Археалагічныя раскопкі на селішчы Шацілкі XIII—XVIII стагоддзяў (г. Светлагорск, Гомельская вобласць, 2008 г.).

Се́лішча — археалагічны тэрмін, які пазначае рэшткі неўмацаванага паселішча (у адрозненне ад гарадзішча — рэшткаў умацаванага паселішча). Могуць адносіцца да першабытнаабшчыннага часу, Сярэдніх вякоў (V—XV ст.), а пры неабходнасці археалагічнага вывучэння больш позніх паселішчаў — і да Новага часу (кан. XV — пач. XX ст.). Таксама тэрмін, які сустракаецца ў сярэдневяковых летапісах у сэнсе сяло, вёска[1].

У Беларусі селішчы належаць у асноўным да апошняга перыяду першабытнага часу — жалезнага веку (VII ст. да н. э. — VIII ст. н. э.); сярэднявечнай, ці Старажытнай Русі (IX—XIII ст.)[1], і больш позняга часу.

Неўмацаваныя паселішчы знаходзіліся на берагах рэк і азёр, на пакатых узвышшах у поймах рэк і мысападобных выступах. Селішчы плошчай да 1 га прымыкалі да гарадзішчаў і ўтваралі адзіны гаспадарчы комплекс. Селішчы плошчай больш за 1 га існавалі самастойна. Забудова праводзілася радамі, але сустракалася і забудова без бачнага парадку. Некаторыя селішчы мелі агароджу.

Селішчы як тып помніка археалогіі па сваім выглядзе звычайна не адрозніваюцца ад навакольнай мясцовасці — напрыклад, поля ці луга, могуць быць зарослыя лесам, альбо знаходзіцца ў сучасных населеных пунктах. Выяўляюцца па наяўнасці культурнага слоя зямлі. Могуць мець мясцовыя назвы (як урочышчы). З’яўляюцца аб’ектамі археалагічных даследаванняў, могуць выкарыстоўвацца ў мэтах турызму і экскурсій. Падлягаюць ахове ў якасці помнікаў гісторыі і культуры (падрабязней аб захаванні помнікаў археалогіі гл. у артыкуле «Гарадзішча»).

Зноскі

Літаратура

  • Шадыра В. І. Селішча // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 14: Рэле — Слаявіна / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. Мн. : БелЭн, 2002. — Т. 14. — С. 308. 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0238-5 (т. 14).
  • Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі: У 5-і т. / Рэдкал.: І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш.. Мн.: БелСЭ, 1986. — Т. 4. Накцюрн — Скальскі. — С. 696. — 742 с. 9 500 экз.
  • Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: У 6 т. Т. 6 Кн. 1 / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. Мн.: БелЭн, 2001. — Т. 6. — С. 277. 10 000 экз. — ISBN 985-11-0214-8.

Спасылкі

  • Селище(недаступная спасылка) // Гуманитарный словарь, 2002. (руск.)
This article is issued from Wikipedia. The text is licensed under Creative Commons - Attribution - Sharealike. Additional terms may apply for the media files.