У сельскай гаспадарцы Польшчы, дзе занята 11 % эканамічна актыўнага насельніцтва, ствараецца ўсяго 2,5 % ВУП. Польшча з’яўляецца адным з еўрапейскіх лідараў па плошчы раллі і вытворчасці многіх відаў сельскагаспадарчай прадукцыі.
За сацыялістычным часам польскае землеўласцніцтва, у адрозненне ад астатніх сфер гаспадаркі, заставалася прыватным. Былыя землі нешматлікіх дзяржаўных прадпрыемстваў сёння здадзеныя ў арэнду фермерам, якім увогуле належыць больш за 90 % угоддзяў. Прадукцыйнасць сучаснай сельскай гаспадаркі адносна невысокая. Фермы невялікія (сярэдні памер каля 8 га) і часта цераспалосныя. Больш за палову фермераў працуюць выключна на здавальненне сваіх патрэбаў. Затое 9 % гаспадароў з надзеламі больш за 15 га трымаюць амаль палову зямлі.
Жывёлагадоўля
Вядучая галіна сельскай гаспадаркі — жывёлагадоўля. Дамінуе развядзенне свіней і буйной рагатай жывѐлы. Свінагадоўля забяспечвае каля паловы вытворчасці ўсёй прадукцыі жывёлагадоўлі. Значную ролю адыгрывае птушкагадоўля (вытворчасць курыных яек). Польскія жывёлаводы моцна залежаць ад імпарту кармавой пшаніцы, фуражу, расліннага масла і бялковай мукі, якімі краіна не забяспечвае сябе ў поўным аб’ёме.
Раслінаводства
У раслінаводстве вядучае месца займае вытворчасць збожжавых культур — пшаніцы і жыта. Вялікія плошчы заняты пад ячмень і авёс, кармавыя культуры, бульбу, рапс, цукровыя буракі. Польшча займае першае месца ў ЕС па валавым зборы бульбы і жыта, адно з першых — па цукровых бураках, першае ў свеце — па трыцікале, шостае ў свеце па зборы і экспарце яблыкаў.
Экспартнае значэнне
Польшча пастаўляе на экспарт мясапрадукты і жывую жывёлу, клубніцы і іншыя ягады, яблыкі, агародніну, тытунёвыя вырабы, цукар, бульбу, алкагольныя і іншыя напоі.