Аграгарадок
Семежава
± | ||||||||||||||||||||||
Се́межава[1] (трансліт.: Siemiežava, руск.: Семежево) — аграгарадок у Капыльскім раёне Мінскай вобласці, на рацэ Морач. Адміністрацыйны цэнтр Семежаўскага сельсавета. Насельніцтва 1367 чал. (2000). Знаходзіцца за 32 км на поўдзень ад Капыля, за 23 км ад чыгуначнай станцыі Цімкавічы; каля аўтамабільнай дарогі Слуцк — Івацэвічы.
У 1920 годзе жыхары Слуцкага павета сфарміравалі тут Грозаўскі полк войска Беларускай Народнай Рэспублікі, які ўдзельнічаў у Слуцкім збройным чыне.
Гісторыя
Упершыню Семежава згадваецца ў другой палове XV стагоддзя[2] як вёска ў Слуцкім княстве, уладанне Алелькавічаў. У 1578 годзе паселішча атрымала статус мястэчка. Станам на 1622 год тут было 195 дымоў. У часы Вялікай Паўночнай вайны (1700—1721) у красавіку 1706 года мястэчка значна пацярпела[2].
У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793) Семежава апынулася ў складзе Расійскай імперыі, у Слуцкім павеце Мінскай губерні. У 1848—1863 гадах мястэчка знаходзілася ў валоданні Магільніцкі[2]. Станам на 1886 год тут было 269 двароў, дзейнічалі 2 царквы, яўрэйскі малітоўны дом, капліца, школа, 3 крамы. Мястэчка з суседнімі вёскамі утварала цэнтр традыцыйнага народнага мастацкага ткацтва. У 1908 годзе ў Семежаве працавалі кравецкі і гарбарны цэхі. На 1914 год у мястэчку было 518 двароў.
У 1918 годзе Семежава абвяшчалася часткай Беларускай Народнай Рэспублікі, а ў лістападзе 1920 года тут з беларускай міліцыі Слуцкага павета сфарміраваўся Грозаўскі полк[3]. Да задушэння паўстання бальшавікамі ўлада ў мястэчку кантралявалася сіламі БНР.
20 жніўня 1924 года Семежава зрабілася цэнтрам сельсавета Чырвонаслабодскага, з 8 жніўня 1959 года Капыльскага раёна. Статус паселішча зменены да вёскі. На 2000 год тут было 655 двароў.
Насельніцтва
Інфраструктура
У Семежаве працуюць сярэдняя школа, бальніца, дом культуры, пошта.
Турыстычная інфармацыя
У мястэчку штогод праходзіць абрад «Цары Каляды», уключаны ў спіс нематэрыальных культурных каштоўнасцей ЮНЕСКА.
Памятныя мясціны
- Дом-музей Міхаіла Высоцкага (філіял Капыльскага краязнаўчага музея)
- Мемарыяльны крыж удзельнікам Слуцкага паўстання. Помнік знік у студзені 2023 г.[4]
Страчаная спадчына
- Царква Покрыва Прасв. Багародзіцы (1720, драўляная; разабраная ў канцы 1930-х)
Вядомыя выхадцы
- Міхаіл Высоцкі (нар. 1928) — беларускі вучоны
- Мікалай Андрэевіч Манак (1943—2017) — беларускі кардыёлаг, доктар медыцынскіх навук (1993), прафесар (1995).
- Міхаіл Іванавіч Рымжа (нар. 1947) — беларускі эпідэміёлаг. Доктар медыцынскіх навук (1998), прафесар (1999).
Зноскі
- ↑ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Мінская вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка, І. Л. Капылоў, В. П. Лемцюгова і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2003. — 604 с. ISBN 985-458-054-7. (DJVU)
- 1 2 3 4 5 ЭГБ 2001.
- ↑ Грыцкевіч А. Грозаўскі полк // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 3: Гімназіі — Кадэнцыя / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн. : БелЭн, 1996. — С. 155. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0041-2.
- ↑ Фотафакт: у Грозаве і Семежаве зніклі крыжы героям Слуцкага збройнага чыну
Літаратура
- Абрамчык Ф. К. Семежава // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 14: Рэле — Слаявіна / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2002. — Т. 14. — С. 318. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0238-5 (т. 14).
- Абрамчык Ф. Семежава // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 6. Кн. 1: Пузыны — Усая / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн. : БелЭн, 2001. — С. 284. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0214-8.
- Siemieżewo // Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom X: Rukszenice — Sochaczew (польск.). — Warszawa, 1889. — S. 546—548.
Спасылкі
- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Семежава
- Расповяд пра Семежава з фота