Праваслаўны храм | |
Свята-Крыжаўзвіжанская царква | |
---|---|
![]() Свята-Крыжаўзвіжанская царква | |
53°19′28,59″ пн. ш. 26°00′08,33″ у. д. | |
Краіна |
![]() |
Гарадскі пасёлак | Гарадзішча |
Канфесія | Руская праваслаўная царква |
Епархія | Пінская і Лунінецкая |
Архітэктурны стыль | Народнае дойлідства Беларусі |
Дата пабудовы | 1764 год |
Статус |
![]() |
![]() |
|
![]() |
Свята-Крыжаўзвіжанская царква — праваслаўны храм у гарадскім пасёлку Гарадзішча Баранавіцкага раёна, помнік народнага драўлянага дойлідства.
Гісторыя
У свой час Хадкевічы на заходняй ускраіне мястэчка пабудавалі храм у імя святога велікамучаніка і пераможцы Георгія (анёла аднаго з уладальнікаў мястэчка), а на ўсход ад замка на самым узвышаным пагорку — царкву ў імя Святой Тройцы. У XVII стагоддзі Хадкевічы пераходзяць у каталіцтва, праваслаўныя храмы спусташаюцца. Наступны ўладальнік Траян-Пакроўскі паблізу зруйнаванай Троіцкай царквы ўзвёў кальвінскі збор, перароблены ў наступным у касцёл старадубскім маршалкам Гаўрылам Керла.
У 1764 г., па фундацыі віленскага старосты графа Паца была пабудавана драўляная ўніяцкая Свята-Крыжаўзвіжанская царква, якая пасля пераводу ўніятаў у праваслаўе была рэканструявана (1879 г.) у рэтраспектыўна-рускім стылі.
Архітэктура

Царкоўны пагост акаймаваны агароджай і пасадкамі бярозы і клёна.
Трохзрубны храм падоўжна-восевай кампазіцыі складаецца з прамавугольнага ў плане прытвора, кубападобнага аб’ёму малітоўнай залы і пяціграннай апсіды. Асноўны аб’ём накрыты чатырохсхільным двух’ярусным шатровым дахам з заломам, завершаны цыбулепадобным купалам на васьмігранным барабане і дэкарыраваны па схілах слыхавымі кілепадобнымі вокнамі.
Архітэктура насычана розным дэкорам, які ўключае плоскую балюстраду ў цокальнай частцы, карнізы з сухарыкамі і разнымі падзорамі ў завяршэнні гарызантальна ашаляваных сцен, арнаментальныя філёнгавыя лапаткі і аркатурны пояс прытвора. Выкарыстанне і творчае асваенне дэкору з арсенала прафесійнай мураванай архітэктуры ў народным драўляным дойлідстве — характэрная асаблівасць і нацыянальная рыса беларускай будаўнічай культуры. Унутраная прастора малітоўнай залы і апсіды перакрыта шатровым скляпеннем на ветразях. У прытворы на двух слупах размешчаны хоры, да якіх вядзе бакавая двухмаршавая лесвіца. Апсіда вылучана ад малітоўнай залы драўляным іканастасам, створаным у 1870-я гады замест знятага ў 1815 г. Побач з царквой знаходзіцца пабудаваная ў 1840-я гады драўляная званіца — чатырохслуповае цэнтрычнае народна-этнаграфічнае збудаванне, накрытае пакатым шатровым дахам.
Літаратура
- Памяць: Гіст.-дакум. хроніка горада Баранавічы і Баранавіцкага раёна // Г. К. Кісялёў (галоўны рэдактар), Р. Б. Венцэль, М. К. Дзёмін і інш. (рэдкал.), М. І. Бернат (укладальнік). — Мн.: БЕЛТА, 2000. — 736 с.: іл. — ISBN 985-6302-28-5.
- Праваслаўныя храмы Беларусі : энцыклапедычны даведнік / А. М. Кулагін; маст.: З. Э. Герасімовіч, У. П. Свентахоўскі. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2007. — 653 с. — 2 000 экз. — ISBN 978-985-11-0389-4.
Спасылкі
- Свята-Крыжаўзвіжанская царква (Гарадзішча) на сайце Radzima.org
- Свята-Крыжаўзвіжанская царква (Гарадзішча) на сайце Глобус Беларусі (руск.)
- Свята-Крыжаўзвіжанская царква (Гарадзішча) на сайце «Архіварта»