Праваслаўны храм | |
Свята-Пакроўская царква | |
---|---|
54°24′24,44″ пн. ш. 29°42′01,23″ у. д. | |
Краіна | Беларусь |
Горад | |
Канфесія | Беларуская праваслаўная царква |
Епархія | Віцебская і Аршанская епархія |
Архітэктурны стыль | архітэктура барока[d] і віленскае барока |
Дата заснавання | 1769 |
Дата пабудовы | 1604 год |
Статус | Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 212Г000754 |
Стан | дзейнічае |
|
|
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Свята-Пакроўская царква — праваслаўны храм, размешчаны на вуліцы Леніна ў Талачыне. Пабудавана у 1604 годзе як касцёл. Помнік дойлідства позняга барока[1].
Гісторыя
Будынак касцёла быў пабудаваны ў 1604 годзе з цэглы, на сродкі Льва Сапегі. У 1769 годзе на падмурках касцёлу магнатамі Сангушкамі быў узведзены новы храм. У 1779 годзе дабудавана базыльянская школа і манастырскі корпус базыльян. У 1796 годзе касцёл перабудавалі пад уніяцкую царкву. З 1804 года — праваслаўная Пакроўская царква. У 1993 годзе царква была адрэстаўрыравана на сродкі прадпрыемстваў і калгасаў раёна[1].
Архітэктура
Царква — помнік архітэктуры віленскага барока. Трохнефная дзвюхвежавая базіліка з 2 сакрысціямі абапал прамавугольнай апсіды. Галоўны ўсходні фасад расчлянёны на 3 праслы, якія адпавядаюць падзелу храма на 3 нефы. Над вытанчана прафіляваным хвалістым карнізным поясам фасада ўзвышаюцца 2 бакавыя трох'ярусныя чацверыковыя вежы з цыбулепадобнымі купаламі і фігурны шчыт паміж імі таксама з галоўкай у завяршэнні. Аналагічным шчытом завершана атыкавая сцяна апсіды. Плоскасна бакавыя фасады рытмічна расчлянёны высокімі лучковымі аконнымі праёмамі і пілястрамі ў прасценках. Барочную пластычнасць архітэктуры храма надаюць ступеньчатыя пілястры, раскрапаваныя слаістыя карнізы, фігурныя сандрыкі, гарызантальная рустоўка.
Інтэр'ер і іканастас
Унутраная прастора 4 магутнымі крапаванымі пілонамі і перакінутымі праз іх аркамі расчлянёна на 3 нефы, перакрытыя крыжовымі скляпеннямі на папружных арках. Апсіда, перакрытая цыліндрычным скляпеннем, вылучана мураваным алтаром 18 ст. (застаўлены драўляным іканастасам 19 ст.). У паўночна-ўсходняй частцы залы размяшчаюцца хоры. Папружныя аркі, антаблементы, адхілы аконных праёмаў аздоблены паліхромнай арнаментальным роспісам.
У царкве захоўваюцца абразы: «Маці Божая Адзігітрыя» (сярэдзіна 17 ст.), «Святы Пётр і Павел» (18 ст.), «Мікола Цудатворац» (канец 18 ст.).
Пакроўскі манастыр
Пакроўскі манастыр — праваслаўны манастыр у горадзе Талачын, знаходзіцца ў юрысдыкцыі Беларускага экзархата Рускай праваслаўнай царквы.
Манастыр заснаваны пры Свята-Пакроўскім храме, пабудаваным у 1604 годзе Канцлерам Вялікага Княства Літоўскага Львом Сапегам.
У 1804 годзе манастыр ліквідаваны. У 60-70 гады XIX стагоддзя ў наваколлях Талачына было некалькі царкоўна-прыходскіх школаў, а Пакроўскі храм быў прыпісаны да Свята-Успенскага манастыра горада Оршы.
У гады савецкай улады прыходу належаў толькі будынак храма. Будынак манастыра быў аддадзены ваенкамату, а будынак школы — пазаведамаснай ахове.
28 лістапада 1996 года рашэннем Талачынскага райвыканкама прыходу быў перададзены будынак былога жылога корпуса манастыра. У гэтым будынку частка памяшканняў была адведзена пад жыллё святароў, а частка — пад нядзельную школу. З перадачай будынка за прыходам замацаваная і тэрыторыя, прылеглая да будынка.
10 кастрычніка 2004 года рашэннем Святога Сінода Беларускай праваслаўнай царквы манастыр адроджаны.
Архітэктура
Манастырскі корпус — прамавугольная ў плане 2-павярховая пабудова ў стылі барока. Плоскасныя фасады рытмічна расчлянёны прамавугольнымі аконнымі праёмамі ў фігурных ліштвах і пілястрамі ў прасценках. Тарцовы фасад завершаны фігурнымі франтонамі. У ім размяшчаліся перакрытыя скляпенні келлі манахаў, трапезная і «цёплая» царква, аб'яднаная галерэйнай планіроўкай.
Зноскі
- 1 2 Пакроўская царква . Цэнтр духоўнай асветы і сацыяльнага служэння Беларускага экзархата. Праверана 3 сакавіка 2019.
Літаратура
- Свята-Пакроўская царква // Кулагін, А. М. Каталіцкія храмы на Беларусі : энцыклапедычны даведнік / А. М. Кулагін. — Мн., 2000. — С.193.
- Кулагін А. М. З архітэктурнага мінулага / А. М. Кулагін // Памяць : гісторыка-дакументальная хроніка Талачынскага раёна / рэдкал. І. П. Шамякін [і інш.]. — Мн., 1988. — С.43-45.
- Габрусь Т. В. Мураваныя харалы: Сакральная архітэктура беларускага барока / Т. В. Габрусь. — Мн.: Ураджай, 2001.— 287 с.: іл. ISBN 985-04-0499-X.
- Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі / АН БССР. Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору; Рэд. кал.: С. В. Марцэлеў (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ, [1984—1988].
- Архітэктура Беларусі: Энцыклапедычны даведнік. — Мн.: БелЭн, 1993. — 620 с. — ISBN 5-85700-078-5.
- Праваслаўныя храмы Беларусі : энцыклапедычны даведнік / А. М. Кулагін; [рэдакцыйны савет: Г. П. Пашкоў, Л. В. Календа]. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2007. — 653 с. 2000 экз. ISBN 978-985-11-0389-4
- Флікоп-Світа Г. А. Іканастас і бакавыя прысценныя алтары канца XVIIІ ст. у царкве Пакрова Божай Маці былога базыльянскага кляштара ў Талачыне: да пытання выяўлення, вывучэння і захавання ўніяцкіх помнікаў / Г. А. Флікоп-Світа // Пытанні мастацтвазнаўства, этналогіі і фалькларыстыкі. Вып. 22 / Цэнтр даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі; навук. рэд. А. І. Лакотка. — Мінск : Права і эканоміка, 2017. — С. 348—353.
Спасылкі
- Свята-Пакроўская царква (Талачын) на сайце Праваслаўная архітэктура Беларусі (бел.)
- Свята-Пакроўская царква (Талачын) на сайце Глобус Беларусі (руск.)
- Свята-Пакроўская царква (Талачын) на сайце Radzima.org
- Свята-Пакроўская царква (Талачын) на сайце «Архіварта»