Снег
турэцк.: Kar
Выданне
Заснежаны помнік Атацюрку ў Сарыкамышы, правінцыя Карс, Турцыя
Жанр раман
Аўтар Архан Памук
Мова арыгінала турэцкая
Дата напісання 1999 — 2001
Дата першай публікацыі 2002

«Снег» (турэцк.: Kar) — раман турэцкага пісьменніка Архана Памука. Упершыню апублікаваны на турэцкай мове ў 2002 годзе.

Апісанне

Паводле аўтара, уся кніга з’яўляецца сумессю трагедыі і фарсу, іроніі і драмы, смеху і слёз[1]. Дзеянне рамана адбываецца ў 1990-х гадах[2]. Спачатку гісторыя распавядаецца пераважна ад трэцяй асобы з пункту гледжання Ка, галоўнага героя. Нягледзячы на гэта, часам дае аб сабе ведаць і апавядальнік, які ўсё ведае. Ён прадстаўляецца сябрам Ка, што распавядае яго гісторыю на аснове дзённікаў і перапіскі Ка. Гэты апавядальнік часам дае чытачу інфармацыю, якую Ка на той момант яшчэ не ведае, ці прадвяшчае наступныя падзеі гісторыі. Пазней мы даведваемся, што апавядальніка клічуць Архан і ён з’яўляецца пісьменнікам. У канцы рамана апавядальнік сам становіцца дзеючай асобай.

Месцам дзеяння абраны горад Карс (у адрозненне ад большасці раманаў Памука, якія разгортваюцца ў Стамбуле[3]). Гэты горад не падобны да іншых турэцкіх гарадоў, бо пасля шматгадовай прыналежнасці Расійскай імперыі ён захаваў унікальную для Турцыі архітэктуру[4].

На турэцкай мове мянушка галоўнага героя Ка (утворана ад ініцыялаў яго поўнага імя, Керым Алакушоглу), горад Карс і назва рамана (турэцк.: Kar) сугучныя.

Змест

Ка — паэт, які вяртаецца ў Турцыю пасля 12 гадоў палітычнага выгнання ў Германіі. Ён адправіўся ў Карс па некалькіх прычынах: па-першае, як журналіст, па просьбе стамбульскага знаёмага журналіста для расследавання серыі самагубстваў юных дзяўчат; па-другое, у надзеі сустрэць жанчыну, якую ён ведаў. Цяжкі снег прыкладна на тры дні адразае Карс ад знешняга свету. За гэтыя тры дні Ка гутарыць з такімі людзьмі, як былы камуніст, прыхільнік свецкай улады, фашысцкі нацыяналіст, верагодны ісламскі экстрэміст, умераныя ісламскія дзеячы, маладыя курды, ваенныя, супрацоўнікі сакрэтнай службы і паліцыі, актор-рэвалюцыянер. Падчас вымушанай ізаляцыі горада ў Карсе адбываецца ваенны пераварот.

Асноўнай тэмай кнігі з’яўляецца ўзаемадзеянне секулярызма і рэлігіі, але ў рамане ёсць і адсылкі да ўсёй гісторыі Турцыі дваццатага стагоддзя. Паводле выказвання аўтара, галоўны герой апынуўся заціснутым паміж еўрапейскімі ідэаламі і рэаліямі Турцыі[5].

Узнагароды і прэміі

Зноскі

  1. La durée d’un flocon (фр.). L'Humanité (6 кастрычніка 2005). — «Tout le livre est un mélange de tragédie et de farce, d’ironie et de drame, de sourire et de larmes.»  Архівавана з першакрыніцы 23 кастрычніка 2005. Праверана 18 студзеня 2018.
  2. Buchan, James. Frozen assets (англ.). The Guardian (29 мая 2004). Праверана 12 лістапада 2017.
  3. Человек Памук (руск.). Esquire (29 сакавіка 2017). Праверана 12 лістапада 2017.(недаступная спасылка)
  4. The Russian Houses of Kars (англ.). Minor Sights (4 кастрычніка 2014). Праверана 12 лістапада 2017.
  5. Интервью Нобелевского лауреата по литературе Орхана Памука (руск.). Meduza (2 лістапада 2016). Праверана 12 лістапада 2017.

Спасылкі

This article is issued from Wikipedia. The text is licensed under Creative Commons - Attribution - Sharealike. Additional terms may apply for the media files.