Словазлучэнне ў лінгвістыцы — дапаможная сінтаксічная адзінка, утвораная ў выніку аб'яднання двух ці больш самастойных слоў або словаформ, якія граматычна і па сэнсе звязаныя паміж сабой і абазначаюць пэўнае паняцце.
Словазлучэнне і слова
Адрозненне
- Словы з'яўляюцца простымі назвамі прадметаў, а словазлучэнні выступаюць як складаныя або разгорнутыя назвы адпаведных з'яў.
Падабенства
- Як і словы, словазлучэнні служаць для абазначэння пэўных прадметаў ці з'яў аб'ектыўнай рэчаіснасці і з'яўляюцца структурным матэрыялам сказу.
- Словазлучэнне, як і слова (калі яно змяняецца), мае сістэму формаў.
Словазлучэнне і сказ
Адрозненне
- Словазлучэнні не маюць сэнсава-граматычнай і інтанацыйнай самастойнасці і не выражаюць закончанай думкі (не з'яўляюцца асобным паведамленнем). Словазлучэнні — гэта часткі сказа, і толькі ў сказе яны набываюць канкрэтнае значэнне і выконваюць тую ці іншую функцыю. Некаторыя словазлучэнні могуць супадаць па форме з самастойнымі сказамі, але ніколі не супадаюць з імі па сваёй функцыі.
- Словазлучэнне ў адрозненне ад сказа камунікатыўнай адзінкай не з'яўляецца.
Падыходы да трактоўкі словазлучэння
Лексікалагічная трактоўка
Вузкі аспект разумення словазлучэння.
Словазлучэнне разглядаецца толькі як спалучэнне 2 ці больш паўназначных слоў. У беларускім мовазнаўстве гэтай трактоўкі трымаюцца А. І. Наркевіч, Л. П. Падгайскі, М. С. Яўневіч, А. Я. Міхневіч і іншыя.
Сінтаксічная трактоўка
- Вельмі шырокі аспект (Г. Н. Клюсаў).
Словазлучэнне — любое двухчленнае спалучэнне (службовае слова і знамянальнае, або службовае слова і службовае).
- Больш вузкі аспект (Л. І. Бурак).
Словазлучэнне — спалучэнне толькі паўназначных слоў.
Літаратура
- Бурак Л. І. Сучасная беларуская мова: Сінтаксіс. Пунктуацыя : вучэб. дапам. для філал. фак. ун-таў / Л. І. Бурак. − Мінск: Універсітэцкае, 1987.
- Кароткая граматыка беларускай мовы : у 2 ч. Ч. 2. Сінтаксіс / навук. рэд. А. А. Лукашанец. — Мінск: Беларуская навука, 2009.
This article is issued from Wikipedia. The text is licensed under Creative Commons - Attribution - Sharealike. Additional terms may apply for the media files.