5-і т. Т. 4. Недалька — Стаўраліт / Рэдкал. І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ імя Петруся Броўкі, 1985. — 599 с., іл. — 10 000 экз.
- Сплавіна, зыбун // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 15: Следавікі — Трыо / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2002. — Т. 15. — С. 117. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0251-2 (т. 15).