Гудок
Гудок, Смык
выява
Наўгародскі гудок XII ст.[1]
Класіфікацыя Cмычковы інструмент, Хардафон
Роднасныя інструменты гадулка
Лагатып Вікісховішча Гудок на вікісховішчы

Гудок, смык — усходнеславянскі народны смычковы музычны інструмент.

Вызначэнне

Гудок складае праблему ў гісторыі беларускай музыкі. Гэты інструмент не мае аналогій у этнічным беларускім інструментарыі. Магчыма, пад тэрмінам «гудок» разумеўся цэлы набор старадаўніх смычковых інструментаў. Але ў XVII—XVIII стст. старыя смычковыя інструменты былі выціснуты скрыпкай.

Адрозненне гудка ад скрыпкі вялікае. Як пісаў У. Паветкін: «Тры струны на падстаўцы гудка размяшчаліся ў адной плоскасці. У гэтым галоўнае адрозненне гудка ад скрыпкі, на якой верхняя частка падстаўкі зроблена ў выглядзе дугі. На гудку нельга атрымаць скрыпічных гукаў, і на скрыпцы (не паслабіўшы валасы смычка) нельга выканаць трохгучных акордаў, як на гудку. Таму гэтыя інструменты доўгі час суіснавалі»[1].

У культуры

Гудок/смык згадваецца ў старабеларускай літаратуры: «гудяху бо на гуслехъ на смыцехъ» (Ф. Скарына, «Другая кніга Царстваў»); «в годину их послышите голосъ… смыкове»[2]. Гудок сустракаем у афіцыйных дакументах, у Лісце Жыгімонта Аўгуста да старасты аршанскага князя А. Адзінцэвіча сказана: «з людзей волочащих, которые без службы мешкають… и с каждого гудка»[3]

Некалькі прыкладаў гудка/смыка дае старабеларуская іканаграфія («Тлумачальны Псалтыр» першай паловы XVII ст.)[4]. Звяртае на сябе ўвагу дзіўная форма ручкі смычка. Галава грыфы трохструннага смычковага інструмента закрыта фігурай іншага музыкі. Музыка трымае інструмент грыфам уніз. Ніжняя частка гудка заканчваецца характэрным струнатрымальным выступам. Струны працягваюцца да канца верхняй дэкі.

Прыцягвае ўвагу тое, што музыкі ў «Псалтыры» і «Дзесятаглаве» ў адной манеры трымаюць інструмент. Як вядома па этнаграфічных звестках ХІХ ст., гэта традыцыйны народны спосаб трымаць скрыпку, які, напэўна, паходзіць з даўніх часоў[5].

Зноскі

  1. 1 2 Поветкин В.И. Новгородские гусли и гудки // Новгородский сборник. 50 лет раскопок Новгорода / Под общ. ред. Б.А. Колчина, В.Л. Янина. М.: Наука, 1982. — С. 312—319. — 336 с.
  2. «Зборнік біблейскіх кніг», пачатак XVI ст.
  3. Литовская метрика. Книги публичных дел // Русская историческая библиотека. Т.30
  4. Нікалаеў М. Палата кнігапісаная. Рукапісная кніга на Беларусі ў X—XVIII стст. Мн., 1993
  5. Зміцер Сасноўскі, «Гісторыя беларускай музычнай культуры. Ад старажытнасці да канца XVIII ст.» Мн., «Харвест»

Літаратура

This article is issued from Wikipedia. The text is licensed under Creative Commons - Attribution - Sharealike. Additional terms may apply for the media files.