Тэрытарыяльная супольнасць Сен-Бартэльмі | |||||
---|---|---|---|---|---|
Collectivité territoriale de Saint-Barthélemy | |||||
|
|||||
Краіна | Францыя | ||||
Гімн | Марсельеза | ||||
Уваходзіць у | |||||
Адміністрацыйны цэнтр | Густавія | ||||
Дата ўтварэння | 22 лютага 2007 г. | ||||
Афіцыйная мова | французская | ||||
Насельніцтва (2009) | 8 902 | ||||
Плошча | 22,1 км² | ||||
Вышыня над узроўнем мора • Найвышэйшы пункт |
286 м |
||||
Часавы пояс | ADT[d] | ||||
Код ISO 3166-2 | BL | ||||
Інтэрнэт-дамен | .bl | ||||
Афіцыйны сайт | |||||
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Тэрытарыяльная супольнасць Сен-Бартэ́льмі (фр.: Collectivité territoriale de Saint-Barthélemy) — заморскае тэрытарыяльнае валоданне Францыі ў Вест-Індыі. У яго склад уваходзяць востраў Сен-Бартэльмі і некалькі суседніх дробных астравоў. Агульная плошча — 22,1 км². Насельніцтва — 8 902 чалавек (2009). Адміністрацыйны цэнтр — Густавія.
Геаграфія
Асноўную частку тэрытарыяльнай супольнасці займае востраў Сен-Бартэльмі, які знаходзіцца за 19,84 км на паўднёвы ўсход ад вострава Святога Марціна, за 241 км на паўночны захад ад горада Бас-Тэр (Гвадэлупа), за 6 716 км на паўднёвы захад ад Парыжа, сталіцы Францыі.
Востраў Сен-Бартэльмі, а таксама суседнія астраўкі Фурш’ю, Шэўру, Фрэгат, Ток-Ве маюць вулканічнае паходжанне, былі сфарміраваны ў выніку субдукцыі (напаўзання) тэктанічных пліт. Найвышэйшы пункт на востраве Сен-Бартэльмі — пагорак Морн-дзю-Вітэ (286 м). Акрамя таго, маюцца невялікія астраўкі каралавага паходжання.
Клімат трапічны пасатны. Сярэднегадавая тэмпература — каля +25 °C. Паўночная частка вострава, адкрытая прахалодным вятрам з Атлантыкі, значна больш засушлівая, чым паўднёвая, дзе стала дзьмуць цёплыя вільготныя вятры з Карыбскага мора. Сярэднегадавая колькасць ападкаў — каля 1000 мм.
Гісторыя
Сен-Бартэльмі быў адкрыты ў 1493 годзе Хрыстафорам Калумбам названы ісп.: Isla de San Bartolomeo у гонар яго брата Барталамеа. У 1648 г. на ім было заснавана французскае паселішча, знішчанае ў 1656 г. індзейцамі-карыбамі. У 1651 г. права на каланізацыю Сен-Бартэльмі атрымалі мальтыйскія рыцары, але па розных прычынах так і не здолелі ім скарыстацца. У сярэдзіне XVIII ст. Францыя выкупіла валоданне гаспітальераў. У 1758 г. на Сент-Бартэльмі высадзіліся брытанцы, але ў выніку хутка пакінулі яго. У 1763 г. востраў быў зноў населены брэтонцамі і нармандцамі. Мясцовыя глебы не спрыялі хуткаму развіццю сельскай гаспадаркі, таму невялікая калонія выкарыстоўвалася пераважна як цэнтр гандлю рабамі і прыстанак карсараў.
1 чэрвеня 1784 г. права на валоданне Сен-Бартэльмі перайшло да Швецыі, за што Францыя атрымала наўзамен іншыя тэрыторыі. На месцы французскага паселішча Карэнаж быў пабудаваны буйны горад Густавія, названы так у гонар Густава III. Ён атрымаў статус свабоднага порта, дзе маглі весці гандаль прадстаўнікі розных краін. У канцы XVIII — пачатку XIX стст., калі ў Вест-Індыі адбываліся сталыя канфлікты паміж Вялікабрытаніяй, Францыяй, Нідэрландамі і ЗША, шведскія гандляры істотна ўзбагаціліся як эканамічныя пасрэднікі паміж варагуючымі бакамі. У 1814 г. у Густавіі была адкрыта дзяржаўная школа, дзе дазвалялася вучыцца прадстаўнікам усіх полаў, рас і веравызнанняў. У 1847 г. было адменена рабства, прычым шведскі ўрад цалкам уносіў выкуп за рабоў, так што ў адрозненні ад іншых калоній Вест-Індыі на Сен-Бартэльмі не існавала пераходнага перыяду, калі рабы заставаліся павінны працаваць на былых гаспадароў.
З заканчэннем Напалеонаўскіх войн скончыўся эканамічны росквіт калоніі. Пасля адмены рабства многія былыя чарнаскурыя нявольнікі ў пошуках працы пераехалі на суседнія астравы. Гэта абумовіла тое, што сярод сучасных жыхароў Сен-Бартэльмі шмат нашчадкаў белых перасяленцаў. 10 жніўня 1877 г. Оскар II перадаў востраў зноў у валоданне Францыі, за што Швецыя атрымала 320 тысяч франкаў. У 1878 г. Сен-Бартэльмі быў адміністрацыйна далучаны да Гвадэлупы. У 1963 г. Сен-Бартэльмі быў аб’яднаны ў адзіную адміністрацыйную з іншым французскім уладаннем Сен-Мартэн у складзе Гвадэлупы.
На рэферэндуме 2003 года 79 % насельніцтва выказалася за аддзяленне ад Гвадэлупы і стварэння асобнай адміністрацыйнай адзінкі. 22 лютага 2007 года Сен-Бартэльмі стаў тэрытарыяльнай супольнасцю, непасрэдна падпарадкаванай Францыі.
Кіраванне
Тэрытарыяльная супольнасць Сен-Бартэльмі з’яўляецца валоданнем Французскай Рэспублікі і як яе частка ўваходзіць у склад Еўрапейскага Саюза. Галоўны орган кіравання — тэрытарыяльная рада з 19 дэпутатаў, якія выбіраюцца грамадзянамі на пяцігадовы тэрмін шляхам прамога галасавання. Выканаўчую ўладу ўзначальвае прэзідэнт, які таксама выбіраецца грамадзянамі на пяцігадовы тэрмін. Ён прызначае выканаўчую раду з 7 членаў. Першыя выбары адбыліся 15 ліпеня 2007 г.
Сен-Бартэльмі адміністрацыйна падзелены на 40 акруг.
Эканоміка
Асноўнымі галінамі эканомікі Сен-Бартэльмі з’яўляюцца турызм і гандаль. У 2007 г. валавы ўнутраны прадукт склаў 255 мільёны долараў, валавы ўнутраны прадукт на душу насельніцтва — 37 тысяч долараў, што на 10 % вышэй, чым у самой Францыі.
Галерэя
- Прыморскі краявід
- Востраў Фурш'ю
- Адпачынак на пляжы
- Касцёл у Густавіі
- Аэрапорт
- Бухта Густавія