Аграгарадок
Сейлавічы
Краіна
Вобласць
Раён
Сельсавет
Каардынаты
53°16′51″ пн. ш. 26°45′53″ у. д.
Першая згадка
1586 г.
Насельніцтва
613[1] чалавек (2009)
Часавы пояс
Тэлефонны код
+375 1770
Паштовы індэкс
222623
Аўтамабільны код
5
Сейлавічы на карце Беларусі ±
Сейлавічы (Беларусь)
Сейлавічы
Сейлавічы (Мінская вобласць)
Сейлавічы

Се́йлавічы[2] (трансліт.: Siejlavičy, руск.: Сейловичи) — аграгарадок у Нясвіжскім раёне Мінскай вобласці, на рацэ Тур’і, адміністрацыйны цэнтр аднайменнага сельсавета. Знаходзіцца за 12 кіламетраў на паўночны ўсход ад Нясвіжа, у 17 кіламетрах ад чыгуначнай станцыі Гарадзея, на аўтамабільнай дарозе Нясвіж — Бузуны. Насельніцтва на 2009 год — 613 чалавек[1].

Гісторыя

Згодна з мясцовым паданнем, вёску заснаваў князь Радзівіл, які аднойчы заблукаў сюды падчас палявання. Мясцовасць яму вельмі спадабалася, але ён не мог зразумець, чаму такая зямля дагэтуль не заселена і таму загадаў, паказваючы на поле і рэчку: «Тут сей, а тут лаві». Людзі, якія пасяліліся на гэтым месцы, займаліся земляробствам і лоўляй рыбай у рацэ Тур’і, такім чынам і паселішча атрымала назву ад дзеясловаў сеяць і лавіць. На думку Станіслава Судніка, назва вёскі паходзіць ад слова селавічы, што азначае «жыхары сяла». Паводле В. А. Жучкевіча, тапонім утварыўся ад прозвішча Сейлавіч[3].

Па пісьмовых крынціах упершыню згадваецца ў 1586 годзе, калі князь Мікалай Крыштаф Радзівіл Сіротка перадаў Нясвіжскай плябаніі 8 валок зямлі, што знаходзіліся паміж «валок Сейлаўскіх». У 1722 годзе Сейлавічы значацца як засценак Нясвіжскай ардынацыі, які Ганна Кацярына Радзівіл аддала шляхце на леннае ўладанне. У 1793 годзе — вёска і засценак Сейлавічы фальварка Ганусаўшчызна, з 1796 года ў Слуцкім павеце, уладанне Радзівілаў. На той час у вёсцы была карчма.

У XIX стагоддзі існавалі аднайменныя вёска і засценак Сейлавічы. Станам на 1852 год, у засценку налічвалася 28 валок зямлі, у 1876 годзе — 1110 дзесяцін зямлі, уладанне Радзівілаў. Па выніках перапісу 1897 года, у вёсцы Сейлавічы працавалі хлебазапасны магазін і 2 ветраныя млыны, у засценку дзейнічала царква. Мясцовасць знаходзілася ў Гавязнянскай воласці.

У сакавіку 1918 года згодна з Трэцяй Устаўной граматай Сейлавічы ўвайшлі ў склад Беларускай Народнай Рэспублікі. Па выніках Рыжскай мірнай дамовы ў 1921—39 гадах Сейлавічы знаходзіліся ў складзе Польшчы, у Гавязнянскай гміне Нясвіжскага павета. Па прычыне таго, што вёска размяшчалася каля савецка-польскай мяжы, у 1924—1939 гадах у ёй размяшчаўся штаб роты Корпуса аховы памежжа «Сейлавічы». 17 верасня 1939 года ў выніку пахода Чырвонай Арміі ў Заходнюю Беларусь вёска апынулася ўвайшла ў склад БССР. Непрацяглы час з 4 снежня 1939 года да 15 студзеня 1940 года яна працягвала ўваходзіць у Нясвіжскі павет, з 15 студзеня 1940 года ўвайшла ў Нясвіжскі раён Баранавіцкай вобласці. 12 кастрычніка 1940 года Сейлавічы сталі цэнтрам аднайменнага сельсавета. На той час у паселішчы былі 1 маторны і 4 ветраныя млыны (прыватныя), няпоўная сярэдняя школа, хата-чытальня, бальніца.

Падчас Другой сусветнай вайны, 7—8 верасня 1943 года ў Сейлавічах адбыўся бой партызанскага атрада імя Шчорса (камандзір А. І. Колчанка) па разгроме нацысцкага гарнізона (каля 100 жаўнераў). Гарнізон, умацаваны сістэмай дзотаў, бункераў, лініямі траншэй з некалькімі радамі калючага дроту і замініраванымі ўчасткамі абароны, перашкаджаў перадыслакацыі і баявым рэйдам партызанскіх фарміраванняў у Заходняй Беларусі. Увечары 7 верасня, калі савецкая разведка паведаміла, што 60 нямецкіх салдатаў гарнізона накіраваліся ў Гарадзею, партызанскі атрад у складзе 350 байцоў, узброеных 15 ручнымі кулямётамі, 25 аўтаматамі і 45-мм гарматай, скрытна падыйшоў да гарнізона, атакаваў і да гадзіны ночы знішчыў яго. Партызаны захапілі нямецкую зброю, боепрыпасы і без страт адыйшлі[4].

У верасні 1948 года ў засценку быў створаны калгас імя Дзяржынскага (старшыня С. В. Петрашэўскі), у верасні 1949 года ў вёсцы пачаў працу калгас «Перамога». З 1951 года Сейлавічы — цэнтр узбуйненага калгаса імя Андрэева, які 13 снежня 1961 года атрымаў назву «Світанне». 8 студзеня 1954 года, пасля скасавання Баранавіцкай вобласці, вёска апынулася ў Мінскай вобласці. Станам на 1 студзеня 2001 года, вёска — цэнтр Сейлавіцкага сельсавета і калгаса. Працуюць клуб, бібліятэка, сярэдняя школа, дзіцячы сад, урачэбная амбулаторыя, 3 крамы, сталовая, аддзяленне сувязі, філіял ААБ «Беларусбанк», аптэка, аўтаматычная тэлефонная станцыя, 2 жывёлагадоўчыя фермы, дзейнічае касцёл[5].

Насельніцтва

  • XVIII стагоддзе: 1796 год — 285 чал., 53 двары.
  • XIX стагоддзе: 1811 год — 167 душ мужчынскага полу, 62 двары; 1845 год — 332 чал., 69 двароў у засценку Сейлавічы; 1852 год — 287 чал., 51 двор у вёсцы Сейлавічы, 62 двары у засценку Сейлавічы; 1897 год — 511 чал., 89 двароў у вёсцы Сейлавічы, 513 чал., 96 двароў у засценку Сейлавічы.
  • XX стагоддзе: 1909 год — 568 чал. у вёсцы Сейлавічы, 635 чал. у засценку Сейлавічы; 1921 год — 592 чал., 109 двары ў вёсцы Сейлавічы, 576 чал., 107 двароў у засценку Сейлавічы; 1940 год — 820 чал., 159 двароў у вёсцы Сейлавічы, 507 чал., 109 двароў у засценку Сейлавічы; 1999 год — 781 чал.
  • XXI стагоддзе: 2001 год — 795 чал., 525 двароў[6], 2009 год — 613 чал.[1]

Славутасці

Вядомыя ўраджэнцы

Зноскі

  1. 1 2 3 Насельніцтва Беларусі па выніках перапісу 2009 года Архівавана 2 кастрычніка 2019.
  2. Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Мінская вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка, І. Л. Капылоў, В. П. Лемцюгова і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2003. — 604 с. ISBN 985-458-054-7. (DJVU)
  3. Жучкевич В. А. Краткий топонимический словарь Белоруссии. — Мн.: Изд-во БГУ, 1974., с. 339
  4. Сейлавіцкі бой 1943 // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 6. Кн. 1: Пузыны — Усая / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. Мн. : БелЭн, 2001. 10 000 экз. — ISBN 985-11-0214-8.
  5. В. М. Князева. Памяць. Нясвіжскі раён. Мінск, Белта, 2002
  6. БелЭн 2002.
  7. У аграгарадку Сейлавічы адкрылі памятны знак загінуўшым у гады Вялікай Айчыннай вайны воінам-землякам Архівавана 11 кастрычніка 2019. Нясвіжскі раённы выканаўчы камітэт, 10 ліпеня 2019 г. (бел.)

Літаратура

This article is issued from Wikipedia. The text is licensed under Creative Commons - Attribution - Sharealike. Additional terms may apply for the media files.