Спартыўнае арыентаванне — від спорту, у якім спартсмены, выкарыстоўваючы буйнамаштабную карту і компас, павінны прайсці вызначаную колькасць кантрольных пунктаў (КП), размешчаных на мясцовасці, а прамежкавыя вынікі вызначаюцца па часе праходжання дыстанцыі.
На мясцовасці кантрольныя пункты абазначаюцца бела-чырвонымі прызмамі памеру 30×30 см, як на летніх, так і на зімовых спаборніцтвах. Кожны кантрольны пункт мае абазначэнне, якое складаецца з двухзначных лічбаў, пачынаючы з 31. Кантрольныя пункты забяспечваюць сродкамі адзнакі (электронныя чыпы, кампосцеры), якія замацоўваюць непасрэдна над прызмай.
Мэта спаборніцтваў — як мага хутчэй прайсці дыстанцыю паводле дакладна вызначанага і пазначанага на мапе парадку. Праводзяцца спаборніцтвы ў зададзеным накірунку і па выбары (зададзеную колькасць кантрольных пунктаў спартсмен праходзіць у любой паслядоўнасці).
Вылучаюцца наступныя віды арыентавання:
- бягом (спартыўнае арыентаванне бягом)
- на лыжах (спартыўнае арыентаванне на лыжах)
- на веласіпедах (спартыўнае арыентаванне на веласіпед)
- пешшу і на калясках (спартыўнае арыентаванне па сцежках — спаборніцтвы для спартсменаў-інвалідаў)
Адрозніваюцца наступныя віды арыентавання:
- арыентаванне ў зададзеным накірунку
- арыентаванне па маркіраванай трасе
- арыентаванне па выбары
- арыентаванне па сцежках
- рагейн
Таксама адрозніваюць спаборніцтвы па іншых крытэрыях:
- па часе дня (дзённыя, начныя)
- па спосабе ўдзелу спартсменаў (індывідуальныя, эстафэтныя)
- па спосабе арганізацыі старта (асобны, гандыкап, агульны)
Арыентаванне па выбары — праходжанне зададзенай колькасці кантрольных пунктаў з ліку ўстаноўленых у раёне спаборніцтваў. Выбар кантрольных пунктаў і парадак іх праходжання вызначаюцца самім удзельнікам. Неаднаразовы выхад на адзін і той жа кантрольны пункт залічваецца толькі адзін раз. Старт можа быць агульным ці групавым.
Спасылкі
- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Спартыўнае арыентаванне
- Міжнародная федэрацыя арыентавання (IOF) (англ.)
- Беларуская федэрацыя арыентавання (БФА) (руск.)