Праваслаўны храм | |
Свята-Успенская царква | |
---|---|
Царква Успення Прасвятой Багародзіцы | |
54°29′54″ пн. ш. 27°08′46″ у. д. | |
Краіна | Беларусь |
Вёска | Рабунь |
Канфесія | Беларуская Праваслаўная Царква |
Епархія | Маладзечанская |
Архітэктурны стыль | рэтраспектыўна-рускі стыль |
Першае згадванне | 1646 |
Дата пабудовы | 1862 год |
Асноўныя даты | |
1863 — асвячэнне |
|
Рэліквіі і святыні | абраз «Маці Божая Рабунская» |
Стан | дзейная |
|
|
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Свята-Успенская царква — праваслаўны храм у в. Рабунь Вілейскага раёна Мінскай вобласці. Месціцца на паўднёвай ускраіне вёскі, пры храме маецца асобная званіца.
Афіцыйны адрас: вул.Юбілейная, 3, в.Рабунь, Вілейскі раён, Мінская вобласць.
Гісторыя
Пабудавана ў 1862 г., на сродкі казны, на месцы былой уніяцкай драўлянай царквы. Асвячоная ў 1863 годзе ў гонар Успення Прасвятой Багародзіцы. Будоўля вялася з бутавага каменю і цэглы, у стыле разынкавай муроўкі. Першапачаткова дах царквы быў драўляны, пакрыты гонтай, з чатырох бакоў былі разныя люкарні. На пачатку ХХ стагоддзя паўстала патрэба павелічэння будынка: колькасць вернікаў павялічвалася, і маленькая царква не магла змясціць усіх ахвотных. Падчас Першай сусветнай вайны на цвінтары Рабунскай царквы былі пахаваны ў брацкай магіле салдаты, што загінулі ў баях каля вёскі. За савецкім часам, у 1960 годзе царкву зачынілі, частку начыння выкінулі, а астатнюю вывезлі ў суседні храм у вёску Касуту. Пасля закрыцця Рабунскі храм спачатку быў пераабсталяваны ў школьную спартзалу, а пасля – у склад. Каля самой царквы была ўладкована валейбольная пляцоўка, а бутавая агароджа і званіца былі разабраныя. У 1990-м годзе царква была вернута вернікам і адноўлена. Усе царкоўныя рэчы былі вернуты з Касуты ў Рабунь, у тым ліку і старажытны абраз Божай Маці канца ХVIІ стагоддзя[1].
Архітэктура
Помнік архітэктуры рэтраспектыўна-рускага стылю. Складаецца з прытвора, малітоўнай залы, пяціграннай апсіды. Чатырохсхільны дах асноўнага аб'ёму завершаны цыбулепадобнай галоўкай. На фоне бутавай муроўкі вылучаны атынкаваныя вуглавыя лапаткі, аркатурны фрыз, ліштвы арачных аконных і трапецападобнага ўваходнага праёмаў. Унутры ў малітоўную залу шырокімі арачнымі прасветамі адкрываюцца прытвор і апсіда.
Зноскі
- ↑ Рабунскаму храму 155 год Архівавана 4 лістапада 2017. // Шлях перамогі
Літаратура
- Праваслаўныя храмы Беларусі: энцыклапедычны даведнік / А. М. Кулагін; [рэдакцыйны савет: Г. П. Пашкоў, Л. В. Календа]. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2007. — 653 с. 2000 экз. ISBN 978-985-11-0389-4
Спасылкі
- Свята-Успенская царква (Рабунь) на сайце Праваслаўная архітэктура Беларусі (бел.)
- Свята-Успенская царква (Рабунь) на сайце Radzima.org
- Свята-Успенская царква (Рабунь) на сайце Глобус Беларусі (руск.)
- Свята-Успенская царква (Рабунь)(недаступная спасылка) на сайце Маладзечанскай епархіі