Праваслаўны храм | |
Свята-Петра-Паўлаўская капліца | |
---|---|
![]() | |
53°32′25″ пн. ш. 30°54′30″ у. д. | |
Краіна |
![]() |
Аграгарадок | Лясная |
Канфесія | Праваслаўе |
Епархія | Магілёўская і Мсціслаўская |
Благачынне | Чавускае |
Архітэктурны стыль | неарускі |
Будаўнік | І. А. Лідзверс |
Архітэктар | А. І. фон Гаген, І. А. Бакіцька |
Будаўніцтва | 1908—1912 гады |
Статус |
![]() |
Стан | дзейнічае |
![]() |
|
![]() |
Свята-Петра-Паўлаўская мемарыяльная капліца — праваслаўны храм у аграгарадку Лясная Слаўгарадскага раёна Магілёўскай вобласці. Пастаўлена ў гонар 200-годдзя перамогі рускіх войскаў над шведскім корпусам А. Левенгаўпта ў бітве пад Лясной. Адзін з найбольш удалых помнікаў псеўдарускай архітэктуры ў Беларусі[1].
Гісторыя
![](../I/%D0%A6%D0%B5%D1%80%D0%BA%D0%BE%D0%B2%D1%8C_%D0%BF%D1%80%D0%B8_%D0%9B%D0%B5%D1%81%D0%BD%D0%BE%D0%B9.jpg.webp)
Першы драўляны мемарыяльны храм у гонар гэтай падзеі быў збудаваны тут паводле загада імператара ў 1708 годзе і з’яўляўся помнікам архітэктуры барока; быў вырашаны прамавугольным зрубам з прырубам 5-граннай апсіды з рызніцай і прытвора-ганка з 3 арачнымі ўваходамі. Зруб завяршаўся ўсечаным шатром, над якім чацверыковы барабан быў накрыты пластычным купалам з ліхтаром. Арыгінальнае шатровае завяршэнне набыла і апсіда. Гарызантальна ашаляваныя фасады чляніліся прамавугольнымі аконнымі праёмамі і брусамі-сцяжкамі ў прасценках. Унутры шацёр і барабан былі размаляваны.
У 1748 годзе ўладальнік Лясной пан Валкавіцкі перавёз царкву ў свой маёнтак Галавенчыцы і там зрабіў з яе фамільную пахавальню.
Ідэя ўзвесці новы помнік узнікла ў 1889 годзе ў сувязі з набліжэннім 200-й гадавіны гістарычнай бітвы. У 1904 годзе члену інжынернага камітэта Галоўнага інжынернага ўпраўлення прафесару архітэктуры А. І. фон Гагену было даручана скласці праект помніка-храма. Гэты праект быў ухвалены ў жніўні 1908 года.
Будаўніцтвам, якое праводзіла Бабруйская ваенна-інжынерная дыстанцыя, кіраваў ваенны інжынер І. А. Лідзверс. Інжынер І. А. Бакіцька ўдасканаліў першапачатковы праект (мураванае скляпенне заменена больш сучасным бетонным, чарапічнае пакрыццё шатра — жалезным ацынкаваным лускатым). За будаўніцтва храма адзначаны ўрадавымі ўзнагародамі майстры І. Гоп і А. Іваноў.
Асвечана ў верасні 1912 года. Пашкоджана ў Вялікую Айчынную вайну, адноўлена ў 1956—57 гадах. У 1958 годзе ў капліцы адкрыўся музей гісторыі бітвы пры Лясной. У 1990-я гады капліца перададзена вернікам.
Архітэктура
![](../I/Lasnaja%252C_Kaplica._%D0%9B%D1%8F%D1%81%D0%BD%D0%B0%D1%8F%252C_%D0%9A%D0%B0%D0%BF%D0%BB%D1%96%D1%86%D0%B0_(1941).jpg.webp)
Помнік архітэктуры неарускага стылю, стылізацыі крамлёўскіх вежаў Масквы. Мураваны будынак цэнтрычнай 4-граннай пірамідальнай 2-яруснай аб’ёмна-прасторавай кампазіцыі, завершанай 8-гранным лускаватым шатром з цыбулепадобнай галоўкай.
Пастаўлена на магутны стылабат, выкладзены з гранітных квадратаў, ярусы абліцаваны светла-жоўтай цэглай, аздабленні (уваходныя парталы, перамычкі аконных праёмаў, паясы і карнізы) з белага радамскага пясчаніку. Ярусы апяразаны паясамі і машыкулямі. Тры ўваходы вырашаны магутнымі перспектыўнымі арачнымі парталамі. На арачным імпэсце галоўнага ўвахода надпіс: «В лето от рождества Христова тысяча семьсот восьмого. Великий император Петр». Вышэй над уваходам — званіца пад кілепадобным шчыпцом і лучковым праёмам.
Галоўны фасад упрыгожаны мазаікай «Маці Божая з дзіцем». Усходні алтарны фасад прарэзаны 2 вузкімі арачнымі аконнымі праёмамі, якія ахоплены магутным арачным парталам, дэкарыраваны паміж імі мазаічным пано «Апостал Пётр». Мазаікі выкананы ў майстэрні Уладзіміра Фралова ў Пецярбургу. Другі ярус завершаны зубцамі ў выглядзе «ластаўчына хваста». Лучковыя аконныя праёмы 2-га яруса ў ліштвах. Па скругленых вуглах 1-га яруса і над галоўным уваходам — вузкія аконныя праёмы-байніцы.
Унутраная прастора перакрыта крыжовым скляпеннем з распалубкамі; сцены абліцаваны керамічнай пліткай, падлога выкладзена тэракотавай пліткай, у алтары і на салеі паркетная падлога. За балюстраднай агароджай стаяў 3-ярусны, афарбаваны белай эмаллю сасновы іканастас на 20 абразоў. На сценах віселі 2 мармуровыя дошкі: адна са спісам вайсковых часцей, якія бралі ўдзел у бітве, другая — з копіяй рэляцыі аб гэтай бітве. Насценная размалёўка не захавалася.
У інтэр’еры капліцы вылучаюцца іканастас — Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 513Ж001066, два ківоты —
Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 513Ж001067, мазаічны абраз «Казанская ікона Божай Маці» —
Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 513Ж001068, мазаічны абраз «Апостал Пётр» —
Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 513Ж001069.
Праект рэстаўрацыі мемарыяльнай капліцы выканаў беларускі архітэктар Валерый Слюнчанка[2].
Капліца ўдала ўпісваецца ў ландшафт мясцовасці, яго архітэктурна-мастацкая ідэя падпарадкавана гераічнай тэме[3].
Манумент
![](../I/%D0%92%D0%B0%D0%B9%D1%81%D0%BA%D0%BE%D0%B2%D1%8B_%D0%BF%D0%BE%D0%BC%D0%BD%D1%96%D0%BA%252C_%D1%83%D1%81%D1%82%D0%B0%D0%BB%D1%8F%D0%B2%D0%B0%D0%BD%D1%8B_%D0%B4%D0%B0_200-%D0%B3%D0%BE%D0%B4%D0%B4%D0%B7%D1%8F_%D0%BF%D0%B5%D1%80%D0%B0%D0%BC%D0%BE%D0%B3%D1%96_%D1%80%D1%83%D1%81%D0%BA%D1%96%D1%85_%D0%BD%D0%B0%D0%B4_%D1%88%D0%B2%D0%B5%D0%B4%D0%B0%D0%BC%D1%96_%D0%BF%D0%B0%D0%B4_%D0%B2%D1%91%D1%81%D0%BA%D0%B0%D0%B9_%D0%9B%D1%8F%D1%81%D0%BD%D0%BE%D0%B9.jpg.webp)
Побач з капліцай на сродкі палкоў-ветэранаў пастаўлены скульптурны помнік, адкрыты 28 верасня 1908 года. Быў створаны вядомым рускім скульптарам-анамалістам А. Л. Оберам.
Вырашаны ў выглядзе гранітнай скалы, на вяршыні якой бронзавы шыракакрылы арол, які рве кіпцюрамі павержаны шведскі сцяг з паламаным дрэўкам. На пастаменце — дошка з рэльефным надпісам: «У памяць бітвы пры Лясной. Маці Палтаўскай перамогі — 1708 г. 28 верасня 1908 г.». На процілеглым баку бронзавая дошка са спісам палкоў — удзельнікаў бітвы.
Помнік — Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 511Д000532
Зноскі
- ↑ В. А. Чантурия. История архитектуры Белоруссии. — Мн.: Выш. школа, 1977. — 319 с. — С. 273 : ил.
- ↑ Pawet.net № 33 (1236). Да 70-годдзя Валерыя Слюнчанкі
- ↑ Архітэктура Беларусі: Энцыклапедычны даведнік. — Мн.: БелЭн, 1993. — 620 с. — ISBN 5-85700-078-5. — С. 272
Літаратура
- Архітэктура Беларусі: Энцыклапедычны даведнік. — Мн.: БелЭн, 1993. — 620 с. — ISBN 5-85700-078-5.
- Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі / АН БССР. Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору; Рэд. кал.: С. В. Марцэлеў (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ, 1986. — Магілёўская вобласць. — 408 с., іл. — С. 332
- Праваслаўныя храмы Беларусі: энцыклапедычны даведнік / А. М. Кулагін; [рэдакцыйны савет: Г. П. Пашкоў, Л. В. Календа]. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2007. — 653 с. 2000 экз. ISBN 978-985-11-0389-4.
Спасылкі
- Свята-Петра-Паўлаўская капліца (Лясная) на сайце Праваслаўная архітэктура Беларусі (бел.)
- Свята-Петра-Паўлаўская капліца (Лясная) на сайце Radzima.org
- Свята-Петра-Паўлаўская капліца (Лясная) на сайце Глобус Беларусі (руск.)
- Свята-Петра-Паўлаўская капліца (Лясная) на сайце «Архіварта»