Скіргайла | |
---|---|
Нараджэнне |
1354[1] |
Смерць |
1397 |
Месца пахавання | |
Род | Гедзімінавічы |
Бацька | Альгерд[1] |
Маці | Ульяна Аляксандраўна[1] |
Дзейнасць | арыстакрат |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Скірга́йла, у хрышчэнні Іван (каля 1354 — паміж 23 снежня 1394 і канцом студзеня 1395) — князь полацкі, троцкі і, магчыма, кіеўскі.
Імя
Імя Скіргайла — з шэрагу старабалцкіх (старалітоўскіх) двухасноўных імёнаў, што дайшлі з індаеўрапейскай старажытнасці[2].
Першая аснова імені — Skir-, ад літ. skirti «адасабляць; вылучаць; наканоўваць»[3]. Далей да індаеўрапейскага *(s)ker- «рэзаць, адразаць»[4]. Аснова бытавала і ў прусаў (Schir-gal, Na-skir, Skyre)[5].
Другая аснова імені Gail-, з ёй вядома пад 60 сучасных літоўскіх антрапонімаў. Яна звязаная са стараліт. gailas «моцны»[6], літ. gailus «гняўлівы», далей напрамую з індаеўрапейскім *ghoilo-s «моцны; няўрымслівы, жвавы»[7].
Імя Скіргайлы, такім чынам, мела значыць «той, каму наканавана быць моцным» і ўяўляла сабой імя-пажаданне.
Імя Скіргайлы праз аснову Gail- перагукалася з імёнамі яго братоў, Альгердавых сыноў Карыгайлы, Ягайлы, Швітрыгайлы (Свідрыгайлы). У сваю чаргу, праз аснову Kar- таксама і імя Карыгайла перагукалася з іменем брата Карыбута. Гэта магло б сведчыць на карысць таго, што ў вялікакняскім асяроддзі пры імянаданні свядома практыкавалі вар’іраванне асноў з мэтай падтрымання цэльнасці і стабільнасці роду[8].
Жыццяпіс
Другі сын вялікага князя Альгерда ў другім яго шлюбе, з цвярской княжной Юльянай, брат Ягайлы.
Упершыню згадваецца ў 1373 годзе як адзін з удзельнікаў паходу на лівонскі Дзюнабург.
У 1374—1375 гадах удзельнічаў баявых дзеяннях з крыжакамі.
Пасля выгнання ў 1377 годзе з Полацка князя Андрэя Альгердавіча, вялікі князь Ягайла пасадзіў там княжыць Скіргайлу.
У 1379—1380 гадах па ініцыятыве Ягайлы падарожнічаў па краінах Еўропы, дзе абмяркоўваў умовы хрышчэння Літвы.
Палачане, незадаволеныя язычніцтвам Скіргайлы, у 1381 годзе выгналі яго з княжання. На чале войска Ягайлы і пры дапамозе Інфлянцкага ордэна ён аблажыў на некалькі месяцаў Полацк, але горада не ўзяў. У гэты час прыняў праваслаўе.
Калі ў канцы 1381 года велікакняжацкі сталец у Вільні захапіў Кейстут, падначаленае Скіргайлу войска прызнала ўладу новага вялікага князя, а Скіргайла ўцёк у Інфлянты.
Летам 1382 года Скіргайла далучыўся да войска Ягайлы, удзельнічаў у аблозе Кейстута ў Троках. У час перагавораў з Кейстутам захапіў яго ў палон і адвёз у Крэўскі замак, дзе Кейстут быў забіты. Атрымаў ад Ягайлы Троцкае княства. 3 таго часу Скіргайла стаў другой уплывовай асобай у дзяржаве.
У 1385 годзе на чале вялікалітоўскага пасольства прыбыў у Кракаў, каб весці перагаворы пра шлюб Ягайлы з польскай каралевай Ядвігай. У час заключэння Крэўскай уніі (1385) забяспечыў сабе права застацца праваслаўным.
У Мсціслаўскай бітве (1386) на чале вялікалітоўскага войска перамог смаленскага князя Святаслава Іванавіча і падпарадкаваў Смаленскае княства.
Вясной 1387 года ўзяў Полацк, дзе захапіў князя Андрэя Альгердавіча. 28.4.1387 года Ягайла пацвердзіў правы Скіргайлы на валоданне Троцкім і Полацкім княствамі, даў яму Менск, Свіслач, Бабруйск, Рэчыцу, Любеч, Прапошаск, Любашаны, Ігумен, Лагойск.
3 1388 года ўзброеную барацьбу супраць Скіргайлы вёў Вітаўт, які з дапамогай крыжакоў намагаўся атрымаць уладу ў ВКЛ. У выніку Востраўскага пагаднення (1392) Ягайла фактычна прызнаў Вітаўта сваім намеснікам у ВКЛ і перадаў яму Троцкае княства, узамен Вітаўт абяцаў Скіргайлу дапамагчы заняць Кіеў.
У пачатку 1393 года Вітаўт і Скіргайла захапілі Віцебск, дзе ўмацаваўся Свідрыгайла, і ўзялі яго ў палон. Вясной 1393 года Вітаўт захапіў у кіеўскага князя Уладзіміра Альгердавіча Жытомір і Оўруч і аддаў іх Скіргайлу, восенню 1393 года перадаў Скіргайлу Кіеў.
У кастрычніку-лістападзе 1393 года Скіргайла ўдзельнічаў у паходзе Вітаўта на Падолле, потым захапіў Чаркасы і Звянігарад.
Паводле некаторых звестак, Скіргайла быў атручаны ў Кіеве. Пахаваны ў Кіева-Пячэрскай лаўры.
Зноскі
- 1 2 3 4 Скиргайлло // Энциклопедический словарь — СПб.: Брокгауз — Ефрон, 1900. — Т. XXX. — С. 199.
- ↑ T. Milewski. Indoeuropejskie imiona osobowe. Wrocław-Warszawa-Kraków, 1969. С. 11-13.
- ↑ Z. Zinkevičius. Lietuvių asmenvardžiai. Vilnius, 2008. С. 135—136.
- ↑ J. Pokorny. Indogermanisches etymologisches Wörterbuch. Bern / München 1959 / 1969. C. 938—940.
- ↑ R. Trautmann. Die altpreußischen Personennamen. Göttingen, 1974. С. 150.
- ↑ Z. Zinkevičius. Lietuvių asmenvardžiai. Vilnius, 2008. С. 87-88.
- ↑ J. Pokorny. Indogermanisches etymologisches Wörterbuch. Bern / München 1959 / 1969. C. 452.
- ↑ Литвина А. Ф., Успенский Ф. Б. Выбор имени у русских князей в X—XVI вв. Династическая история сквозь призму антропонимики. М., 2006. С. 40.
Літаратура
- Nikodem J. Rola Skirgiełły na Litwie do 1394 roku //Scripta minora. T. 2. — Poznań, 1998. — S. 83-129;
- Wasilewski T. Skirgiełło // Polski słownik biografczny. T. 38. — Warszawa; Kraków, 1997—1998; — S. 167—170;
- Tęgowski J. Pierwsze pokolenia Giedyminowiczów. (Biblioteka genealogiczna. T. 2.) — Poznań; Wrocław, 1999. — S. 98-104;
- Полехов С. В., Городилин С. В. Когда князь Скиргайло купил землю во Пскове? // Средневековая Русь. Вып. 14. — М., 2020. — С. 71-96.