Слуцкае ткацтва — беларускае традыцыйнае ўзорыстае ткацтва на тэрыторыі Слуцкага і суседніх Капыльскага, Салігорскага, Любанскага раёнаў Мінскай вобласці. На яго аснове ў 18 ст. створана Слуцкая мануфактура шаўковых паясоў, дзейнасць якой садзейнічата пашырэнню ў рэгіёне новых ткацкіх тэхнік і прыёмаў.
Ручнікі, абрусы, тканіны на адзенне ткалі ў тэхніках закладнога і бранага ткацтва. Арнаментальны малюнак чырвонага колеру ў выглядзе шырокіх шчыльных бардзюраў складаўся з буйных геаметрычных матываў: ромбаў («шпоры»), паўромбаў («шурпы»), матываў у форме літары «Т» («малаты») і інш.
З канца 19 ст. набыло пашырэнне шматнітавое ткацтва (да 16 нітоў); тканіны вызначаюцца бела-шэрай каларыстыкай і характэрным геаметрычным малюнкам з разетак («у звёзды»), ромбаў («у бубны») і асабліва спалучэння квадратаў і прамавугольнікаў, што стварае мігатлівы кругападобны малюнак («у вакенцы», «у хвалі», «у кругі»).
Пашырэнне ў 20 ст. тэхнікі адна- і двухбаковага перабору ўзбагаціла геаметрычную арнаментыку расліннага і зааморфнымі матывамі. Ручнікі і абрусы вызначаюцца характэрным спалучэннем белага з блакітным, белага з зялёным і інш., посцілкі і дываны — яркім паліхромным малюнкам на чорным фоне. У 1920—1950-я гг. дзейнічалі ткацкія і вышывальныя арцелі, у 1960—1980-я гг. у многіх вёсках рэгіёна існавалі ткацкія участкі ад Слуцкага прадпрыемства мастацкіх вырабаў «Слуцкія паясы». Творы ручнога пераборнага і шматнітавога ткацтва (ручнікі, абрусы, сурвэты і інш.) захоўваюць традыцыйную бела-шэрую (з дадаткам чырвонага) каларыстыку.
Гл. таксама
Літаратура
- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 15: Следавікі — Трыо / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2002. — Т. 15. — 552 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0251-2 (т. 15).